Непаслухмяная каза (аповед з казкай) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Непаслухмяная  каза (аповед з казкай)
Непаслухмяная каза (аповед з казкай)
У сваім далёкім дзяцінстве я жыла на скрыжаванні вузенькіх вулачак Розы Люксембург і Клары Цеткін горада Мінска. У той час мой родны горад яшчэ цалкам не аднавіўся пасля кровапралітнай Вялікай Айчыннай вайны. У гэтай частцы Мінска стаялі даваенныя драўляныя хаты, было даволі ціха, а ўлетку сонечна і вельмі зялёна. У той час дзецям рэдка перападала радасць паласавацца смачнымі цукеркамі, а вось чорныя семачкі сланечніку мы ўсе вельмі любілі. Гэты карысны ласунак прадавалі бабулькі мінчанам прама на вуліцах. Вось і мы, басаногія дзяўчынкі, збягалі са свайго двара на іншы бок вуліцы да хаты, акружанай плотам, дзе жыў прыгожы малады бацечка з сям'ёй. Ён у той час служыў у царкве на Ваенных могілках, і ў невялікім пакойчыку сваёй хаты даў прытулак самотнай бабульцы.      Да вайны яна жыла ў вялікай вёсцы, дзе ў яе была свая хата, а вакол – шмат добрых працавітых суседзяў. Гэтую вёску, як і мноства іншых такіх жа бедных беларускіх вёсак, падчас вайны спалілі фашысты, забралі ўсю скаціну, забілі мірных жыхароў, не пашкадаваўшы нават дзяцей. Як бабульцы ўдалося вырвацца з гэтага сапраўднага пекла, нам малышам было невядома. Але, як распавядалі людзі, у бабулькі згарэла хата і ўсё нажытае дабро. Тыя, хто, на шчасце, выжылі пасля гэтай жудаснай вайны, адбудоўвалі зноў свае хаты ў вёсках, тым самым адраджаючы іх з попелу, а бабулька не змагла. Мабыць, на гэта ў яе не хапіла сіл. Яна пайшла ў вялікі горад шукаць шчасце. У царкве пазнаёмілася з бацечкам, ён і даў прытулак ёй у сваёй хаце.
     Бабуля была вельмі набожнай, але каб трохі падзарабіць, прадавала, выйшаўшы за брамку хаты, чорныя смажаныя семачкі. Адзін кулёчак са старой газеты каштаваў пяць капеек. Мы з задавальненнем лузгалі смачны ласунак і балбаталі з бабусяй. Яна ведала шмат смешных гісторый, адна з іх мне запомнілася.
     – У аднаго працавітага гаспадара, майго тагачаснага суседа, – распавядала бабулька, – была маладая козачка. Ён прывязваў яе на лузе за хатай, дзе яна пасвілася, а на ноч адводзіў у двор. Каза, хоць і наеўшыся, усё яшчэ жадала чым-небудзь пажывіцца і імкнулася адчыніць брамку, каб выскачыць на луг. Але яе рожкі захрасалі ў плоце, і яна часта не магла іх адтуль выняць. Гаспадар лаяў казу і дапамагаў ёй выняць рожкі з тыну. Але ці то каза не разумела, што робіць, ці то з упартасці, яна працягвала выпрабоўваць цярпенне гаспадара і захрасаць у агароджы. Нарэшце, той не вытрымаў і вырашыў правучыць казу. Гаспадар не стаў выцягваць яе рогі і пакінуў начаваць няшчасную ў такім становішчы.
     А ўначы здарылася наступная гісторыя. Ішоў міма хаты бадзяга, убачыў за плотам яблыневы сад, і захацелася яму нарваць саспелых румяных яблычкаў. Падкраўся ён да саду, думаў перамахнуць праз агароджу, а тут – рогі тырчаць, ды яшчэ хтосьці енчыць. "Ды гэта ж сам чорт лазіў у сад за яблыкамі! – вырашыў бадзяга. – Яго рогі тырчаць, папаўся нячысты!" Спалохаўся бадзяга, ды як закрычыць на ўсю акругу і бягом ад гэтага двара.
     Кажуць, ён доўга распавядаў знаёмым і незнаёмым людзям пра чорта, які засеў ў чужым плоце, і ўсім раіў нічога не красці, бо гэта нячыстая справа, і Бог карае за такія ўчынкі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
26.03.23