Гусяня і яго сябар Лебедзяня - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Гусяня і яго сябар Лебедзяня
Гусяня і яго сябар Лебедзяня
     
Пайшла бабуля на кірмаш і купіла пяць куранят. Чатыры кураняты жоўценькія, як сонейка, а пяты – шэры. Аднак непадобнасць пятага кураняці на астатніх бабулька не адразу заўважыла. А калі зразумела, што пяты – зусім не кураня, а Гусяня, дык позна было вяртаць яго назад.      Так і раслі яе выхаванцы ўсе разам у куратніку. Нарэшце яны падраслі настолькі, што сталі разумець, хто ёсць хто.
     – Ты – не кураня, – казалі кураняты Гусяняці. – У цябе вунь якая вялікая дзюба, ды і лапкі ў цябе не такія, як у нас.
     Гусяня не спрачалася з куранятамі, але яму было нязручна, што яно не такое, як усе. Гуляць кураняты з ім не жадаюць, глядзяць на яго з асцярогай.
     А неўзабаве Гусяня абагнала куранят у росце, крылцы ў яго выраслі вялікія бліскучыя, лапкі чырвоныя перапончатыя, шыйка доўгая.
     Бабуля выпускала сваіх выхаванцаў з куратніка ў двор, сама садзілася на лаўку і казала:
     – Ох, і замарылася я, мае дарагія. Пасяджу тут з вамі, трохі адпачну.
     Пашкадавала Гусяня бабулю і вырашыла дапамагаць ёй у хаце па гаспадарцы. З таго дня куды бабуля ідзе, туды і яно за ёй падскокам нясецца. Навучылася Гусяня ўсякай працы: падлогу падмесці, смецце вынесці, куранят пакарміць, кацяняці малачка ў місачку наліць, сабачцы ў будку супавую костачку аднесці.
     Бабуля яго за гэта хваліла і брала з сабой у лес, калі па ягады і грыбы хадзіла. А Гусяня ішло за бабулькай, імкнучыся не адставаць, але само ўсё па баках паглядала, прыгажосцю лугоў і палёў захаплялася. У лесе яшчэ прыгажэй: дубы-асілкі, белыя бярозкі, чырвоныя рабіны, ясені і асіны усміхаліся, галінкамі махалі, яму з бабуляй у пояс кланяліся.
     – Слаўная наша старонка, добрая і прыветлівая, – захаплялася Гусяня.
     Бабуля слухала і пагаджалася:
     – Лепш роднага краю няма нічога на белым свеце, – казала яна.
     Аднойчы павяла бабуля Гусяня на рэчку, каб яно папаплавала, ды панырала. Бо гусі – не куры, плаваць любяць і ўмеюць. Падышлі яны да рэчкі, а там сям'я лебедзяў плавае. Тата і мама – дарослыя лебедзі і іх сынок – Лебедзяня.
     – Вось і табе, маё дарагое Гусяня, сябар знайшоўся, – усміхнулася бабуля, паказаўшы на Лебедзяня.
     А Лебедзяня і сапраўды падобнае на Гусяня, такое ж шэранькае, гладзенькае з доўгай шыйкай, да берага падплыла і кажа:
     – Давай, Гусяня, з табой сябраваць. Сумна мне тут аднаму з мамай і татам. Няма ў мяне сяброў.
     – Давай сябраваць, – узрадавалася Гусяня, а само на бабулю пазірае, чакае, што яна скажа, ці пагодзіцца адпускаць яго аднаго сюды, да ракі.
     – Вядома, сябруйце, – пагадзілася бабуля. – Сяброўства, яно ўсім патрэбна, без сяброў жыць на свеце цяжка і не цікава.
     Вось так усё лета да восені Гусяня бегала на рэчку да Лебедзяняці, каб пагуляць, пакуляцца ў вадзе і пабалбатаць з ім пра ўсё на свеце. Але і бабулі Гусяня не забывала дапамагаць. Кожны дзень яно выконвала ўсё, пра што яна яго прасіла, толькі рабіла гэта хутчэй і лепш, так, каб да вечара яшчэ паспець на рэчку схадзіць.
     І вось надышоў час, калі сям'я лебедзяў сабралася ляцець у далёкія паўднёвыя мясціны на зімоўку, бо ночы сталі халоднымі, зачасціў восеньскі дожджык, і лебедзі баяліся, што іх Лебедзяня можа застудзіцца і памерці.
     – Паляцелі з намі, мне будзе сумна без цябе, – хныхала Лебедзяня, угаворваючы Гусяня ляцець на поўдзень.
     – Як жа я палячу з табой, – тлумачыла Гусяня, – бо тады мая родная бабуля застанецца адна. Яна старэнькая, і ёй трэба дапамагаць. Заставайся ты з намі, паглядзі, як тут хораша ля ракі, на лузе і ў лесе.
     – Не, я палячу разам з бацькамі, яны мае родныя, як у цябе – бабуля. Але я не забудуся на цябе, ты мой сябар. Чакай мяне, не забывай, увесну я вярнуся сюды і сустрэнуся з табой.
     – Да спаткання, Лебедзяня, я буду чакаць цябе, – крычала Гусяня ўслед лебедзям, калі яны ўзняліся ў неба, і жадала ім шчаслівай дарогі.
     
      Гэтая казка на рускай мове
18.02.21