Беркут и пазаземная цацка - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Беркут и пазаземная цацка
Беркут и пазаземная цацка
Прырода нашай Зямлі вельмі разнастайная. Акрамя лясоў, палёў, лугоў, балот, азёр, рэк, мораў, акіянаў, на Зямлі ёсць горы самай рознай вышыні – ад вельмі высокіх горных хрыбтоў да маленькіх узгорачкаў. Вяршыні найвысокіх гор заўсёды схаваны пад снегам і лёдам. Там ніхто не жыве, але туды любяць падымацца альпіністы. Гэтыя адважныя і моцныя людзі навучыліся пакараць самыя высокія горныя вяршыні ў свеце. Як прыемна палюбавацца на нашу Зямлю з такой вышыні!      Хто ж з жывёл навучыўся жыць у гарах? Мабыць той, хто ўмее здабываць сабе ежу ў такіх цяжкіх умовах. Некаторыя жывёлы могуць караскацца па горных схілах, для гэтага ў іх прыстасаваны ногі і тулава. У горнага казла, барана, снежнай казы, сарны, яка, антылопы чэпкія капыты, у снежнага барса – лапы, у гадзюкі, яшчаркі – само цела. Горы насяляюць некаторыя віды птушак, напрыклад: беражанкі, горныя індычкі, цецерукі, грыфы і арлы. З усіх арлоў самым буйным лічыцца беркут. У яго велізарныя моцныя крылы, зоркія вочы, вострыя дзюба і кіпцюры. Беркуты палахлівыя, яны баяцца людзей, але ў іх хапае адвагі жыць на велізарнай вышыні. Яны будуюць свае гнёзды ва ўступах найвысокіх скал і жывуць там шмат гадоў запар. Гэтыя птушкі дажываюць да трыццаці і больш гадоў, яны ствараюць пары на доўгія гады, кожны год нараджаюць і выкормліваюць аднаго птушаняці.
     Я распавяду вам, сябры, казку пра маладое беркуцяня, якое нарадзілася ў вялікім гняздзе на высокай скале побач з горнай цяснінай. Яго бацькі, можна сказаць, дзядкі. Яны выгадавалі за доўгія пятнаццаць гадоў пятнаццаць птушанят, а гэтае, шаснаццатае, вылупілася з яйка зусім нядаўна. Малыш пухнаты беленькі з чорнымі вочкамі і вострай дзюбкай, вельмі сімпатычны.
     Бацькі не маглі налюбавацца на яго.
     – Як мы яго назавём? – запыталася мама-беркуціха ў таты-беркута. – Я б назвала яго Бусяй.
     – Што ты! Якая яшчэ Буся, – незадаволена махнуў крылом тата. – У нас хлопчык. Яму трэба даць адважнае імя. Давай назавём яго Ікарам.
     – Ікарам? Тым, які па легендзе сарваўся са скалы і загінуў? Не, лепш назавём яго Алмазам. Паглядзі, як зіхацяць яго цёмныя вочкі. Іх бляск – гэта бляск горнага Алмаза. Хай наш сынок расце здаровым, а яго характар будзе моцным, высакародным і цвёрдым, як Алмаз.
     – Добра, няхай будзе па-твойму, – пагадзіўся тата-беркут.
     Гэту гутарку мудрых цемнакрылых птушак слухалі скалы, аблокі і сонца. І ўсе яны пагадзіліся з мамай-арліцай і благаславілі маладое птушаня на доўгае шчаслівае жыццё.
     А само дзіця яшчэ нічога не разумела пра сваё жыццё. Птушаня толькі любавалася велічнымі горнымі вяршынямі, сінім бязмежным небам і яркім сонцам. Тата без стомы працаваў, прыносіў ў гняздо ежу, а мама карміла сваё дзіцятка, хаваючы яго ад гарачых сонечных прамянёў вялікімі цёмна-карычневымі крыламі. Гэты малыш мог лёгка перагрэцца і загінуць, пакуль яго цельца пакрываў тонкі белы пушок.
     Пад бесперапынным даглядам бацькоў Алмаз хутка рос. У яго нават адраслі маленькія пярынкі на крыльцах. Ён натхнёна глядзеў у неба і думаў пра тое, што хутка сам падымецца да горных вяршыняў, а можа і далей, за тыя белыя кучаравыя аблокі.
     Неяк уначы, калі мама з татам заснулі, Алмазу не спалася, ён працягваў марыць. Беркуцянё разглядала зорнае неба, і яму здавалася, што ўсе зорачкі – жывыя істоты, што яны глядзяць на яго і ўсміхаюцца. Раптам у цемры зорнага неба прарэзалася яркае святло, і Алмаз убачыў, як штосьці маленькае, але вельмі яркае панеслася ўніз у цясніну.
     – Тата, мама, туды штосьці звалілася з неба! – піснуў малыш і разбудзіў бацькоў.
     – Што звалілася, куды? – не зразумеў тата.
     – Яно паляцела ў цясніну і свяцілася, як маленькая зорачка, – сказаў Алмаз.
     – Гэта знічка, – зразумеў тата. – Дакладней, гэта метэарыт, ён нясецца да Зямлі на вялікай хуткасці, потым згарае і валіцца, пакідаючы такі яркі след. У гэты час года ўлетку часта бываюць метэарытныя дажджы – зорапад.
     "Гэта не метэарыт, ён не гарэў, а проста ярка свяціўся", – падумаў Алмаз, але нічога не сказаў тату. Малыш вырашыў, што хутка вырасце і тады паляціць у цясніну, каб самому разгадаць таямніцу маленечкай зорачкі.
     І вось надышоў час, калі Алмаз смог першы раз падняцца ў паветра. Да гэтага моманту ў яго адраслі вялікія залаціста-карычневыя крылы, як у мамы з татам, чорныя разумныя вочы з захапленнем глядзелі на белы свет, вострая дзюба зіхацела на сонцы, а на галаве з'явілася яркая залатая палоска.
     – Якая прыгожая залатая птушка вырасла ў нашай цясніне! – захапляліся горы, аблокі і ўвесь белы свет.
     – Зараз ты можаш палётаць, – сказаў тата-беркут, – але абавязкова вяртайся назад. Мы цябе чакаем.
     – Шчаслівага палёту! – крычалі бацькі, калі ён, Алмаз, ужо парыў над цяснінай, распрастаўшы свае вялікія мяккія крылы.
     – Ура! Я лячу! – крыкнуў малады беркут і стаў імкліва апускацца ўніз у цясніну.
     Даўняя мара – даведацца пра тую самую загадкавую зорачку – усё яшчэ вабіла яго ў той бок, куды тады яна паляцела.
     Апусціўшыся ніжэй, Алмаз убачыў, што ў сіні горнай ракі зіхаціць нейкі незразумелы прадмет. "Гэта тая зорка!" – зразумеў малады беркут. Ён спусціўся яшчэ ніжэй, але сам дастаць гэты прадмет з вады не змог, баючыся намачыць крылы.
     – Дарагі сябар! – крыкнуў ён маладому Качару, які плаваў ля берага. – Ты бачыш тую яркую кропачку на дне ракі. Дастань яе, калі ласка! Табе ж гэта зрабіць зусім не цяжка".
     – Калі я змагу, то дапамагу, – пагадзіўся добры Качар, хутка нырнуў у ваду і дастаў дзюбай нейкі яркі прадмет, падобны на святлівы каменьчык. А калі гэты прадмет апынуўся на беразе, то ўсе качкі, якія плавалі ў рацэ, прыляцелі паглядзець на гэты цуд. Каменьчык аказаўся неверагодна яркім, ён ззяў, як маленькае сонейка!
     – На яго нельга доўга глядзець, можна аслепнуць, – кракнулі качкі і разляцеліся.
     Але раптам пачуўся нечы свіст. Прыслухаўшыся, Алмаз зразумеў, што гэты голас штосьці крычыць яму на самае вуха.
     – Хто ты? – спытаў Алмаз.
     – Я – Горны Вецер, лятаю вельмі высока. Убачыўшы яркае святло на дне ракі, я здагадаўся, што гэта тая самая цацка нябеснай Зорачкі, якую яна калісьці, раззлаваўшыся, неспадзявана выкінула са сваёй зорнай хаты. А зразумеўшы, што нарабіла, Зорачка так гаравала, што нават страціла частку свайго свячэння. Пра гэта казалі ўсе нябесныя зоркі, я чуў іх расповеды. Некалькі месяцаў таму страчаная цацка Зорачкі звалілася на Зямлю. Касмічны Вецер папрасіў мяне яе адшукаць. Мне трэба перадаць цацку ў космас, каб Касмічны Вецер вярнуў яе Зорачцы.
     – Цацка? – здзівіўся Алмаз.
     Ён пакратаў каменьчык сваёй дзюбай і зразумеў, што ён і сапраўды зроблены з нейкай незямной пароды. Ужо вельмі яркае святло ішло ад яго, ды і па цвёрдасці ён быў даволі моцны, бо не разбіўся аб зямлю і не згарэў у зямной атмасферы, як згараюць іншыя метэарыты.
     – Калі ласка, Горны Вецер, забірай цацку і нясі ў космас, – пагадзіўся Алмаз. – Хай Зорачка гуляе з ёй, раз яна так любіць яе.
     Горны Вецер імгненна схапіў яркі каменьчык і панёс угару да неба. Усе качкі і беркуцянё Алмаз з цікавасцю назіралі за палётам Горнага Ветру. Неўзабаве яскравая цацка стала малюсенькай, а потым і зусім знікла.
     "Цікава, – падумаў Алмаз, – колькі трэба ляцець да той самай Зорачкі, каб перадаць ёй яе цацку?"
     Аднак, ён не зведаў гэта, ды і мы не дазнаемся…
     Трохі засмучаны, Алмаз вярнуўся дахаты ў роднае гняздо. Ён распавёў бацькам пра ўсё, што з ім здарылася, а сам падумаў: "Я знайду ў скалах такую ж цацку толькі з нашай зямной пароды, але каб яна свяцілася, як тая. У мяне ёсць час. Гэту цацку я пакладу ў сваё гняздо, пакуль не стану зусім дарослым і не знайду сабе жонку. А потым мой сынок будзе гуляць з цацкай. Шкада, што бацькі не здагадаліся прынесці мне ў гняздо якую-небудзь цацку, калі я быў зусім маленькім".
     
     А вы, дзеці, як лічыце, ці трэба маленькім птушанятам гуляць у гняздзе з цацкамі, як дзеці гуляюць з імі дома? І якую цацку вы б падарылі маленькаму беркуцяняці?
     
      Гэтая казка на рускай мове
16.12.20