Стары клавесін (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Стары клавесін (чытае Ліка Пташук)
Стары клавесін (чытае Ліка Пташук)
Яніна хадзіла ў музычную школу. Яна з задавальненнем вучылася іграць на фартэпіяна і ўжо нядрэнна выконвала складаныя творы. Дзяўчынка была задаволена сабой, дома яе хвалілі і ганарыліся, што ў іх сям'і расце будучая піяністка.      – Дзе ты будзеш іграць, калі вырасцеш, у аркестры? – дапытвалася малодшая сястрычка.
     – Не ведаю, – адказвала Яніна, – магчыма, я буду гастраліраваць з канцэртамі па свеце, – жартавала яна, сама не верачы ў сказаныя ёю словы.
     А сястрычка глядзела на яе знізу ўверх з вялікім гонарам і любоўю.
     Неяк у сне Яніна ўбачыла, што іграе на старадаўнім інструменце, клавесіне. Гэты сон ёй прысніўся пасля таго, як яна пабывала на канцэрце клавесіннай музыкі. Незвычайны канцэрт урэзаўся ў памяць і нават прыйшоў у яе сон. Чароўная музыка была такая прыгожая! Яна зачаравала дзяўчынку. Тады на канцэрце ёй неверагодна захацелася самой што-небудзь сыграць на старадаўнім клавесіне. Але гэта было немагчыма, бо пасля канцэрта дарагі інструмент адразу ж панеслі са сцэны, і ён застаўся ў дзяўчынкі толькі ва ўспамінах…
     У сне Яніна ўяўляла сябе ў прыгожай зале за дарагім клавесінам, упрыгожаным каштоўнасцямі і інкрустацыяй. У зале пазбіралася шмат слухачоў. Яны з захапленнем апладзіравалі ёй. На Яне была шыкоўная бальная сукенка ружовага колеру, дзяўчынка адчувала водар дарагіх духоў, на інструменце стаяў срэбны падсвечнік, і ў ім гарэлі тры свечкі. Клавесін зіхацеў і здаваўся жывым стварэннем. Яго клавішы былі цёплымі і чорнымі, як зямля ў бабуліным гародзе. Яніна далікатна дакраналася да іх і з хваляваннем услухоўвалася ў іх галасы. Гукі клавесіна зачаравалі яе, яны былі падобнымі на спеў птушак, звінелі і пераліваліся незвычайна прыгожымі адценнямі. Сярод гледачоў Яніна заўважыла сваю маму, сястру і хлопчыка з музычнай школы, які ёй вельмі падабаўся. Калі дзяўчынка перастала іграць, ён падышоў да яе і, усміхаючыся, паднёс велізарны букет пахкіх белых руж…
     Прачнуўшыся, Яніна адчула, як моцна б'ецца яе сэрцайка. Дзяўчынка ўспомніла сон, старадаўні інструмент і сваё адчуванне трапятання і захаплення пры дакрананні да яго клавіш. "Я хачу іграць на такім інструменце", – выразна зразумела яна. Але часу на роздум у яе зусім не было. Увесь будны дзень у Яніны быў распісаны па хвілінах: школа, затым – урокі музыкі і сальфеджыа ў музычнай школе, а дома – ізноў падрыхтоўка да заняткаў наступнага дня.
     Звычайнае жыццё школьніцы працягнулася. Але тое чароўнае адчуванне ад сну і канцэрта не праходзіла. З таго часу, убачыўшы на афішы філармоніі рэкламу канцэрта клавесіннай музыкі, Яніна спяшалася на канцэрт. Аднойчы ёй пашанцавала. Дзяўчынцы дазволілі бліжэй разгледзець клавесін, памацаць яго клавішы і нават штосьці сыграць. А разгаварыўшыся з музыкантамі, Яніна была нечувана ўзрадавана. Яе запрасілі на заняткі!
     Вось так старадаўні клавесін увайшоў у жыццё дзяўчынкі. Яна прыходзіць на спатканні з ім і вучыцца выконваць на клавесіне старадаўнія варыяцыі і п'есы.
     Як выдатна яго гучанне! Іграючы на клавесіне, Яніна ўяўляе сябе ў тым далёкім часе, калі клавесін бударажыў сэрцы людзей іншага свету, у якім яшчэ не было ўсяго таго, што абкружае яе цяпер – камп’ютараў, інтэрнэту, смартфонаў, робатаў…
     "Але ў даўнія часы ў людзей была такая ж музыка, – разважае Яніна. – Як цудоўна, што ў музыкі няма часу, яна жыве ў стагоддзях і зусім не старэе. Яна вечная, як наша прырода – паветра, вада, зямля, сонечнае і месяцовае святло, святло далёкіх зорак. Я адчуваю ў сабе энергію чароўных гукаў музыкі – гэта шчасце і радасць майго жыцця".
     
     Малюнак Насці Балыш
     
      Гэты аповед на рускай мове
21.10.20