Лебедзь маёй мары, не адлятай! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лебедзь маёй мары, не адлятай!
Лебедзь маёй мары, не адлятай!
Пасярод лесу схавалася невялікае лясное азярцо. Вада ў ім зарасла багавіннем і пакаламуцілася. Але ад гэтага нікому з тых, хто насяляў яго, не стала горш. На шырокім лісце гарлачыкаў зручна прымасцілася Жаба-Квакушка, каля берага змайстравалі сабе падводныя хаты Рак і Бабёр. Насельнікі ляснога возера прывыклі адзін да аднаго і жылі даволі дружна. Ніводны з іх не лавіў з неба зоркі, а толькі плюхаўся ў каламутнай вадзе, шукаючы сабе ежу. Часам Жаба, Рак і Бабёр уладкоўвалі зборы, на якіх спрачаліся паміж сабой, абмяркоўваючы, што трэба рабіць дзеля таго, каб возера не высахла і працягвала заставацца іх жыллём.      – Трэба пашыраць берагі, – казаў Рак.
     – Як мага лепш чысціць ваду ад бруду і багавіння! – квакала Жаба.
     – А я лічу, што нядрэнна было б прыбраць старыя карчы, – бурчаў Бабёр.
     Кожнаму здавалася, што першым чынам варта рабіць тое, што ён прапанаваў, і ніхто не жадаў прыслухацца да другога. Бывала, на такіх зборах даходзіла да таго, што жыхары возера пачыналі перабіваць адзін аднаго і крычаць, ды так, што падарожніку, які праходзіў міма, было незразумела, што тут адбываецца, чаму па лесе ва ўсе бакі нясецца такі шум і гам. Пад раніцу звычайна ўсе супакойваліся і мірна засыналі. Але на наступны дзень усё пачыналася спачатку.
     Так дзень пры дні цякло жыццё маленькага ляснога азярца. Часам, яснай пагодлівай летняй раніцай Сонца дабіралася да яго смарагдавых водаў і асвятляла іх сваімі прамянямі. І тады ўсе – Жаба, Рак і Бабёр – вылазілі з вады і імкнуліся адагрэць свае змерзлыя спінкі.
     Вось у такую добрую і светлую раніцу заляцела сюды парачка закаханых лебедзяў. Лебедзі былі вельмі маладыя, ім хацелася ўсюды палётаць і ўсё паглядзець. Але яны праляцелі ўжо даволі вялікую адлегласць, таму малышка-Лебедзь стамілася.
     – Я тут адпачну трошкі, а ты палётай вунь над тым лесам, – сказала яна свайму сябру.
     Зрабіўшы невялікі круг над возерам, птушка плаўна села на яго ваду. Ганарліва выгнуўшы сваю тонкую вытанчаную шыйку, яна агледзелася. Ля самага берага Лебедзь заўважыла чырвонага вірлавокага Рака, Бабра і зялёную Жабу. Прыгажуня паспрабавала з імі разгаварыцца. Падплыўшы бліжэй, яна сказала:
     – Добрай раніцы, сябры!
     Рак, Жаба і Бабёр разявілі свае раты і са здзіўленнем паглядзелі на яе. "Адкуль яна ўзялася!" – сыкнулі яны на незнаёмую птушку неверагоднай прыгажосці.
     – Хто ты такая, каб з намі размаўляць! Мы цябе не ведаем і ведаць не жадаем! Ляці адгэтуль! – з зайздрасцю і злосцю закрычалі яны і паспрабавалі хутчэй прагнаць залётную чужаземную прыгажуню.
     – Бач, знайшлася якая! – шумелі жыхары азярца.
     Здзіўленая ад такога павароту падзей, Лебедзь адступілася і пастаралася хутчэй адляцець. Яна лёгка ўзмахнула сваімі вялікімі крыламі, выцягнуўшы наперад доўгую шыю, і паляцела. Палёт птушкі быў настолькі чароўным, што зямныя насельнікі возера мімаволі залюбаваліся ёю, таму што ў жыцці не бачылі нічога падобнага і наўрад ці яшчэ калі-небудзь убачаць. Некалькі вялікіх узмахаў, і белая Лебедзь схавалася за лесам. Толькі што было ўяўленне, і вось яно растала, быццам ніколі і не было.
     А на беразе возера засталіся сядзець прыціхлыя Рак, Бабёр і Жаба. І было незразумела, пра што яны думалі? Можа быць, шкадавалі, што прагналі такую незвычайна прыгожую птушку, а, можа, і не. Іх жыццё было зусім іншым. Яны ніколі не лёталі над зямлёй у чыстым небе. А для таго, каб плюхацца ў каламутнай вадзе вялікага розуму і прыгажосці не трэба.
     Толькі адно Сонейка ласкава ўсміхалася, гледзячы, як па блакітным небе ганарліва ляціць, быццам плаўна плыве, выдатнае зямное стварэнне.
     
      Гэтая казка на рускай мове
8.10.20