Дзяніскава вандраванне (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дзяніскава вандраванне  (чытае Ліка Пташук)
Дзяніскава вандраванне (чытае Ліка Пташук)
Тата! Куды ты едзеш?      – У камандзіроўку.
     – На цягніку?
     – Так. Я хутка вярнуся, – казаў тата маленькаму сыну, абдымаючы яго на развітанне.
     Дзяніскаў тата часта з'яжджаў у камандзіроўкі. А хлопчык кожны раз журыўся, выпраўляючы тату ў чарговае цікавае вандраванне.
     – Мама! А калі мы паедзем куды-небудзь на цягніку? – спытаў Дзяніска.
     Але матуля толькі паціснула плячыма:
     – Не ведаю, сынок.
     – Мабыць, не хутка, – вырашыў хлопчык і з сумам уткнуўся носам у халоднае шкло акна.
     А за акном – залатая восень! Дрэвы змянілі летнія зялёныя ўборы на залацістыя восеньскія. Дзяніска стаяў і глядзеў, як з вялікага дрэва на зямлю ападае жоўтае і чырвонае лісце. Але ісці ў двор, каб сабраць букет з кляновых зорачак, хлопчык чамусьці не захацеў. Ён пайшоў у свой пакой, бо вырашыў намаляваць цягнік, на якім тата паехаў у камандзіроўку.
     Неўзабаве гэты цягнік з'явіўся на белым лісце паперы. Ён быў намаляваны чорным фламастарам і выглядаў трохі засмучаным. У пакой увайшоў Дзяніскаў дзядуля. Ён падышоў да ўнука і уважліва паглядзеў на яго малюнак.
     – Тата зноў паехаў у камандзіроўку, – з сумам у голасе сказаў унук.
     – На цягніку, – зразумеў дзядуля. – А я ўчора ў парку бачыў маленькі Цягнік. Але ён не цацачны, не такі, што ў тваім пакоі ездзіць па кальцавой чыгунцы. Гэты Цягнік адмыслова сканструяваны для вандраванняў дзятвы па парку. Хочаш, я адвяду цябе да Цягніка, і ты паездзіш на ім.
     – Хачу! – узрадаваўся Дзяніска.
     Неўзабаве дзядуля з унукам ужо ішлі па алеі, абсыпанай яркай восеньскай лістотай. А тым часам у глыбіні парку ў адзіноце журыўся дзіцячы Цягнік. Але ў адрозненне ад таго, намаляванага Дзяніскам чорным фламастарам, гэты Цягнік быў неверагодна яркім і прывабным. Яго вагончыкі і паравоз хтосьці калісьці размаляваў вясёлымі рознакаляровымі фарбамі. Вось толькі катаць па парку дзіцячаму Цягніку не было каго. Усю раніцу ён журыўся і нават не ўключаў сваю вясёлую музыку. Цягнік глядзеў па баках, спадзяючыся, што хто-небудзь падыдзе да яго і захоча пакатацца. Аднак парк быў пусты. Дзіцячы Цягнік толькі чуў, як зрэдку дзесьці паблізу каркалі вароны, і глядзеў, як на яго вагончыкі зверху абсыпаецца жоўтая лістота.
     Раптам у цішыні парку прычуліся нечыя крокі і галасы. "Ура! Сюды хтосьці ідзе", – узрадаваўся дзіцячы Цягнік, заўважыўшы Дзяніску з дзядулем.
     – Які ён прыгожы! – усклікнуў хлопчык, падбегшы да Цягніка і агледзеўшы яго з усіх бакоў.
     "Так, я вельмі прыгожы", – дзіцячы Цягнік ганарліва падняў угару трубу паравозіка і акуратна выстраіў у шэраг свае вагончыкі. "Сядай, хлопчык! Я цябе пакатаю", – хацеў сказаць Цягнік. Але Дзяніска сам усё зразумеў і хутка ўсеўся на самае зручнае месца ў першым вагончыку. У паравозе ўключыўся матор, зайграла вясёлая музыка, і шчаслівы Цягнік крануўся ў дарогу.
     Цэлую гадзіну ён катаў Дзяніску па ціхіх алеях парку, па якіх у гэты будны дзень шпацыравала зусім мала наведвальнікаў. А хлопчык з задавальненнем слухаў вясёлыя дзіцячыя песенькі і ўяўляў сябе пасажырам сапраўднага цягніка. Толькі гэты дзіцячы Цягнік не з'яжджаў далёка ад дзядулі, які чакаў унука на лаўцы. Затое Цягнік аб'ехаў увесь парк уздоўж і папярок міма лавак і альтанак, пад'язджаў да берага возера, дзе лёталі чайкі, пабываў каля абеліска “Героям вайны”, ля фантана, а потым ізноў вярнуўся і стаў на сваё ранейшае месца.
     "Ух, як я стаміўся!” – падумаў дзіцячы Цягнік і паглядзеў на Дзяніску. А той, сказаўшы Цягніку на развітанне "Дзякуй!", радасны падбег да лаўцы, на якой сядзеў яго дзядуля.
     – Табе спадабалася катацца? – спытаў стары.
     – Так, вельмі! – усміхнуўся хлопчык.
     – У-у-у! – прасігналіў свістком дзіцячы Цягнік.
     Гэтым сігналам ён хацеў сказаць свайму маленькаму пасажыру, што будзе чакаць яго ў парку на гэтым жа месцы.
     – Прыходзь, Дзяніска! Я буду рады пакатаць цябе зноў, – гудзеў свісток дзіцячага Цягніка.
     "Калі я вырасту, то буду, як тата, ездзіць на сапраўдным цягніку ў камандзіроўкі, – разважаў Дзяніска па дарозе дахаты. – Мне вельмі падабаецца падарожнічаць".
     
      Гэтая казка на рускай мове
2.10.20