Як вераб’ёў ледзь не абхітрылі (чытае Ліка Пташук)
У старым парку ля ракі расло шмат розных дрэў. Вербы і таполі, клёны і рабіны, ліпы і каштаны дараслі да самага неба. На іх выдатна па вясне гнездаваліся пералётныя птушкі. Да таго ж, мясцовыя вароны і галкі таксама не скардзіліся. Яны знаходзілі для сябе ўтульныя мястэчкі ў парку для ўладкавання гнездзішчаў. Вось толькі сарокі ды вераб'і не жадалі будаваць гнёзды высока на дрэвах. Чаму? Мабыць, ім больш падабаліся зарослыя хмызняком месцы ў парку. На невялікім астраўку пасярод ракі, нікім не патурбаваным, за шмат гадоў разросся вялікі куст. Жвавыя вераб'і аднойчы запрыкмеціўшы гэтае зацішнае месцейка, неўзабаве здолелі ўладкаваць яго (для) пад сябе. Пасля дзённых палётаў у пошуках ежы вераб'іная чародка заўсёды вярталася ў сваю хату – на шыкоўны разрослы куст. Там маленькім птушачкам было вельмі зручна, усім хапала месца, зялёныя галінкі хавалі іх днём ад пякучага летняга сонца, а ўначы – ад шуму і моцнага ветру. Выхвальныя вераб'і не змаглі не распавесці пра сваё "цудоўнае гняздзечка" іншым птушкам. І неўзабаве гаворка пра кемлівых і ўдачлівых маленечкіх птушачак панеслася па ўсяму парку. Галоўны пеўчы Дрозд нават злятаў на востраў, каб паглядзець на жыллё вераб'ёў.
– А вам тут не зацесна? – спытаў ён.
– Не, мы ж зусім маленькія, – растлумачылі вераб'і.
Потым прыляцелі сінічкі, за імі – сітаўкі, пеначкі і вялікая старая Варона. Усім спадабаўся выбар вераб'ёў. І ніхто ім не пазайздросціў, акрамя Сарокі. Тая, добра разгледзеўшы ўтульны зялёны куст, падумала: "А чаму б мне не пасяліцца на ім. Я б пабудавала ў гэтых зарасніках самае цёплае гняздо ў свеце, і ніхто б мяне там не турбаваў". Але, як адабраць у вераб'ёў гэты куст, Сарока яшчэ не прыдумала. Яе жыллё знаходзілася таксама ў кустах парку, але гэтыя кусты былі не такімі густымі і раслі зусім недалёка ад дарожкі, па якой хадзілі людзі з сабакамі. Гэта прычыняла клопат Сароцы. "Я падумаю, як абхітрыць вераб'ёў, і займу іх зручнае ціхае месца. Яно мне вельмі (спадабалася) даспадобы", – вырашыла хітрая птушка.
Аднойчы пад восень яна прыляцела на востраў і сваёй гучнай трашчоткай проста "заваражыла" вераб'іную чародку.
– Ваш куст зусім не такі добры, якім вы яго ўяўляеце. Паглядзіце! – трашчала Сарока. – Ён увесь аблеплены вусенямі. Яны аб'ядаюць усё лісце, а жукі-караеды праядаюць галінкі ўнутры. Гэта дрэнны куст, ён хутка загіне. Вам трэба змяніць сваё жыллё! Вы годныя (мусіце) жыць у лепшым месцы. Ляціце адгэтуль!
– Куды? – зашумелі спалоханыя птушачкі.
– У парк.
– Там няма для нас месца, – сказаў самы стары Верабей. – Наша жыллё тут і мы яго не пакінем. Мы вылечым куст, а ты, Сарока, не турбуйся.
– Вы не вылечыце яго, я ведаю, – не супакойвалася Сарока. – Вераб'і, не слухайце старога, слухайце, што кажу вам я.
Маладыя верабейкі разгубіліся, яны пераглядваліся, не разумеючы, што ім трэба рабіць.
– Праганіце гэтага старога, – трашчала Сарока. – Ён загубіць вас. Ляціце ў парк.
Вераб'і падняліся ў паветра, а на кусце застаўся стары Верабей і яшчэ некалькі такіх жа, як і ён, старых вераб'ёў.
– Што хоча ад нас Сарока? – не разумелі разумныя сталыя птушкі. – Наш куст цэлы і здаровы. Ён зялёны, і мы не бачым на ім ніякіх вусеняў і караедаў.
І старыя вераб'і зразумелі – гэтая Сарока проста жадае адабраць у іх хату, іх куст!
– Мы не пусцім цябе на наш куст, – цвыркнуў галоўны Верабей. – Ляці прэч, Сарока!
А тым часам чародка маладых вераб’ёў, абляцеўшы парк, не знайшла там для сябе ніякага зручнага месцейка, таму ізноў вярнулася на востраў. Птушкі паселі па галінках, добра разгледзелі іх і зразумелі – у іх хаце ўсё ў парадку. Проста іх хацела ашукаць хітрая Сарока.
– Ляці адгэтуль, Сарока! – звонкія галаскі маладых вераб'ёў панесліся па акрузе (наваколлі). – У нас усё добра, і мы не збіраемся ляцець адгэтуль.
"Шкада, што старыя птушкі перашкодзілі мне, – падумала Сарока. – Калі-небудзь я ўсё-такі паспрабую прагнаць чародку вераб'ёў з гэтага куста". І яна паляцела дадому, стаіўшы злосць на маленькіх птушачак. Яе каварны план не здзейсніўся. Але ці зможа ён стацца пазней? Як ведаць. Будзем спадзявацца, што маладыя верабейкі прыслухаюцца да старых вераб'ёў, самі набяруцца вопыту і зразумеюць, што нельга так проста раставацца з наседжаным месцам. Яны будуць берагчы свой куст, лячыць яго галінкі, калі гэта спатрэбіцца, і нікому не аддадуць.
Гэтая казка на рускай мове
10.09.20