Каласавік - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Каласавік
Каласавік
Ах, якое сягоння выдалася лета! Дзесьці ў перадсвітальнай цішыні, захутаўшыся ў воблака з шызай смугі, спіць бярозавы гай. Высокая трава пад яго дрэвамі абсыпана бліскучымі расінкамі з начной вільгаці. І вось пачынаецца новы летні дзень, з-за гарызонту выплывае Сонца, рассыпаючы па небе і па зямлі светлыя гарачыя прамяні. Яны далятаюць да бярозак, дакранаюцца да вільготнага зялёнага лісця, слізгаюць па мокрай траве. Халодныя расінкі адчуваюць цяпло сонечных прамянёў і хутка выпараюцца.      Увесь летні дзень Сонца не шкадуе цяпла, саграваючы бярозавы гай. Той жа стаіць, не зварухнуўшыся, ап'янёны яркім сонечным святлом. Але бывае так, што на чыстым блакітным небе з'яўляюцца белыя пухнатыя аблокі і засланяюць сабой Сонца. І тады бярозавы гай абдзімае лёгкі ветрык і дорыць дрэвам доўгачаканую прахалоду.
     Часам у летні дзень на неба наплывае цёмная навальнічная хмара, зіхаціць маланка і грукоча гром. Страшна становіцца бярозкам, кідаюцца яны, расплятаюцца ад моцнага ветра іх косы з тонкіх зялёных галінак. Высокая трава пад дрэвамі таксама хвалюецца, ад страху да зямлі прыгінаецца, жадаючы схавацца ад непагадзі. Але няма куды ёй дзецца, лівень мочыць яе ўсю да апошняй травінкі, а навальнічная хмара плыве далей, заліваць і палохаць іншыя гаі і траву дзесьці там, далёка за залатымі хлебнымі палямі і зялёнымі лугамі…
     Неяк у сярэдзіне лета вырас на ускрайку бярозавага гаю Баравік. Спачатку ён быў зусім маленькім, таму і незаўважным у траве. Тое, што ён нарадзіўся Баравіком, а не якой-небудзь простай Сыраежкай, малы яшчэ не разумеў. Ён паглядзеў угару на блакітнае неба і прыгажуню Бярозу, якая звесіла над ім зялёныя галіны.
     – Ты хто? – спытаў Баравік у Бярозы.
     – Белая Бяроза, – прашамацела стройнае дрэўца. – А ты – Баравік.
     – Ён – Каласавік, – паправіла яе Сарока. – Яна сядзела непадалёку і слухала іх гутарку.
     – Не, гэта Баравік, – заўпарцілася Бяроза. – Ён такі ж белы, як я. Глядзі, Сарока, у яго белая ножка.
     – Так, але ў яго светлы капялюшык, а ў Баравіка капялюшык цёмна-карычневы. Я сама бачыла такі Грыб у яловым лесе.
     – Ён – не Баравік, – падтрымала Сароку Варона. – Я бачыла Баравік у хваёвым лесе, але ў яго карычневы амаль фіялетавага колеру капялюшык і светла-карычневая ножка.
     – Так хто ж я? – спалохаўся Баравік.
     – Не палохайся, малыш, – прасвістаў летні Ветрык. Ён абляцеў вакол Баравіка, уважліва разглядаючы яго. – Ты – Баравік бярозавы, таму што расцеш побач з бярозамі. Але ў цябе ёсць шмат стрыечных братоў – яны растуць у іншых лясах – яловых, хваёвых, дубовых. Можа быць, усе вы трохі адрозніваецеся адзін ад аднаго па афарбоўцы, але, усё-такі, усе вы – сваякі.
     Пасля такога тлумачэння малыш трохі супакоіўся, трава закалыхала яго і ён заснуў. Раніцой, прачнуўшыся, Баравік даведаўся ад Бярозы, што ён трохі падрос.
     – Уначы імжыў грыбны дожджык, а ты моцна спаў і нічога не адчуўваў, але дожджык дапамог табе падрасці.
     – Так, мне моцна спалася, – Баравік памахаў сваім капялюшыкам. Яго ўжо было добра відаць у траве. – Скажы, Бяроза, чаму Сарока назвала мяне Каласавіком, таму што я ўмею калыхацца?
     – Можа быць, – адказала Бяроза.
     – Не, не таму, – піснула Мышка. – Яна вылезла са сваёй норкі і хацела кудысьці бегчы. Але пачуўшы гутарку, спынілася:
     – Часам цябе завуць Каласовіком таму, што ты з'явіўся на свет улетку, калі на полі каласуе жыта.
     – Як цікава! – здзівіўся Баравік. – А дзе гэтыя каласкі, мне вельмі хочацца на іх паглядзець.
     – Я прынясу табе адзін жытні каласок з жытняга поля, якое знаходзіцца вунь там, за бярозавым гаем, – сказала Мышка і пабегла ў той бок, куды паказала.
     – А я назвала цябе Баравіком, таму што так людзі завуць грыбы, якія вырастаюць у гэтай траве поруч мяне, – растлумачыла малому Бяроза.
     Неўзабаве вярнулася Мышка з каласком іржы ў зубах. Яна пакалыхала ім побач з Баравіком. У жытняга каласка былі смешныя доўгія вусікі і шмат зярняткаў .
     – Вось гэтыя зярняткі вельмі смачныя, – сказала Мышка.
     Прайшло яшчэ некалькі дзён. Недалёка ад Каласавіка выраслі новыя грыбы. Гэта таксама былі баравікі – каласавікі, яго родныя браты. Яны выраслі з адной грыбніцы, якая хавалася ў зямлі і, мабыць, з'яўлялася іх мамай.
     Грыбнікі ведалі гэта грыбнае месца і часта завітвалі сюды за баравікамі. Вось так аднойчы наш знаёмы Баравік і патрапіў да некага з іх у кошык.
     
      Гэтая казка на рускай мове
3.08.20