Калючы Маліннік – абаронца птушак
Васілёк гасцяваў у бабулінай вёсцы разам са старэйшай сястрой Алёнай. Летнія канікулы праляталі вельмі хутка, і гэта не падабалася хлопчыку. На дварэ ліпень, застаўся адзін месяц – жнівень і ўсё, потым трэба будзе ісці ў школу. Згадваючы гэта, Васілёк журыўся, таму імкнуўся не думаць пра тое, што ўвосень у яго зноў наступяць сур'ёзныя моманты жыцця, і трэба будзе вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца, як казаў тата. Яго сястра Алёна ўжо перайшла ў пяты клас, а ён – толькі ў другі. Хлопчык нават трохі зайздросціў сястрычцы за тое, што яна раней, чым ён, скончыць школу.
У бабулі Веры ўсё падабалася Васільку. Яна не будзіла яго рана, карміла смачна і дазваляла дапазна катацца на ровары каля хаты. Алёна дапамагала ёй па гаспадарцы ў хаце і агародзе, хлопчык таксама дапамагаў. Васілёк хадзіў з бабуляй у краму, каб дапамагчы прынесці прадукты, карміў сабаку Дабрака і бабуліных курэй. А яшчэ хлопчык любіў шпацыры ў лесе.Лес быў зусім побач з хатай. Такіх высокіх дрэў Васільку не даводзілася бачыць нідзе. Тутака ж, у бабуліным лесе, раслі велізарныя, да самага неба хвоі і елкі, дубы і бярозы. Некалькі дзён таму бабуля павяла яго з Алёнай у лес па суніцы. Яны сабралі вялікі кошык духмяных ягад. Васілёк не змог выцярпець і клаў смачныя ягадкі адну за адной у свой рот, аднак добра папрацаваў і на агульную справу – высыпаў у бабулін кошык некалькі поўных кружак з ягадамі, здаецца, штук шэсць ці сем.
Дома бабуля наварыла сунічнага варэння, спякла сунічны пірог і некалькі дзён карміла яго з сястрой свежымі ягадамі.
– Я б ізноў схадзіў па такія смачныя ягады, – сказаў Васілёк сястры.
– Я б таксама схадзіла, – падтрымала яго Алёна.
– Бабуля, давай заўтра зноў сходзім ў лес па суніцы, – прапанавалі дзеці.
– Добра, сходзім, – паабяцала бабуля Вера, – толькі не заўтра, а паслязаўтра. Заўтра пойдзем збіраць маліны.
– Маліны? – здзівіўся Васілёк. – Навошта яны нам? Я ведаю, кусты ў малінніку моцна колюцца гэтак жа, як кусты агрэста, якія ў нас у агародзе растуць!
Хлопчык ужо хацеў бегчы паказваць бабулі тыя калючыя кусты, але яна яго спыніла:
– Так, унучак, яны колюцца, але малінавае варэнне вельмі духмянае і карыснае. Ты ж еў яго, калі прастуджваўся ўзімку. Мама табе яго давала з чаем? – спытала яна ў Васілька.
– Еў, – успомніў хлопчык. – Так, яно смачнае.
– Калі мы збяром маліны, то зварым варэнне, а яшчэ можам спячы малінавы пірог.
– Добра, – пагадзіўся Васілёк, – пойдзем па маліны ў маліннік, толькі я не хачу пакалоцца аб гэтыя кусты.
Назаўтра надзеўшы кашулю з рукавамі і доўгія штаны, Васілёк адправіўся з Алёнай і бабуляй па маліны. Бабуля дала дзецям маленькія вядзерцы, а сабе ўзяла вялікае. "Няўжо там столькі малін, што яна збярэ цэлае вядро?" – падумаў хлопчык, але нічога не сказаў бабулі. Да малінніку яны ішлі даволі доўга, а калі прыйшлі, Васілёк убачыў, што гэтыя кусты вышэй за яго росту і растуць вельмі густа.
– Я не палезу туды! – спалохаўся хлопчык.
– Кусты трэба адсоўваць рукамі, ідзіце за мной, я буду пракладаць праход, – супакоіла яго бабуля.
Добра, што дзеці “ўзброіліся” тонкімі пальчаткамі і акулярамі. Высокія кусты і сапраўды зусім не жадалі, каб іх хтосьці турбаваў. Затое, ягад на іх было відзьмо-невідзьмо.
Увайшоўшы ўглыб малінніку, бабуля і яе ўнукі хутка напоўнілі свае вядзерцы.
– А хто гэта так хораша спявае? – спытаў хлопчык, пачуўшы паблізу звонкі галасок нейкай птушачкі.
– Малінаўка, – адказала бабуля. – А яшчэ яе завуць заранкай.
– Чаму? – спытала Алёна.
– Гэта прыгожая птушачка любіць спяваць вельмі рана да світання, калі сонейка яшчэ толькі ўстае, – адказала бабуля.
– А чаму яе клічуць малінаўкай, таму што яна любіць маліны? – спытаў Васілёк.
– Так, гэта птушачка не супраць паласавацца смачнымі ягадкамі, але малінаўкай яе назвалі, пэўна, таму, што яна часта будуе сваё гняздзечка ў малінніку.
– Няўжо? –здзівіўся хлопчык. – Дзе ж яно?
– Вунь там унізе, ля самай зямлі, бачыш? – бабуля паказала ўніз.
Васілёк прыгледзеўся. І сапраўды, унізе ён убачыў акуратна звітае з саломінак і тонкіх галінак маленькае гняздзечка. Яно было пустым.
– Бабуля! А птушаняты дзе? – спыталі дзеці.
– Яны ўжо падраслі і вылецелі з гнязда, – усміхнулася бабуля Вера. – Малінаўка – пералётная птушачка. Яна прылятае ранняй вясной і ўжо паспела выкарміць і выгадаваць сваіх дзетак.
– Шчаслівая! – засмяяліся Алёнка з Васільком.
– А гняздзечка гэта птушачка будуе ў кустах, бо сюды складаней дабрацца яе ворагу, каб з'есці птушанят, – сказала бабуля.
– Правільна, – пагадзілася ўнучка.
"Гэтыя малінавыя кусты – малайцы, яны ахоўваюць птушак”, – падумаў Васілёк. І яму раптам стала зусім не боязна збіраць ягады ў асяроддзі калючых шыпоў малінніку. “Малінаўка не баіцца калючак, яна маленькая і разумная, таму што ўмее асцярожна прабірацца да свайго гнязда. А я што, не змагу? Змагу!" – падбадзёрыўся хлопчык.
Вось так пад спеў малінаўкі-заранкі, бабуля і яе ўнукі асцярожна выходзілі з зараснікаў калючага, але добрага абаронцы птушак – малінніку. Дахаты ягаднікі вярнуліся ў добрым настроі і з поўнымі вядзерцамі вельмі смачных і карысных лясных ягад малін.
А летнія дзянькі беглі, не стамляючыся, з сонейкам і летнімі навальніцамі, са спевамі птушак і паспяваннем ягад і грыбоў у лесе, агародніны і садавіны ў бабуліным агародзе і садзе. Як добра дыхаецца ўлетку! Летні ветрык абдзімае твар і цярэбіць за валасы, паветра напоўненае водарамі травы і кветак. Як прыемна пакачацца на мяккай траўцы па лузе, выкупацца ў рэчцы альбо возеры, прайсціся па лясной сцяжынцы ці пагуляць з сябрамі ў мяч, пакатацца на ровары, самакаце. Лета бяжыць наперад, не спыняючыся, і мы спяшаемся ім нацешыцца, каб потым у невыразнае надвор'е ўспамінаць гэтыя поўныя прыгажосці залатыя дзянькі.
p.s. 16 жніўня – Маліннік, дзень малінавага варэння.
Гэты аповед на рускай мове
17.07.20