Дапамога іншапланецян - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дапамога іншапланецян
Дапамога іншапланецян
Алесь жыве не цяпер, на яго электронным календары 2095 год. Хлапчуку восем гадоў, ён вучыцца ў школе па праграме, якая не вельмі адрозніваецца ад праграмы навучання ў сучаснай школе. Алесь шмат чытаў пра космас, пра іншапланетныя караблі, робаты і розныя тэхналогіі будучыні. Вядома, смартфон, камп’ютэр і іншыя электронныя прыстасаванні ў яго больш дасканалыя за сённяшніх. І гэта не дзіўна – час, у якім жыве Алесь, апярэджвае наш на цэлых семдзесят з хвосцікам гадоў! Што ж незвычайнага ў жыцці Алеся?      А вось паслухайце.
     Тое, што на Зямлю прылятаюць іншапланецяне, ведаюць усе сучаснікі Алеся. Але чамусьці ніхто не сустракаўся з імі "тэт-а-тэт". Можа таму, што іншапланецяне, тыя, што наведваюць Зямлю, проста не жадаюць нікому замінаць, нікога палохаць? Яны "адкрываюцца" толькі самым адважным і бясстрашным людзям – дзецям, бо дзеці – будучыня нашай планеты.
     Алесь аказаўся тым, каму пашчасціла, яму іншапланецяне распавялі пра сябе. Яны зрабілі гэта вельмі проста – паслалі на смартфон хлапчука паведамленне:
     – Жадаеш сябраваць з намі?
     – Так! Вельмі жадаю! – тут жа адказаў Алесь.
     – Мы вырашылі дапамагаць тваёй планеце. Ты будзеш нашым "правадыром". Згодзен?
     – Згодзен. Але як?
     – Даведайся, каму патрэбна хуткая дапамога, але ніхто з зямлян не можа яму дапамагчы. Мы паспрабуем.
     – Добра, – адказаў Алесь і задумаўся.
     Ён успомніў пра бабулю, якая жыве ў паўпустыні, у якой перасох калодзеж. Яна скардзілася ў інтэрнэце, што ёй вельмі цяжка жыць, не хапае вады, але яна не жадае пераязджаць з месца, дзе нарадзілася і пражыла ўсё жыццё. "Цяпер з-за гарачага клімату шмат жыхароў нашай планеты скардзяцца на недахоп вады", – падумаў Алесь, прачытаўшы гэтае паведамленне, але як дапамагчы бабулі, не ведаў.
     Першую просьбу – дапамагчы бабулі здабыць ваду – хлопчык тут жа пераадрасаваў іншапланецянам. І як жа яны вырашылі гэтае пытанне?
     – Мы накіравалі па вызначаным вамі адрасе робата-даследчыка. Ён умее "сканіраваць" глебу і адшукае "воднае" месца, дзе трэба вырыць у пяску калодзеж.
     – А хто будзе капаць? – спытаў Алесь.
     – Не хвалюйцеся. Гэта ўмее рабіць наш робат-ветрадзьмух. Ён акуратна раздуе пясок да самай вады.
     – А бабуля не спалохаецца, гледзячы на іншапланетны робат? – спытаў Алесь.
     – Для гэтага існуеце вы. Перадайце бабулі, што ўсё для яе зрабілі зямныя робаты. Яна паверыць, бо ведае пра іх вельмі мала.
     Алесю нічога не заставалася, як толькі чакаць вынікаў працы іншапланецян. Праз некалькі дзён да яго на смартфон прыйшло падзячнае пісьмо ад бабулі. А іншапланецяне гатовыя былі выканаць новае заданне.
     Гэтае тэрміновае заданне ўжо чакала іх, таму што ў інтэрнэце з'явілася адчайная просьба матулі адшукаць яе зніклых дзяцей. Як змаглі знікнуць дзеці ў 2095 годзе, у стагоддзе разумных смартфонаў, планшэтаў, компасаў, розных пошукавых прылад? Аказваецца, маленькія дзеці згубіліся ў нядбайных бацькоў не дзе-небудзь у горадзе, а ў велізарнай сібірскай тайзе з непраходнымі балотамі. Так, такія бязмежныя лясы, на шчасце, яшчэ засталіся на Зямлі ў 2095 годзе. Яны – лёгкія планеты, даюць ёй чыстае паветра, напоўненае кіслародам. А ўсе мы ведаем, як гінуць лясы на Зямлі нават у наш час ад пажараў, ураганаў, высечкі, жукоў-шкоднікаў. Магчыма, сібірскія лясы – адзінае месца на планеце, дзе да 2095 года яны яшчэ застануцца непраходнымі і велізарнымі.
     Вось што ў інтэрнэце паведамляла мама Машы і Дашы:
     "Цэлы атрад салдат, мясцовыя жыхары, усе неабыякавыя людзі дапамагаюць нам, бацькам, у пошуку дзяўчынак. Аднак усё безвынікова. Мы плачам, молімся пра выратаванне дзяцей. Яны згубіліся ў лесе, калі мы збіралі грыбы. Ужо двое сутак няма ніякіх вестак аб іх. Толькі мы ўсё яшчэ спадзяемся, што дзяцей знойдуць жывымі. Нажаль, побач з лесам вялікае балота, у якім можа патануць дарослы чалавек, але дзяўчынкі маленькія худзенькія. Адной – чатыры гады, другой – тры. Яны не павінны патануць у балоце, вось толькі адшукаць іх там будзе вельмі складана".
     Даведаўшыся пра новае заданне, іншапланецяне адправілі ў сібірскую тайгу двух лятаючых робатаў, чымсьці падобных на сучасныя дроны, з адмысловай прыладай для ўздыму і пераноскі дзяцей. Ужо праз некалькі гадзін Алесь атрымаў паведамленне, што дзеці выратаваны і дастаўлены да бацькоў, якія так і не даведаліся пра таямніцу выратавання малых.
     Усе два месяцы да канца летніх канікул Алесь пасылаў іншапланецянам новыя заданні. Гэта былі цяжкія для звычайных людзей, амаль невыканальныя справы. Як то – выратаванне турыстаў, якія апынуліся высока ў гарах падчас урагану, хуткае выратаванне чалавека, у якога падчас навальніцы патрапіла маланка, вызначэнне дакладнага дыягназу цяжка хворага чалавека і дастаўка лекаў, якія выратавалі яго ад смерці.
     За час зносін з іншапланецянамі, Алесь зразумеў – яны нашы сябры і памочнікі. А нам, зямлянам, трэба самім разумна вырашаць свае задачы, уважлівей і асцярожней ставіцца да зямной прыроды. Такой планеты, як наша Зямля, няма нідзе ў Сусвеце. Гэта сказалі Алесю іншапланецяне.
     “Беражыце прыроду Зямлі!” – гэтыя словы яны паўтаралі шмат разоў.
     “Мы імкнёмся берагчы”, – адказваў ім хлопчык.
     Ён ведаў з аповедаў дарослых, што раней людзі мала клапаціліся пра чысціню прыроды. Але планета сама падказала ім, што трэба рабіць, каб захаваць яе прыгажосць. Паступова людзі пачалі знаходзіць рашэнні і аднаўляюць экалогію Зямлі. Аднак, гэта цяжкі працэс. Алесь паабяцаў іншапланецянам, што яго пакаленне зямлян паспрабуе жыць у гармоніі з роднай планетай, будзе берагчы і захоўваць яе.
     – Толькі вы не знікайце, я спадзяюся на вашу дапамогу! – папрасіў ён іншапланетных гасцей.
     – Мы нікуды не знікаем, мы заўсёды побач, – як добрыя сябры, адказалі яны.
     
      Гэты аповед на рускай мове
4.07.20