Незвычайны канцэрт (аповед) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Незвычайны канцэрт  (аповед)
Незвычайны канцэрт (аповед)
У семнаццаць гадзін пачатак святочнага канцэрта на адкрытай пляцоўцы ў парку імя Горкага.      Гітарыст паўтарыў яшчэ некалькі акордаў і пачаў збірацца. Далікатна пагладзіў свой інструмент, як быццам дакрануўся да каханай дзяўчыны, і асцярожна паклаў у футарал. Гітара была яшчэ зусім новая. Але ён ужо паспеў аблюбаваць яе. Незвычайна меладычная і даволі зручная для ігры, яна вельмі спадабалася яму. Сёння гітарыст будзе іграць на ёй акрамя партый у аркестры яшчэ і асобны нумар – вельмі складаную, але вельмі прыгожую мелодыю.
     – Паспрабуем не схібіць, праўда? – сказаў ён услых, быццам размаўляў з гітарай. І пайшоў на канцэрт.
     І вось гітарыст на сцэне са сваёй каханай гітарай у руках. Адна за адной гучаць песні. Выступаюць спевакі і спявачкі – маладыя і не вельмі. Спяваюць у суправаджэнні аркестра. Вакол сцэны пазбіралася даволі шмат народа. Людзі ўсміхаюцца, з задавальненнем слухаюць канцэрт, тым больш, што ён праходзіць на адкрытым паветры. І надвор'е цудоўнае: дрэвы распусцілі лістоту, квітнее чаромха. У прыгожых касцюмах грацыёзна танчаць маладыя ўдзельнікі танцавальнага ансамбля. Гучаць апладысменты.
     Настае завяршаючы нумар. Наш гітарыст выходзіць на сярэдзіну сцэны, і… палілася музыка. Гэта было штосьці незвычайнае: гітара то плакала, то смяялася, то пяшчотна спявала, то захлёбваючыся крычала і енчыла, то ціха цешылася нечаму. І незразумела было, чыя душа з такой любоўю перадавала чараўніцтва гэтага дзіўнага свету музыкі – гітары альбо гітарыста. Хутчэй за ўсё іх душы ў гэтыя хвіліны зліліся разам – таму і стварылася такое незвычайна моцнае ўражанне чараўніцтва.
     Усе гледачы слухалі як зачараваныя. Скончылася музыка. Раздаўся шквал апладысментаў. Гітарыст пакланіўся і ціха вярнуўся на сваё ранейшае месца. Канцэрт скончыўся. Музыканты пачалі збіраць інструменты. А гледачы так і засталіся пад уражаннем гэтага апошняга выступлення. Іх сэрцы яшчэ доўга былі запоўнены незвычайнай энергетыкай двух кахаючых і адданых адно аднаму музыкальных душ – гітары і гітарыста.
     
      Гэты аповед на рускай мове
18.06.20