Бярозкі-танцоркі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Бярозкі-танцоркі
Бярозкі-танцоркі
Выраслі на ўзлессі дзве кучаравыя бярозы. Кожны год чараўніца вясна іх у яскравыя зялёныя сукеначкі прыбірае, завушніцамі ўпрыгожвае, а цёплы ветрык ім песеньку напявае. Прыемна белым бярозам, што падабаюцца яны вясне і ветрыку, што іх падарункамі адорваюць. І ў знак падзякі схіляюць скромніцы свае тонкія галінкі да зямлі, трапечуць бліскучаю лістотаю. А развесяліўшыся ветрык кружыць, яшчэ гучней песеньку заводзіць, танчыць сябровак запрашае.      Гнуткія постаці у бярозак, ды і ўборы добрыя, вось толькі кавалер адзін на дваіх. Пасаромеліся сяброўкі ўтрох з ветрыкам танчыць. А ён палётаў, палётаў поруч іх, ды і паляцеў у іншыя месцы шукаць такіх жа, як сам, аматараў танцаў.
     Белыя бярозы адразу зажурыліся, нават слёзы выранілі на зямлю. Зараз хто запросіць іх на танец? Ім жа маладым ды прыгожым танчыць ох як хочацца…
     
     Калісьці ў даўнія часы жылі на хутары каля дрымучага лесу пяць маладзіц. Адна другой прыгажэй – усе румяныя, белатварыя, каравокія, з русымі косамі да пят, з добрымі пяшчотнымі сэрцамі. Не лянуючыся, хатнія справы пераробяць, а потым гуляць ідуць па беражку вузенькай стужачкі-ракі. Шыйкі ў іх, як у лябёдак, гнуткія постаці, паходкі плаўныя грацыёзныя.
     Возьмуцца дзяўчыны за рукі і вясёлы карагод павядуць, прыгажосцю роднай старонкі любуюцца, шчасцю свайму ўсміхаюцца. А птушачкі-невялічкі тут як тут – у такт дзявоцкаму танцу мелодыю заводзяць. Спяваць птушкі майстрыхі, вось толькі танцоркі з іх ніякія. На цудоўны канцэрт з усёй акругі людзі збіраюцца. "Ох, і добрыя спадарыні жывуць у нашым лясным краі!" – кажуць.
     Паляцела па беламу свету вестка пра выдатных дзяўчын, што жывуць на хутары каля старога гушчару. Маўляў, прыгажуні любяць спяваць і танчыць, ходзяць нібы павы, чароўныя карагоды на зялёным лузе водзяць. А яшчэ кажуць, маладзіцы так усіх зачароўваюць цуда-танцамі, што вочы ад іх немагчыма адвесці.
     Не на радасць, а на бяду даведаўся пра тое заморскі чараўнік, які жыў вельмі далёка на беразе бязмежнага акіяна. Ператварыўся ён у лёгкі ветрык і прыляцеў да дзяўчын у госці. А ў гасцях ізноў у чалавека перавярнуўся, жадаючы ўгаварыць маладзіц да яго пераехаць. Ох, як захацелася чараўніку такіх прыгожых прыслужніц у сваім доме мець! Ды каб яны былі працавітыя – усё ў хаце рабіць умелі, а яшчэ забаўлялі б яго цудоўнымі танцамі і песнямі.
     Доўга ўгаворваў чараўнік русавалосых танцорак, салодкімі абяцаннямі завабліваў. Але яны, паглядзеўшы ў нядобрыя вочы гэтага чалавека, тут жа адчулі падман і ні за што не згаджаліся пакідаць родныя мясціны.
     – Нам і тут добра, – упарціліся дзяўчыны-прыгажуні. – Мы хочам жыць на сваёй зямлі, яна нас любіць і засцерагае.
     Зразумеў злы чараўнік, што ніяк не дамовіцца яму, не завабіць маладзіц у свае заморскія ўладанні. І тады вырашыўся ён на ліхую справу ў адплату незгаворлівым дзявоцкім сэрцам. Ператварыў ён усіх пяцярых у белыя бярозкі, а сам ізноў стаў ветрам і паляцеў дадому.
     – Раз так, тады стойце на сваёй роднай зямлі вечна. Ніколі ўжо вам не ссунуцца з гэтага месца! – крыкнуў напрыканцы ліхадзей.
     
     Колькі не шукалі пяцярых сясцёр жыхары найбліжэйшай вёскі, так і не змаглі адшукаць. Толькі пяць стройных белых бярозак пад вокнамі хаты на хутары галінкамі махалі і лісцем шамацелі, як бы намякаючы на тое, што, маўляў, яны і ёсць сястрыцы знікшыя і не варта іх больш шукаць.
     З тых часоў сталі дзяўчыны жыць на сваёй радзіме толькі ў іншым абліччы – маладымі дрэўцамі. Як і сказаў ім злы заморскі чараўнік – нікуды яны адтуль не сыдуць, не пакінуць роднае месца. Але аб гэтым бярозкі не вельмі гаравалі. Спяваць і танчыць яны таксама не развучыліся. Кажуць, часта па начах салавейка іх песнямі так зачароўваў, што дзяўчыны-бярозкі зноў у паваў ператвараліся, за рукі браліся і карагоды вадзілі.
     Колькі гадоў яны на свеце пражылі, ніхто не ведае. Можа сто, можа дзвесце, а то і трыста гадоў, можа і дагэтуль жывуць. А яшчэ кажуць, у пяцярых сястрыц за шмат гадоў на галінках мноства “завушніц” вырасла. Іх ім вясна кожны год дарыла. З тых “завушніц” сотні і тысячы новых бярозак вырасла і рассялілася па роднай зямлі.
     
     Кожны, хто прыязджае з заморскіх краін пагасцяваць на гэтую пакрытую лясамі, балотамі, рэкамі і азёрамі зямлю, не можа не заўважыць, колькі на ёй расце дзівосных белых прыгажунь бярозак, і ўсе яны ўпрыгожваюць сваю радзіму.
     
     p.s. Малюнак вядомай беларускай мастачкі Наталлі Расолька
     
      Гэтая казка на рускай мове
7.06.20