Чароўная пан-Флейта Най (чытае Ліка Пташук)
Над гарызонтам бязмежнага мора ўсходзіла Сонца. Спачатку першы самы цікаўны праменьчык дакрануўся да марской хвалі, за ім – другі, потым – трэці, чацвёрты, пяты. І вось ужо велізарны асляпляльны агністы дыск выплыў з-за сіняга Мора, размаляваўшы блакітную ваду ў колер Сонца. Мора здрыганулася ад такога трапяткога цёплага дакранання. Яно сябравала з Сонцам ужо мільёны гадоў, але штораніцы чакала новай сустрэчы з ім.
Цяпло сонечных прамянёў адчуў пясок на марскім беразе і патанаючыя ў густой расліннасці пакатыя схілы высокіх гор. Аднекуль прыляцеў ціхі Ветрык. Убачыўшы Сонца, ён тут жа ажывіўся, разгуляўся і памчаўся на шпацыр па лясной сцяжынцы. Увесь лес на беразе мора ажыў і напоўніўся гукамі музыкі. Гэта былі песні птушак, шолах зялёнай лістоты, стракатанне конікаў, гудзенне пчол і чмялёў.І раптам у гэтым музычным хоры-прывітанні Сонца пачула нечы незвычайна прыгожы меладычны голас.
– Мора! Ты чуеш гэтыя гукі? – спытала яно ў свайго сябра.
– Так!
– Але яны ж чароўныя і незвычайныя! Хто можа цяпер у тваім лесе так незвычайна хораша спяваць?
– Я і само не ведаю, – адказала Мора. – Гэты непаўторны голас я чую ўпершыню!
– Тады, калі ласка, запрасі незнаёмца выйсці да нас насустрач. Я хачу ўбачыць яго твар, – папрасіла Сонца.
Мора не змагло адмовіць у просьбе лепшаму сябру і паслала сваіх чаек у прыбярэжны лес даведацца, хто хаваецца там у такую ранішнюю гадзіну.
Неўзабаве чайкі прынеслі адказ:
– Гэта гучыць Най, пан-Флейта. Яе нядаўна вытачыў з трыснягу горнай ракі нейкі пастух. Ён выпадкова выпусціў інструмент на лясной сцежцы, калі спускаўся са статкам авечак уніз да сяла. Гэту Флейту ён рабіў у падарунак для свайго маленькага сына. Сёння ў яго дзень нараджэння. А шальны Ветрык падхапіў Флейту, падзьмуў у яе, і тая мігам разыгралася, ды так хораша, што заслухаліся ўсе лясныя пеўчыя птушкі. Ім, задавакам, ёсць чаму павучыцца ў чароўнага інструмента.
– Так няхай Ветрык аднясе Флейту хлопчыку! – параілі Сонца і Мора.
– Ён перадаў яе сыну пастуха, – крыкнулі ў адказ чайкі.
Так, хлопчык ужо трымаў незвычайны інструмент ў сваіх руках. Сын пастуха, як і ўсе навокал, быў зачараваны яго гучаннем. Перш, чым аддаць Флейту дзіцяці, Ветрык падзьмуў у яе яшчэ раз, і чароўныя гукі зноў паліліся з немудрагелістых трубачак рачнога трыснягу.
– Які ты з выгляду просты, але такі чароўны! – сказаў хлопчык. – Мне вельмі падабаецца тваё гучанне!
З таго дня сын пастуха стаў вучыцца играць на пан-Флейце. Спачатку не вельмі ўпэўнена, але потым усё лепш і лепш. Ён пачаў разумець, як трэба дзьмуць у трубачкі, каб атрымліваліся гукі, падобныя на звон кропелек дажджу, цурчанне ручайка, пошчакі салаўя, шэпт лістоты.
Мора і Сонца кожны дзень услухоўваліся ў гукі Флейты. Яны імкнуліся дапамагчы ёй яшчэ лепш і цікавей гучаць. Сіняе Мора прыносіла Флейце з заморскіх краін на сваіх хвалях новыя гукі, а Сонца – дасылала невядомыя касмічныя гукі зорак і аблокаў. Флейта запамінала іх, і тады хлопчык мог іх выняць з чароўных трубачак, падзьмуўшы ў іх так, як раіл сам інструмент.
І аднойчы, чароўная Флейта стала непераўзыдзенай у разнастайнасці меладычных гукаў, якія яна навучылася адлюстроўваць. Яе сябар, хлопчык, вырас, стаў вядомым музыкантам. Са сваёй сяброўкай Флейтай ён аб'ездзіў увесь белы свет. Зачараваныя гучаннем пан-Флейты Най слухачы не маглі зразумець, як такі просты падобны на звычайную дудачку інструмент можа перадаваць столькі разнастайных найпрыгожых гукаў.
Кожны раз, пабываўшы ў нейкай новай краіне, музыкант з радасцю вяртаўся дахаты, у роднае горнае сяло на беразе сіняга Мора. Гэта была яго радзіма. Тут усе любілі таленавітага музыканта і яго чароўны інструмент. І толькі на беразе сіняга Мора пры свеце ўзыходзячага Сонца чароўныя гукі пан-Флейты напаўняліся такой любоўю і пяшчотай, што Сонца і Мора, нават зорнае неба пасылалі музыканту і яго дарагой сяброўцы Най тысячы захопленых паветраных іскрынак-пацалункаў!
Малюнак Насці Балыш
Гэтая казка на рускай мове
2.06.20