Музыка дажджу - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Музыка  дажджу
Музыка дажджу
Кроплі дажджу ўсё яшчэ падалі на карніз, выстукваючы вельмі рытмічную, але ўжо нягучную мелодыю. А здалёк у прачыненае акно даносіліся перарывістыя грымоты, і віднеліся кароткія ўспышкі маланкі. Зусім нядаўна тут, нібы ўраган, пранеслася звар’яцелая навальніца. Маланка раздзірала неба, а раз'юшаны гром грукатаў, як ашалелы. Затое сад, які яшчэ гадзіну назад знемагаў ад смагі, цяпер было не пазнаць. Падсохлая трава і лістота дрэў насычыліся вадой і глыбока ўдыхалі вільгаць, якая выпаралася з зямлі. Усё прыціхла і папрыгажэла.      Кампазітар стаяў ля акна, атрымліваючы асалоду ад пасвяжэлага напоўненага азонам паветра, і думаў, што вось такія кароткія, але бурныя ўсплёскі эмоцый патрэбныя нават прыродзе, каб змяніцца ў лепшы бок.
     Усё тое, што ён чуў пару хвілін назад, было вельмі падобнае на музыку, выкананую спантана, без усякай падрыхтоўкі. У гэтым музычным творы была ўверцюра, цэнтральная частка і фінал. Уверцюра: яна толькі яшчэ прадвесціла навальніцу і заклікала, не губляючы час, рыхтавацца да яе. Цэнтральная частка: моцны дождж, які нібы музычная лавіна абрушыўся на зямлю. У цэнтральнай частцы было ўсё – звон кропель, шум лістоты, скавытанне ветра і, вядома ж, гром. Яго грукатанне, нібы ўдары ў велічэзны барабан і талеркі, было чуваць далёка ва ўсёй акрузе. А яркая маланка – гэта колерамузыка, якая асвятліла вячэрняе неба!
     І тады Кампазітар палічыў, што магчыма ў навальніцы, як і ва ўсяго на свеце, ёсць свой нябачны для людзей дырыжор.
     Вось ён устаў на ўзвышшы і ўзмахнуў тонкай агнявой палачкай. І тут жа дрэвы спачатку ледзь чутна, а потым усё мацней і мацней затрымцелі, зашумелі сваёй лістотай. Іх ствалы, нібы кантрабасы і віяланчэлі, трывожна заспявалі, заклікаючы рыхтавацца к чамусьці пасланаму нябёсамі, к чамусьці ужо няўхільнаму і беспаваротнаму…
     Раптам усё супакоілася і змоўкла...
     Але нябесны дырыжор не збіраўся перарываць сваё стварэнне. Ён толькі даў музыкантам зусім невялікую перадышку пасля ўверцюры і зноў падняў угару сваю палачку, а затым зрабіў ёю шпаркія і моцныя рухі. Гэтыя выразныя агнявыя палосы ў вячэрнім небе прымусілі зрынуцца з неба лавіны звонкіх дажджавых кропель.
     І вось ужо то гучна і энергічна, то ледзь суціхаючы, ільецца музыка сапраўднага дажджу. У ёй чутныя галасы скрыпак і віяланчэляў, флейты, фагота і, вядома ж, звонкі голас арфы. Для большай важнасці і абуджэння хвалюючых пачуццяў у прыроды нябачны дырыжор навальніцы яшчэ энергічней і імклівей махае агнявой палачкай, прымушаючы музычны дождж гучаць бесперапынна, а гром грукатаць у такт дажджу.
     Але ў галоўнай частцы ўсякага твора ёсць канец. Ён настае і ў навальніцы. Гучыць фінал. Нябесны дырыжор, яшчэ некалькі разоў узмахнуўшы агнявой палачкай, плаўна апусціў яе ўніз. А маланка, апошні раз бліснуўшы ў небе, адышла за гарызонт.
     Скончылася летняя навальніца, і завяршылася яе музыка. Прырода, нацешыўшыся і насычыўшыся дажджавой вадою, стаіць не зварухнуўшыся. І толькі птушкі, як дзеці, першымі ачуўшыся ад чар навальніцы, уключылі свае звонкія анёльскія галасы. А ў небе, праясніўшымся ад нядаўніх музычных цудаў, ізноў вызірнула сонца.
     
     Малюнак Насці Балыш
     
      Гэтая казка на рускай мове
1.06.20