Музычная Фея
У куце пакоя каля залітага сонечным святлом акна стаяла Віяланчэль. Яркія прамяні адлюстроўваліся ад пакрытага цёмным лакам дэка і ператвараліся ў вясёлыя сонечныя зайчыкі.
У музычнага інструмента была гаспадыня Наташа. Яна вучылася ў музычнай школе, нядаўна скончыла другі клас і перайшла ў трэці. Дзяўчынка любіла сваю Віяланчэль. Яна называла яе Пявунняй за прыгожы голас. Кожны дзень Наташа брала яе ў рукі, праводзіла смычком па струнах, правяраючы іх гучанне. Калі Віяланчэль расстройвалася, дзяўчынка падкручвала калкі, настройвала струны на правільнае гучанне.Вось і цяпер зручна ўладкаваўшыся з Віяланчэллю на стуле, бліжэй пасунуўшы да сябе пюпітр з нотамі, Наташа пачала выконваць вельмі прыгожую мелодыю. Але гэта не было яе хатняе заданне, сёння дзяўчынка іграла сабе ў задавальненне.
У такія моманты Віяланчэль была па-сапраўднаму шчаслівая. З глыбіні яе душы плаўна лілася чароўная мелодыя. Дзяўчынка старалася не фальшывіць, акуратна вадзіла смычком па струнах. У адказ інструмент адклікаўся выдатным меладычным гучаннем.
На кухні мама дзяўчынкі ўважліва прыслухоўвалася да гукаў Віяланчэлі. Яна была задаволена, што нават на канікулах дачка часта бярэ ў рукі інструмент, бо ёй падабаецца іграць. Але вось далікатны голас Віяланчэлі сціх. Дзяўчынка асцярожна паставіла яе на ранейшае месца ля акна, а сама хуценька пачала кудысьці збірацца. Перапрануўшыся, яна ўзяла сумачку і выбегла з пакоя. Хуценька перакусіўшы, трохі пагутарыўшы з мамай на кухні, Наташа паспяшалася да сяброўкі Светы ў суседні дом. Дзяўчынкі сабраліся схадзіць у кіно на новы цікавы фільм. Але як жа інакш! Цяпер жа лета – пара адпачынку ад вучобы.
Віяланчэль засталася адна ў пакоі да позняга вечара. Прыхінуўшыся да сцяны, яна расслабілася і хутка заснула. Можа быць, зараз ёй прысніцца чароўны музычны сон, бо Віяланчэль такая ж уражлівая, як і ўсе творчыя асобы.
А ў гэты час ля пад'езда хаты шамацеў лісцем Ясень. Ён злёгку дакранаўся зялёнай галінкай да акна на другім паверсе, побач з якім у гэты момант спала Віяланчэль. Аказваецца, цікаўны Ясень дзень пры дні глядзеў у тое акно. Там, у пакоі, русавалосая дзяўчынка часта вадзіла смычком па струнах вялікага музычнага інструмента. Яна абдымала Віяланчэль, прыціскала да сябе, быццам родную, штосьці распавядала, увогуле, размаўляла, як з жывой істотай.
"Яны – блізкія сяброўкі, – разумеў Ясень. – І гэта надоўга, магчыма, на ўсё жыццё. Як бы я жадаў, каб у мяне быў такі верны сябар!" Ясень, сам таго не ўсведамляючы, даўно зайздросціў Наташынай Віяланчэлі. Вядома, яе любяць, берагуць, па-сяброўску абдымаюць, праціраюць з яе пыл мяккай анучкай. А ён заўсёды адзін, хоць расце тут жа, побач, за акном!
Пагрузіўшыся ў смутак і нуду, Ясень адразу нават не адчуў, як хтосьці крануў яго цёплай далонню, пакратаў зялёныя лісцікі, пагладзіў гладкі ствол. Гэта бабуля Наташы выйшла з пад'езда, падышла да дрэва і залюбавалася ім:
– Ты ўжо вялікі. Малайчына, што добра расцеш! І мне прыемна пасядзець на лаўцы побач цябе. Расці, мілы, жыві і будзь шчаслівы!
Ад такіх добрых слоў на душы ў Ясеня адразу пацяплела. Ён убачыў знаёмую бабульку, якая часта сядзела побач з ім, і зразумеў – яна яго добры чулы сябар. "Як жа раней я не разумеў гэтага!" – здзівіўся Ясень.
Бабуля яшчэ доўга сядзела на лаўцы пад дрэвам і штосьці казала, толькі ціха, быццам размаўляла сама з сабой. Але Ясеню было вельмі цёпла і прыемна. Ён стараўся моцна не шамацець і прыслухоўваўся да яе голасу. І хоць бабулін голас не гучаў так меладычна, як голас Віяланчэлі, але ён быў такім добрым і ласкавым! А потым прыбегла Наташа. Бабуля ўзяла яе пад руку, і яны пайшлі ў хату. У акне неўзабаве загарэлася святло. Ясень паглядзеў на Віяланчэль. Яна да гэтага моманту ўжо прачнулася...
Якія чароўныя сны сніліся ў гэты вечар нашай Пявунні, няясна. Гэта засталося загадкай. Але, мабыць, яе сны былі вельмі прыгожыя і цудоўныя, таму што цёмна-карычневы лак не яе дэках загадкава пабліскваў, адлюстроўваючы святло люстры. І ўся Віяланчэль у гэтую гадзіну была падобная на натхнёную Фею з добрай чароўнай музычнай казкі.
Гэтая казка на рускай мове
Малюнак Насці Балыш
31.05.20