Каралева Флейты (аповед) (чытае Ліка Пташук)
Алінка хадзіла ў школу. Яна ўжо перайшла ў другі клас. Урокі дзяўчынка рабіла хутка, па вечарах нават паспявала схадзіць у басейн і пачытаць цікавую кніжку. Толькі з сяброўкай Насцяй Алінка сустракалася не часта, хоць жыла ў адным і тым жа доме, на адным і тым жа паверсе, але толькі ў розных пад'ездах. Затое іх дзіцячыя пакоі раздзяляла адна і тая ж сцяна!
Так, так! Алінка рабіла ўрокі, а за сцяной гучала скрыпка. Гэта Насця старанна выводзіла гамы і развучвала эцюды на сваёй маленькай скрыпачцы-чацвярцінцы. Сяброўка хадзіла ў музычную школу. Алінке падабаліся гукі скрыпкі. Яна ўслухоўвалася ў іх, і ёй самой хацелася навучыцца так іграць.Аднойчы тата сказаў:
– Хочаш, я навучу цябе іграць на акардэоне?
– Хачу, – адказала Алінка.
Па святах у коле сяброў яе тата даставаў свой старэнькі акардэон і іграў вальсы. Госці пляскалі ў далоні і казалі, што, не будзь тата хірургам, з яго выйшаў бы выдатны музыка. А цяпер у халодныя і дажджлівыя восеньскія выхадныя дні ён займаўся з дачкой – абучаў яе іграць на акардэоне. Да вясны дзяўчынка ўжо нядрэнна выконвала простыя эцюды і песенькі. А Насця пахвальна пастуквала сяброўцы ў сценку пасля добра выкананага ёю музычнага твора.
Вось толькі цяжкі акардэон не вельмі прыемна было браць у рукі. Пасля ігры на ім у дзяўчынкі балела спіна. І тады тата вырашыў спыніць заняткі.
– Падрасцеш, ізноў пачнеш іграць, – сказаў ён.
На канікулах бабуля прапанавала ўнучцы пажыць разам з ёй на дачы. Кожны раз улетку, калі дзяўчынка прыязджала ў тыя мясціны, ёй здавалася, што яна патрапіла ў казку. Настолькі прыгожым і незвычайным было ўсё тое, што абкружала Алінку!
Бабуліна хата стаяла на прыгорку. З аднаго боку ад яе шалясцеў цяністы фруктовы сад, а з другога – праз дарогу віднеўся густы лес. Па абодва бакі сцяжынкі, што вяла ад брамкі да хаты, раслі дзіўныя вельмі прыгажыя кветкі. Калі дзяўчынка прабягала побач з імі, кветкі схілялі да яе яркія рознакаляровыя галоўкі і шапталі:
– Якая яна прыхожая! Вельмі прагожая!
Алінка забягала ў хату, заглядвала ў вялікае люстэрка ў разной драўлянай аправе, бачыла ў ім свой загарэлы пасвяжэлы ўсмешлівы твар і разумела, што яна сапраўды прыгожая!
Усё ў гэтай хаце прыемна дзівіла і стварала ў душы дзяўчынкі радасны настрой: і старая тоўстая трохстворкавая шафа, і круглы драўляны стол, пакрыты квяцістай цыратай, і старадаўнія ходзікі з зязюляй на сцяне ля акна. Нават крэслы на верандзе былі нейкія незвычайныя – моцныя, дубовыя з падлакотнікамі.
Летнія дзянькі праляталі непрыкметна. Дзяўчынка часта займалася хатнімі справамі – дапамагала бабулі ў гародзе, у садзе, хадзіла ў краму за малаком і хлебам. Бабуля старалася не вельмі дакучаць унучцы і дазваляла ёй падоўгу гуляць у садзе альбо каля хаты. Там за плотам хаваліся сапраўдныя цуды. Яны былі непрыкметнымі, калі Алінка хадзіла разам з бабуляй за ягадамі. Чаму? Мабыць, толькі адной дзяўчынцы лес адкрываў усё тое, што было ў яго пад сям'ю замкамі. Не, Алінка баялася ў адзіночку далёка заходзіць у лясны гушчар! Там маглі хавацца ведзьмы, нават баба Яга альбо сам захавальнік лесу Лясун мог выйсці да яе насустрач. Але тут, на ўскрайку лесу, усё гуло, звінела, трашчала і спявала! Птушкі без стомы рассыпалі па верхавінам дрэў свае далікатныя і звонкія пошчакі, жучкі, пчолкі, конікі і стракозы – кружыліся і гулі ля самай зямлі, то хаваючыся ў высокай траве, то вылятаючы наверх. Рознакаляровыя матылькі пырхалі ў сярэдзіне ўсяго гэтага безразважнага натхнёнага ляснога свята. А сонца залаціла зялёную лістоту і іголкі, расквечвала траву і кветкі.
Баючыся далёка ісці, Алінка садзілася на найбліжэйшы пянёк і, пачуўшы пяшчотны голас незнаёмай птушачкі, узіралася ўгару, імкнучыся разгледзець паміж галін гэтую далікатную і незаўважную чароўную істоту. Але так і не разглядзеўшы малютку, удосталь нацешыўшыся яе песнямі, Алінка ўцякала дахаты, прыхапіўшы з сабой маленькі букецік лясных кветак.
І тады на бабуліным стале расцвіталі лясныя фіялкі, званочкі і незабудкі, а іх тонкі водар разносіўся па пакоі.
– Ты хадзіла ў лес? – разумела бабуля, але не паўшчувала ўнучку. Яна ведала, што паслухмяная Алінка не пойдзе далёка, таму што баіцца заблудзіцца.
– Бабуля! У лесе так добра! Птушачкі спяваюць, пахне ягадамі і кветкамі! – захаплялася дзяўчынка.
– А яшчэ там могуць бегаць ваўкі, – папярэджвала бабуля. – Далёка хадзіць я табе не дазваляю.
– Я не хаджу далёка, – супакойвала яе Алінка.
Але сама ўсё яшчэ марыла сустрэць у лесе цудоўную лясную Фею…
У выхадны дзень прыехаў тата. Ён сказаў, што ўвосень Алінка пойдзе займацца ў музычную школу, і што ён купіць ёй новы музычны інструмент – флейту.
– Флейту? – не зразумела дачка. – Я не ведаю такога інструмента.
– Гэта звычайная труба, – сказаў тата. – Табе яна спадабаецца, таму што хораша гучыць.
Тата паехаў дадому, а Алінка яшчэ доўга не магла супакоіцца. Яна ўяўляла сабе гэтую незнаёмую трубу вялікай і доўгай, цяжкай і нязручнай. "Як я буду на ёй іграць? – думала дзяўчынка. – У яе трэба моцна дзьмуць, у мяне не хопіць сіл!"
Засмучаная, яна паскардзілася бабулі. Але тая параіла пакуль што не хвалявацца:
– Тата не купіць табе цяжкую трубу, ён разумее, што ты яшчэ малая.
Уначы Алінке прысніўся дзіўны сон. Яна сустрэла ў лесе лясную Фею. Чараўніца была апранута ў тонкую светла-зялёную сукенку да пят, яе русыя валасы спускаліся да самай зямлі, а на галаве была карона з зіхатлівых смарагдаў.
– Глядзі, што я табе прынесла! – сказала лясная Фея. – Калі ты палюбіш гэты інструмент і навучышся на ім іграць, ён загучыць чароўнымі галасамі і будзе саграваць душы ўсіх, хто ў гэты час апынецца побач з табой. Ты станеш Каралевай Флейты!
Алінка ўбачыла, што ў руцэ Феі з'явілася невялікая вытанчаная трубачка. Яна зіхацела і вабіла да сябе. Раніцой Алінка спрабавала па крупінках успомніць свой сон. Ён быў нейкім неверагодна салодкім і прыемным. Але ў памяці застаўся толькі голас выдатнай незнаёмкі і яе словы…
Непрыкметна падабралася восень. І Алінка разам з бабуляй з'ехала з дачы ў горад. Там яе зноў чакалі падручнікі і сшыткі. А яшчэ ў невялікім чорным футляры ляжаў той самы чароўны інструмент.
Тата адчыніў футляр і дастаў адтуль флейту.
– Дык яна ж падобная на звычайную дудачку! – здзівілася Алінка.
– Гэта блок флейта, – сказаў тата. – У музычнай школе ты хутка навучышся на ёй іграць. Не бойся!
– А я і не баюся! – адказала дачка.
Яна ўзяла ў рукі маленькую бліскучую флейту, разгледзела ўсе яе дзірачкі.
– Як цікава! – сказала Алінка. – Няўжо на ёй можна іграць гамы і эцюды, як на скрыпцы?
– Мабыць, можна! – усміхнуўся тата. – Заўтра пойдзем у музычную школу і тады ты сама ўсім даведаешся.
Вось так пачалося новае жыццё Алінкі не толькі ў звычайнай школе, але яшчэ і ў музычнай разам з маленькай прыгожай блок флейтай. Пройдуць гады. Дзяўчынка падрасце, а разам з ёй вырасце яе майстэрства як музыкі. Яна навучыцца добра іграць на флейце. Голас яе цудоўнай флейты будзе зачароўваць сэрцы слухачоў. І аднойчы хтосьці на сцэне гучна і захоплена абвесціць:
– А цяпер перад вамі выступіць усімі любімаая Каралева Флейты!
Малюнак Насці Балыш
Гэты аповед на рускай мове
31.05.20