Лясныя выратавальнікі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лясныя выратавальнікі
Лясныя выратавальнікі
Пасля доўгай марознай і снежнай зімы ў бярозавым гаі на беразе ракі гарачыя прамяні вясновага сонейка растапілі снег. З узгорка да ракі пацяклі ручайкі. На сагрэтых праталінах зямлі прабіліся на свет першыя вясновыя кветкі – падснежнікі і пралескі. Паступова і рака вызвалялася ад лёду. А белыя бярозы, ачуўшыся ад доўгага зімовага сну і накіраваўшы свой позірк на блакітнае неба, напоўненае сонечнымі іскрынкамі, з нецярпеннем чакалі прылёту дарагіх гасцей – чорных гракоў.      А тыя ўжо пазбіраліся ў дарогу. Пералётных птушак чакала няблізкае вандраванне з далёкай паўднёвай краіны на поўнач у прыгожы бярозавы гай, які ўжо стаў ім родным. Там на верхавінах высокіх стройных бяроз ля самага неба шмат гадоў запар гракі вілі свае гнёзды і гадавалі ў іх птушанят.
     Добра адпачыўшы, цямлівыя і цягавітыя птушкі адправіліся ў дарогу. Важак, як галоўны ў вялікай чарадзе чорнакрылых птушак, кіраваў пералётам. Для кароткага адпачынку ў дарозе ён выбіраў зручныя месцы. Але, даляцеўшы да паўночных земляў і прадчуваючы хуткае завяршэнне палёту, гракі ужо не захацелі спыняцца на адпачынак. Яны спяшаліся хутчэй дабрацца да свайго бярозавага гаю і ў спешцы не заўважылі велізарнай шэрай хмары, якая імкліва насоўвалася прама на іх.
     Як жа не пашанцавала крылатым вандроўнікам! Халодны праліўны дождж наскрозь прамачыў іх далікатныя цельцы і крылы. Знясіленыя птушкі зваліліся на зямлю, так і не паспеўшы дабрацца да сваіх леташніх гняздоўяў.
     – Мне балюча! Балюча! Я ўвесь прамёрз ад холаду! – енчылі небаракі, апынуўшыся на зямлі ў незнаёмым месцы.
     І ўсе-такі гэтыя птушкі аказаліся ўдачлівымі, бо яны патрапілі ў дзіўны лес, дзе ўсім ім змаглі дапамагчы, выратавалі і вярнулі да ранейшага жыцця…
     
     Ранкам вавёркі-санітаркі выпадкова знайшлі чараду паміраючых птушак у сваім лесе на яшчэ не адагрэтай ад зімовага холаду зямлі.
     – Небаракі! Яны захварэлі, іх цельцы гараць. Ва ўсіх гракоў запаленне лёгкіх! – данесліся да вушэй саслабелых птушак нечыя спалоханыя крыкі.
     – Ляці! Паведамі пра ўсё галоўнаму ўрачу, – папрасіла адна з вавёрак ахоўніка лесу чорнага Крумкача. – Трэба падрыхтаваць для хворых цёплыя койкі і лекі. Мы ж паспрабуем як мага хутчэй даставіць іх у нашу лячэбніцу.
     Аказваецца, у глыбіні гэтага выдатнага лесу на вялікай светлай паляне размясціўся Лясны шпіталь. Яго пабудавалі лясныя звяркі: вавёркі, зайцы, вожыкі і мышы, самотны стары ліс і яго сябар воўк. У чымсьці будаўнікам дапамагалі дзятлы, вароны і іншыя птушкі. Разумныя жывёлы ведалі, што без сваёй лясной лячэбніцы жыць ім будзе цяжэй. Часам хварэюць іх дзеці і яны самі, хоць жыхары лесу галоўным чынам загартаваныя. Але ў жыцці ўсякае бывае. Вось такая непрадбачаная бяда і здарылася з незнаёмымі лясным жыхарам птушкамі.
     Усім вядома, што ўрачы даюць клятву Гіпакрата – лячыць усіх, хто мае патрэбу ў гэтым. Гракі ж – цяжка хворыя пералётныя птушкі, ім абавязкова трэба было дапамагчы, іх неабходна было вылечыць ад пнеўманіі, нават калі яны не жыхары тутэйшага лесу.
     Неўзабаве клапатлівыя вавёркі-санітаркі даставілі ў Лясны шпіталь усіх хворых і размясцілі на койках. Галоўны ўрач, заяц Турбоцік, агледзеў кожнага грака і даў указанні сваім супрацаўнікам.
     Закіпела работа ва ўрачоў і медсясцёр. Урачы – зайцы, медсёстры – мышкі вельмі стараліся лячыць хворых. Яны давалі ім лекі, кармілі і паілі, перасцілалі койкі, размаўлялі з птушкамі і падтрымлівалі ў іх добры настрой.
     – Хутка вы ўсе паправіцеся і паляціце ў свой бярозавы гай, – сказаў гракам галоўны ўрач, заяц Турбоцік. – Вось толькі ў будучыні будзьце больш асцярожнымі і ўважлівымі. Паглядзіце, якое прыгожае вясновае надвор'е ў лесе! Уся прырода ажывае. Нікому не хочацца хварэць у такую пару года. Так што папраўляйцеся, усё ў вас будзе добра!
     Праз тры тыдні гракі паправіліся і пакінулі клапатлівую лясную хату, дзе іх вылечылі ад цяжкай хваробы. Птушкі ўзляцелі ў неба і, паглядзеўшы з вышыні на яркі, нібы вытканы з нябесных зорачак дах Ляснога шпіталя, на развітанне пракрычалі сваім выратавальнікам:
     – Мы ніколі не забудзем ваш добры клопат пра нас, дарагія сябры! Няхай усё дрэннае абыходзіць ваш гастінны лес бокам! Мы любім вас, поспехаў і шчасця вам!
     
     А у родным бярозавым гаі хваляваліся бярозы, занепакоеныя тым, што чорныя гракі так доўга не прылятаюць. Дрэвы сумна глядзелі ўдалячынь, усё яшчэ спадзяючыся разгледзець там знаёмыя сілуэты птушак.
     – Ура! Яны ляцяць! – каркнула зоркая Варона, сяброўка гракоў.
     І ўраз увесь гай ажыў, затрапяталі нітачкі-галінкі бяроз, у іх белых ствалах забурліла жыццё.
     – Нарэшце яны вярнуліся! – шапталіся дрэвы, і светлай радасцю напаўнялася ўсё вакол.
     – Вось мы і прыляцелі. Вы нас чакалі? – спыталі гракі. – Нам трохі не пашанцавала ў дарозе. Але цяпер усё ў парадку. Да таго ж, у нас з'явіліся добрыя сябры ў адным дзіўным лесе, – выхваляліся перад белымі бярозамі пералётныя птушкі.
     Адшукаўшы свае леташнія гнёзды, моцна стаміўшыся ў дарозе, птушкі хутка заснулі.
     
     Назаўтра, адпачыўшы, яны возьмуцца за работу. Ім трэба будзе ўмацаваць і абнавіць гнёзды, каб вывесці ў іх здаровых птушанят. Вядома ж, чорныя гракі распавядуць родным бярозам пра тое, што здарылася з імі ў час пералёту, і паспрабуюць зрабіць усё, каб надалей ніколі не трапляць у такую бяду.
     
      Гэтая казка на рускай мове
1.05.20