Вясновае Люстэрка
У першыя дні сакавіка маладая прыгажуня Вясна паспяшалася адправіцца ў палёт ад берагоў паўднёвых мораў да берагоў паўночных мораў, каб па дарозе навесці свой вясновы парадак на зямлі. У паўднёвых краях Зіма амаль не пакінула снегу і лёду, таму там у Вясны не было клопатаў. А вось чым бліжэй яна падлятала да поўначы, тым больш заўважала схаваныя пад снегам і лёдам палі, рэкі, азёры. Ды і ў лясах Вясне яшчэ трэба было добра папрацаваць, каб растапіць пад дрэвамі заляжалы снег.
У гэтай няпростай рабоце Вясне кожны год дапамагала Сонейка. У канцы Зімы яно часта выглядвала з-за снежных хмар і разглядала паўночныя землі, спрабуючы зразумець, дзе ў яе і ў Вясны будзе больш працы, пра каго ім у першую чаргу трэба будзе паклапаціцца і каго адагрэць.А цяпер яе сяброўка, Вясна, пралятаючы над стэпавымі абшарамі, любавалася першымі яркімі кветкамі, якія размалявалі стэп каляровымі фарбамі.
– Ах, вы ўжо прачнуліся? – усміхнулася яна, назіраючы, як жвавыя суркі вылазяць з норак і становяцца на заднія лапкі, каб павітаць яе.
– Так, Вясна, мы прачнуліся і чысцім кватэры нашага падземнага горада ад смецця, якое назапасілася за Зіму.
– А горад у вас вялікі?
– Вялікі. У нашым падземным горадзе шмат вуліц і тунэляў. Там у нас прасторна, – пахваліліся суркі.
– Тады, да наступнай сустрэчы! – крыкнула Вясна і паляцела далей.
Ёй было прыемна назіраць, як на берагах паўднёвых рачулак і азёр, якія зусім не замярзаюць узімку, лебедзі, крачкі, чайкі і іншыя птушкі ўладкоўваюць гнёзды для птушанят. Вясна слухала іх радасныя галасы і цешылася разам з імі.
– Але не ва ўсіх усё так добра складваецца. Бліжэй да поўначы, у лясах, яшчэ шмат снегу, – раптам Вясна побач з сабой пачула голас Сонейка.
– Так, дарагое Сонейка, – Вясна зірнула ўгару на неба, адшукваючы там свайго лепшага сябра. – Таму я і спяшаюся да іх на дапамогу.
А Сонейка працягвала:
– Сяброўка, Вясна! У мяне да цябе вялікая просьба, – яно бліснула люстраным праменьчыкам уніз, асвятліўшы яркую квяцістую сукенку Вясны і яе светла-зялёны лёгкі шалік. – Вось гэта чароўнае Люстэрка я аддам табе на нейкі час для таго, каб ты дапамагла мне адагрэць тры маленькія бярозкі. Яны могуць загінуць. Іх карэньчыкі накрыты тоўстым пластом лёду. Я не магу яго растапіць, таму што мне замінаюць кроны высокіх дрэў. Яны засланяюць бярозкі ад маіх гарачых прамянёў. Але маё чароўнае Люстэрка можа дапамагчы выратаваць гэтыя далікатныя дрэўцы. Падляцеўшы бліжэй да бярозак, ты, Вясна, зловіш чароўным Люстэркам мае самыя яркія і гарачыя прамяні і накіруеш іх прама на заледзянелыя ножкі бярозак. Дамовіліся?
– Добра. Толькі скажы, дзе шукаць гэтых мярзлячак? – пагадзілася Вясна.
– Ды вунь там, за тымі лясамі і палямі, – Сонейка паказала ўдалячынь на паўночныя землі.
– Добра, – паабяцала Вясна і, забраўшы ў Сонейка Люстэрка, хутка паляцела наперад...
– Што гэта так свеціць у руцэ Вясны? – спытала маленькае Жабяня, сагрэўшыся на зялёнай траўцы пад Сонейкам.
– Люстэрка, – адказала яго мама Жаба.
– Хай аддасць яго мне, я хачу з ім пагуляць, – захныкала Жабяня.
– Як жа яна табе яго аддасць? Гэта Люстэрка не простае, а чароўнае, яно сагравае самых азяблых. А табе і так цёпла. Вунь колькі вакол цябе сонечнага святла! – крыкнула азёрная Чайка.
– У-ў-у! – паспрабавала капрызіць Жабяня.
Але мама Жаба строга зірнула на яго:
– Не плач. Гэта Люстэрка не тваё. У цябе ёсць свае цацкі – каменьчыкі і шкельцы. Гуляй з імі.
А Вясна, хутка праляцеўшы над азёрамі, ужо схавалася за ляснымі гушчарамі. Па дарозе яна асвятляла чароўным Люстэркам самыя патаемныя куткі на зямлі і з дапамогай гарачых прамянёў Сонейка чысціла іх ад лёду і снегу. Зямля сагравалася і напаўнялася звонам кропелек адталай вады і журчаннем вясновых ручайкоў.
– Вялікі дзякуй Сонейку і Вясне! – дзякавалі адталыя лясы, рэкі, азёры, палі. – Вы сагрэлі нас.
Вожыкі і мышкі вылазілі з зімовых норак і ўсміхаліся яркаму і цёпламу вясноваму дню. Нават касалапы Мішка прачнуўся, выбраўся з бярлогі, пацягнуўся і прагыркаў:
– Вось і да мяне Вясна прыляцела!
А маленькія ваверчаняты ўжо скакалі па цёплых галінах дрэў, размахваючы пухнатымі хвосцікамі. Толькі тры маленькія бярозкі, змёрзлыя і амаль нежывыя, спалі ў лесе беспрасыпным сном. Яны нібы застылі і не маглі ад слабасці паварушыць нават самай маленькай галінкай.
– Небаракі! – пашкадавала іх Вясна. – Гэта вялікая лужына з лёду замарозіла вам ножкі-карэньчыкі. І чаму ты, стары дуб-волат, не змог адсунуць ад Бярозак свае велізарныя галіны, каб даць магчымасць Сонейку асвятліць і сагрэць іх! – паўшчувала яна велізарнае дрэва.
– Але я дапамагу вам, мае дарагія бярозанькі, бо ў мяне ёсць чароўнае Люстэрка.
Вясна скокнула на верхнюю галінку дуба і накіравала Люстэрка на бярозкі. А ў Люстэрку ўжо разгараліся яркім святлом самыя гарачыя сонечныя прамяні.
– Раз-два-тры! – нібы гарачым прасам Вясна пагладзіла ледзяныя лужыны, а яны мігам расталі і нават нагрэліся.
– Прачынайцеся, соні! Пара ўставаць! Сонейка і Вясна ўжо тут, побач з вамі, – зазвінелі сінічкі, усеўшыся на тонкія галінкі бярозак.
Адагрэўшыся, напаіўшы свае карэньчыкі цёплай вадзіцай, бярозкі прачнуліся, усміхнуліся ўсім і паварушылі галінкамі.
– Зараз набірайцеся сіл, мае мілыя! Хутка ў вас на галінках вырастуць цудоўныя зялёныя лісточкі, – сказала Вясна, пяшчотна абняўшы бярозкі…
А неўзабаве яна ўжо ляцела далей саграваць іншыя расліны і адтайваць змёрзлую паўночную зямлю.
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэтая казка на рускай мове
19.04.20