Зялёна-блакітны скарб Зямлі
Дзесьці далёка-далёка ў незнаёмай галактыцы сярод тысяч прамяністых зорак згубілася маленькая жывая планета ў чымсьці падобная на нашу Зямлю толькі ў тысячу разоў меншая за яе па памеры. Не так даўно зямляне дазналіся пра яе існаванне і за маленечкі памер далі ёй імя Расінка. Але пра тое, што гэта планета заселена, на Зямлі яшчэ не хутка даведаюцца.
А на Расінцы ўжо шмат стагоддзяў запар існуе жыццё чымсьці падобнае на наша зямное, аднак нашмат больш развітое. Жыхары гэтай планеты ніколі самі не лятаюць у космас на далёкія адлегласці. На касмічных караблях па абшарах Сусвету лятаюць іх разумныя робаты. З дапамогай робатаў жыхары Расінкі вывучылі ўвесь Сусвет і аднойчы дабраліся да нашай Зямлі. Дапытлівых жыхароў маленечкай Расінкі зацікавілі зямляне і прырода нашай планеты. З дапамогай звышдакладных прыбораў, усталяваных у іхніх навуковых цэнтрах, яны змаглі на вялікіх экранах бліжэй разгледзець Зямлю…У той час у галоўнага навуковага даследчыка касмічнай прасторы Сусвету падрастала дачка Юта. Лепшым падарункам да надыходзячага дня нараджэння дзяўчынка палічыла цікавы фільм пра Зямлю. І тады яе тата стварыў такі фільм па здымках са спадарожніка. А ў дадатак да гэтага тата Юты адправіў у далёкі палёт да Зямлі робатаў для пільнага вывучэння яе паверхні, якая выпраменьвала шмат розных каляровых фарбаў.
Справа ў тым, што Расінка была аднатоннага шэрага колеру. Калісьці яшчэ да нараджэння Юты планету спасцігла вялікае гора. Яна згарэла. Хто падпаліў квітнеючую маленькую планету, засталося таямніцай. І з тых часоў ніхто не змог аднавіць на ёй ранейшае яркае жыццё з кветкамі, раслінамі і жывёламі, такое, якое было ў старыя добрыя часы. Апрача таго, насельніцтва планеты паменьшылася, бо большасць з жыхароў загінула пры пажары.
Да пажару Расінка была высокаразвітой планетай. Жыхары шмат сіл і часу патрацілі на тое, каб зрабіць яе такой. Але зараз нават адной кветачкі ніхто не змог вырасціць на ёй. Падчас пажару загінула і высахла ўсё. Разгледзеўшы праз магутны тэлескоп Зямлю і заўважыўшы на ёй зялёна-блакітнае свячэнне, Юта папрасіла тату адправіць на Зямлю адмысловы касмічны карабель з робатамі-даследчыкамі.
Мноства гадоў таму падобны карабель з планеты Расінка ўжо пабываў на Зямлі. Тады іншапланецяне шмат цікавага даведаліся пра нашу планету. Але час прайшоў і пра гэта на Расінцы, на жаль, забыліся. Аднак, калі суперхуткасны касмічны карабель з робатамі дасягнуў паверхні Зямлі, яе лясы, боры, гаі, кветкавыя лугі і паляны ўспомнілі аповеды сваіх продкаў пра маленечкіх прышэльцаў з іншай планеты. Цікава, што гэты касмічны карабель, велічынёй са звычайны гузік для паліто зямляніна, прызямліўся на квітнеючай беларускай зямлі. З яго выйшлі робаты велічынёй з мурашку. Людзі не змаглі б заўважыць такую малечу. Але расліны і казуркі разгледзелі іншаземцаў.
– Сардэчна запрашаем да нас, – прашамацелі бярозавыя гаі, дубровы і хвойнікі.
Велізарныя старыя валуны таксама ўспомнілі, як калісьці даўно на Зямлю прыляталі іншапланетныя караблі. Тады мову валуноў разумелі робаты з планеты Расінка. І цяпер ужо іншыя робаты, але ўсё з той жа далёкай планеты зноў змаглі зразумець мову валуноў. Магчыма, у гэтай старажытнай мове валуноў было штосьці падобнае на мову робатаў.
– Мы рады бачыць вас у нас у гасцях, – загудзелі валуны. – Знаёмцеся з нашай беларускай прыродай, яна вельмі прыгожая.
Узброіўшыся адмысловымі відэакамерамі іншапланетныя робаты-даследчыкі адправіліся ў вандраванне па зямлі Беларусі. Матылькі дапамаглі прышэльцам, яны насілі іх на сабе, бо тым было зручней фатаграфаваць з вышыні.
– Як хораша ў вас, колькі кветак і фарбаў! Наша планета сера-жоўтая і сухая, як пясок і пыл. На ёй нічога не расце. Наша дзяўчынка Юта разгледзела на Зямлі зялёна-блакітнае свячэнне і адправіла нас сюды, каб мы яго лепш сфатаграфавалі.
– Зялёнае святло ідзе ад зелёнай травы і іншых раслін, якія растуць у лясах, на палях і лугах, а блакітнае – ад чыстага блакіту вады ў рэках і азёрах, – растлумачылі іншапланецянам птушкі.
Яны ляталі побач з робатамі і дапамагалі ім знаходзіць цікавыя месцы для здымання. Не губляючы час, робаты здымалі цікавыя відэакадры і тут жа перадавалі іх па касмічнай сувязі на сваю планету.
Пра што ж гаварылася ў дакументальных фільмах, якія потым стварылі на планеце Расінка з пасланняў робатаў? Што больш за ўсё спадабалася іншапланецянам на нашай беларускай зямлі?
Цікава, але іншапланецяне, назіраючы за прыродай Зямлі, нават не глядзелі ў бок гарадоў і мястэчкаў, іх не прыцягвалі вышынныя дамы, старадаўнія замкі, сучасныя аўтамабілі, самалёты, заводы, гандлёвыя дамы, спартыўныя збудаванні. Чаму? Відаць усяго гэтага на іх планеце нашмат больш. Робаты-даследчыкі цікавіліся толькі прыродай, раслінамі і жывёламі. За некалькі дзён робаты абследавалі ўсю беларускую зямлю, яе рэкі, азёры, лясы і балоты. Яны дзівіліся, гледзячы на дзіўных звяроў і птушак, якіх не было на іх планеце. Нават мурашкі і жабы ўразілі іншапланетных робатаў.
Дачка навуковага даследчыка Юта перагледзела ўсе відэакадры, якія перасылалі робаты. Як жа ўсхвалявана білася яе сэрцайка, з якім захапленнем яна любавалася цудоўнай зямной прыродай, і як ёй хацелася, каб на яе роднай планеце аднойчы расцвілі палявыя кветкі, а на іх пялёстках заіскрыліся маленькія кропелькі сапраўднай празрыстай вадзяной расы.
– Мы падорым вашай планеце шмат рознага насення, – сказалі зямныя расліны.
– А мы аддадзім вам шмат кропелек сваёй самай чыстай вады, – сказалі крыніцы.
– Паспрабуйце зрабіць усё, каб на вашай планеце зноў ажыла прырода, – праспявалі птушкі.
Сабраўшы ўсе падарункі, іншапланетныя робаты паляцелі назад, каб працягнуць навукова-даследчую працу толькі ўжо на планеце Расінка пад кіраўніцтвам сваіх стваральнікаў – навукоўцаў…
Пройдзе яшчэ шмат доўгіх гадоў. Вядома, наступіць тая гадзіна, калі прырода на планеце Расінка адродзіцца, бо на ёй жыве высокаразвітое насельніцтва Сусвету.
Жыхары Расінкі змогуць стварыць ваду падобную на зямную з вадароду і кіслароду, якія ёсць у атмасферы планеты. А калі сухія пустыні насычацца вадой, іншапланецяне змогуць вырасціць на ёй расліны такой велічыні, якая патрэбна іх планеце. Хай гэта будуць маленькія дрэўцы і малюсенькія кветачкі, але яны стануць упрыгожваннем планеты. Дзяўчынка Юта да таго часу састарэе, але будзе ўспамінаць тыя гады, калі яна разам з бацькам і іншымі разумнымі іншапланецянамі адраджала прыроду сваёй роднай планеты.
Але ці варта было дапушчаць такое няшчасце, якое перажыла гэта планета? Можа разумным іншапланецянам было б лепш загадзя добра абдумваць усе магчымыя праблемы, якія маглі прывесці іх планету да такой катастрофы?
Жыхары далёкай планеты часта ўспамінаюць зямную прыроду, гэты цудоўны зялёна-блакітны шарык, дзе столькі прыгажосці. Яны ўдзячныя зямным раслінам і вадзе за тое, што тыя дапамаглі ім вярнуць выдатную жывую прыроду на Расінцы.
– Беражыце сваю жывую вельмі прыгожую прыроду! – такія сігналы з космасу часта чуюць зямныя лясы і лугі, азёры і рэкі.
А старажытныя валуны, тыя, што ляжаць у гарадскіх парках, сёлах, на палях і лугах, у лясах і на пагорках імкнуцца перадаць гэтыя іншаземныя пасланні людзям.
– Хіба гэта магчыма? – спытае які-небудзь недаверлівы чытач.
Вядома, нават не сумнявайцеся. Вы толькі прыкладзіцеся да старажытнага каменя сваім вухам. Чуеце? Гэта ён, сівы камень, пра нешта вельмі важнае распавядае вам…
Гэты аповед на рускай мове
5.03.20