Бабулін агарод
Кожны год на градках у людзей вырастае агародніна. Бабулі і дзядулі, мамы і таты ў вёсках і на дачах вырошчваюць моркву і буракі, бульбу, агуркі і памідоры, цыбулю і салату, радыску і рэпу, кабачкі і перац, кроп і кмін, гарбузы і, вядома ж, капусту для таго, каб увесь год да наступнай восені гатаваць смачныя стравы са свайго ўраджаю. Людзям падабаецца праца на гародзе, яны вельмі задаволены, калі ўвосень з градак збіраюць саспелую і прыгожую агародніну. А як жа самі расліны, што думаюць яны пра такое незвычайнае жыццё? Як яны ўмудраюцца вырастаць з маленькага насення, ператвараючыся ў буйную сакавітую агародніну?
У адной вёсачцы на сваім агародзе шмат гадоў запар бабуля расціла агародніну. Падрыхтоўваць градкі да пасадкі, перакопваць і ўгнойваць зямлю на іх ёй дапамагаў дарослы сын. А насенне морквы, буракоў, радыскі, зялёнай салаты, гарошку, цыбулі, часнаку, гарбузоў, кабачкоў і іншай гародніны бабуля высаджвала ў зямлю сама, выбіраючы, дзе што лепш пасадзіць.Калі прыйшла чарговая вясна, зямля адтала ад снега і прагрэлася, бабуля пачала прыводзіць у парадак свой агарод. На самай светлай сонечнай градцы яна пасеяла насенне агуркоў, а далей, каля плота – насенне капусты. Памідоры і перац бабулька вырашыла пасадзіць у парніку, бо яны вельмі баяцца халадоў, а бульбачку – у канцы агарода.
Калі ўсё было пасаджана, бабуля працягвала сачыць за сваімі раслінамі, бо іх трэба было паліваць, праполваць, каб яны добра раслі. Дзякуючы такому рупліваму догляду, бабулін гарод ажыў, у зямлі заварушылася насенне, яно прарасло і выпусціла з цемры наверх, бліжэй да яркага сонейка, свае маленькія парасткі. Дзень за днём гэтыя парасткі ўсё вышэй і вышэй цягнуліся ўгару. Але кожны від гародніны быў не падобны на іншы. Апрача таго, адна гародніна хутчэй спела, іншая – павольней.
Так радыска і цыбуля вельмі хутка раслі і буйнелі. Зялёныя сакавітыя стрэлкі цыбулі ўжо прасіліся да бабулі на стол, гэтак жа, як і разрумяніўшаяся пухлая радыска. А морква і буракі яшчэ толькі пачалі фарміраваць у зямлі свае чырвоныя і бардовыя цельцы, хаця зялёныя хвосцікі ў іх ужо адраслі і тырчалі з зямлі. Але іх не зрывала бабуля. Яе ўвагу прыцягвалі маленькія агурочкі, якія ў сярэдзіне лета хутка спелі на агурочнай градцы. Спачатку на зялёных павойных сцяблінках агуркоў поруч шырокіх лісточкаў расцвіталі сапраўдныя жоўценькія кветкі, іх смачны сок прыляталі паспрабаваць пчолкі і чмялі. А потым непрыкметна агурочныя кветачкі ператвараліся ў маленькія бліскучыя зялёныя агурочкі.
– Ах, якія ж вы прыгожыя і смачныя! – хваліла агурочкі бабуля, збіраючы іх з градкі ў падол фартуха і адносячы ў хату, каб там пачаставаць сваіх дамачадцаў. Вядома, што пахучы салат са свежага кропу, цыбулі, радыскі, агуркоў ды яшчэ са смятанай любяць усе.
Розныя віды агародніны, седзячы на градках, глядзелі адно на аднаго з цікавасцю і сачылі за тым, хто з іх раней вырасце. Кожнаму хацелася паспець хутчэй іншага, ды так, каб стаць прыгожым і смачным, бо тады яго пахваліць бабуля.
Улетку час хутка бяжыць. Вось ужо апусцела градка з радыскай і салатай, потым надышла чарга агурочкам, затым часнаку, цыбулі і перцу, кабачкам, памідорам, моркве і буракам. А калі прыйшла восень, бабуля з дапамогай сына выкапала бульбу, занесла ў хату вялікі жоўты гарбуз, падобны на футбольны мяч, і ў яе агародзе засталіся толькі адны качаны капусты.
Яны сядзелі на далёкай градцы каля плота. Цяпер адтуль ім усё было добра відаць, таму што агарод апусцеў.
– Раз, два, тры, чатыры, пяць, – палічыла іх бабуля. – Не, яшчэ не прыйшоў ваш час, пакуль што выспявайце.
"Як гэта так, але мы ж адны тут засталіся?" – засмуціліся качаны капусты. Яны ўжо даволі-такі падраслі, іх лісце налілося сокам, але бабуля ўсё ніяк не жадала несці іх у хату. "Зусім хутка прыйдзе зіма, – занепакоіліся качаны капусты. – Мы тут змерзнем і згніём". Яны глядзелі ўгару на шэрае неба, бачылі птушак, якія адляталі ў вырай, а высокая бяроза, тая, што расла за плотам, неўзабаве пажоўкла і стала скідаць лісце.
І сапраўды, набліжалася зіма. Самотныя качаны капусты на бабуліным пустым агародзе зусім засмуткавалі. Аднак бабуля не забылася пра сваіх "гадаванцаў". Нарэшце, яна вырашыла зрэзаць іх і аднесці ў хату.
Так вялікія цяжкія сакавітыя качаны капусты апынуліся ў прахалодным склепе побач з бабуліным ураджаем бульбы, буракоў і морквы. Там ім будзе камфортна, можна пагаварыць, успомніць сонечныя вясновыя і летнія дзянькі, калі яны раслі на градках у бабуліным агародзе.
Гэтая казка на рускай мове
2.03.20