
Чорны Бусел і Белы Бусел
Неяк ранняй вясной з зімоўкі на поўдні Зямлі вяртаўся Белы Бусел. У дарозе ён стаміўся і вырашыў перадыхнуць на полі, дзе яшчэ нядаўна ляжаў снег, і на адталай зямлі можна было адшукаць дажджавога чарвяка або жабу. У канцы поля, каля лесу, ён заўважыў іншую птушку. Можна было сказаць, што гэта быў яго блізнюк, вось толькі на галаве, спіне і крылах у незнаёмца блішчэлі не белыя, а чорныя пёры.
– Хто ты і куды накіраваўся? – спытаў Белы Бусел.– Я – Бусел, твой брат па крыві, і лячу ў тыя ж краі, што і ты, – адказаў незнаёмец.
– Так, ты падобны на мяне, – пагадзіўся Белы Бусел, – калі б толькі пёры ў цябе былі белыя. Чаму ты такі?
– Гэта даўняя гісторыя, – адказаў Бусел. – Раней я быў, як і ты, белакрылым. Але аднойчы ўсё змянілася ў маім жыцці. Цяпер мяне завуць Чорным Буслам.
– Раскажы мне сваю гісторыю, брат, – папрасіў Белы Бусел.
– Добра, – адказаў Чорны Бусел і распавёў брату дзіўную амаль казачную гісторыю, якая аднойчы здарылася ў яго жыцці.
Пасля гэтай гутаркі птушкі падняліся ў неба і разам працягнулі сваё падарожжа да паўночных земляў. Цяпер да канца пералёту птушкі ляцелі побач. Яны сталі добрымі сябрамі і дапамагалі адзін аднаму. Вось толькі прыляцеўшы на родную палескую зямлю, птушкі неўзабаве расталіся.
Белы Бусел паляцеў далей, дзе на даху вясковай хаты яго чакала леташняе гняздо. Белы Бусел палюбіў жыць побач з людзьмі, там яму спакайней, і ён адчувае сябе больш упэўнена. Але жыхары вёскі, куды прыляцеў Бусел, заўважылі, што ў іх белакрылага сябра чамусьці пацямнелі ніжнія часткі пёраў на крылах. Яны сталі такімі ж чорнымі, як у Чорнага Бусла. З Белым Буслам штосьці здарылася пасля гутаркі з братам. Мабыць, той распавёў яму пра нешта вельмі страшнае…
Куды ж знік Чорны Бусел? Ён, развітаўшыся з сябрам, паляцеў у вялікі стары лес, які стаў яму родным домам. У гэтую лясную глушыню не заходзяць людзі, там жывуць толькі такія "самотнікі", як Чорны Бусел. У лесе яго сустрэў сусед і даўні прыяцель, стары Глушэц, які увесь год жыве ў непраходным гушчары, і Вяртлявая Чарацянка, маленькая пералётная птушачка, што звіла сабе круглае гняздзечка на сцябле чароту ў канцы ляснога балота. На велізарным старым дубе недалёка ад балота Чорны Бусел адшукаў сваё леташняе гняздо (буслянку).
Чаму ж Чорны Бусел вырашыў жыць у такім аддаленні ад людзей? Кажуць, што раней ён быў зусім іншым. Але аднойчы з ім здарылася страшная гісторыя, якая прымусіла яго паляцець у гэты стары густы лес і хавацца ад усіх.
Вось як гэта было.
Аднаго разу ранняй вясной, вяртаючыся ў свае родныя мясціны з далёкай паўднёвай краіны, малады, яшчэ ў той час зусім белы Бусел, весела напяваў любімую песеньку, не ўяўляючы, якая жудасная пачвара сустрэнецца яму наперадзе. Яго бліскучыя белыя пёры зіхацелі ў прамянях вясновага сонейка, ён быў надзвычайна прыгожы і, да таго ж, вельмі наіўны. Раптам Бусел убачыў перад сабой (уперадзе сябе) нейкую страшную дзіўную птушку. Яна, вытарашчыўшы арліныя вочы і пабліскваючы кручкаватай дзюбай, ляцела прама на яго, не спрабуючы саступіць яму дарогу.
Малады Бусел разгубіўся і ўрэзаўся ў гэтую пачвару. Ад удару невядомая птушка ўскрыкнула і адскочыла ў бок, грозна пракрычаўшы:
– Як ты смеў, нягоднік, стукнуць мяне, галоўную Арліцу гэтай зямлі! Вось я зараз табе за гэта адплачу!
– Прабачце мне, спадарыня, я не жадаў! – нясмела піснуў Бусел.
Але Арліца развярнулася і з грозным крыкам пагналася за белакрылай птушкай. Бусел, не ведаючы, як хутчэй схавацца ад лютага ворага, кінуўся ў густы непраходны гушчар, які выпадкова сустрэўся на яго шляху. Прарываючыся скрозь калючыя галіны хвой, драпаючы сабе крылы, ён адчайна закрычаў:
– Хто-небудзь, уратуйце мяне, я гіну!
На шчасце, яго пачуў Глушэц, які сядзеў на высокай хвоі. Заўважыўшы ўнізе белую птушку, якая прамільгнула міма яго, ён з гучным крыкам, разгарнуўшы свой бліскучы хвост і шумна махаючы велізарнымі крыламі, рынуўся на Арліцу:
– Ты куды нясешся, забраўшыся не ў сваё ўладанне! Выбірайся адгэтуль, інакш табе не здабравать!
Глушэц так грозна махаў крыламі і раскрываў сваю вострую дзюбу, што старая Арліца спалохалася і павярнула назад. Яна вылецела з лесу і больш тут яе ніколі не бачылі.
А ў цёмным лесе ля месца такой неверагоднай падзеі пазбіраліся яго жыхары: Вяртлявая Чарацянка, Вуж, Балотная Чарапаха, Кажан і Жаба. Гэта ж была палеская зямля недалёка ад ракі Прыпяць, дзе шмат старых лясоў і балот.
Усе глядзелі на дзіўную птушку. Было відаць, што яна моцна напалохана.
– Я – Белы Бусел, – сказала птушка. – Вяртаўся на радзіму, дзе летась звіў сабе гняздо на даху вясковай хаты, але ў палёце выпадкова стукнуўся аб крыло гэтай незнаёмкі, бо яна ляцела прама на мяне, – апраўдваўся Бусел.
Але Глушэц, які меў добры зрок, разгледзеўшы Бусла нават у цемры ляснога гушчару, здзіўлена прамовіў:
– Ты ўжо не белы, твае крылы і галава ад спалоху сталі чорнымі! Аднак гэта нават лепш. Зараз цябе не заўважыць у нашым лесе гэтая шкодная асоба. Заставайся і жыві з намі. Выбірай самае лепшае дрэва і звівай (ўладкоўвай) на ім сабе гняздо. Можаш разлічваць на нас, мы ніколі не выдадзім цябе.
Паслухаўся цяпер ужо Чорны Бусел і паступіў так, як раіў яму мудры Глушэц. З тых часоў Чорны Бусел заўсёды ляціць з паўднёвай зімоўкі напрасцяк у гэты стары непраходны лес і жыве ў ім да восені. А добры сябар, Белы Бусел, часам завітвае да яго ў госці і распавядае пра тое, што бачыў, пражываючы недалёка ад людзей на светлай беларускай зямлі. Лясныя сябры Чорнага Бусла таксама не забываюць наведаць яго. Яны часта збіраюцца разам на ўтульнай лясной палянцы. Там сябры распавядаюць адно аднаму розныя вясёлыя гісторыі, а маленькая Вяртлявая Чарацянка цешыць усіх сваім звонкім галаском, спяваючы любімыя лясныя песенькі.
Гэтая казка на рускай мове
9.02.20