Залатыя Верабейкі
Аднаго разу я, аўтар гэтай кніжкі, прагульвалася ў бярозавым гаі. Надвор'е было цудоўнае! Уверсе на чыстым блакітным небе свяціла Сонейка, а ўнізе пад дрэвамі шамацеў і зіхацеў залатымі іскрынкамі дыван з бярозавага лісця. Нішто не парушала майго спакою, толькі прахалодны ветрык злёгку абдзімаў мой твар. Але гэта зусім не псавала прыемнага ўражання ад шпацыру. Я ўсміхалася і напявала знаёмую мелодыю.
Раптам невядома адкуль наляцеў парывісты Вецер і ледзь не сарваў з маёй галавы капялюш!– Ах ты, разбойнік! – раззлавалася я. – Пагуляць са мной захацеў?
– Не, – прасвістаў каля майго вуха Вецер. – Я толькі хацеў прынесці задавальненне вашаму Капелюшу.
– Якое задавальненне? – не зразумела я.
– Яму, напэўна, хочацца палётаць гэтак жа, як і тым Залатым Верабейкам, – растлумачыў ён.
– Залатым Верабейкам? – здзівілася я.
– Менавіта так! – сцвярджальна свіснуў Вецер і распавёў мне гісторыю, якая не так даўно ўразіла яго. – Заўчора я лётаў у парку ля ракі. Надвор'е было ціхае, і я стараўся не шумець і не псаваць яго. На зямлі ля берага было відзьмо-невідзьмо жоўтага лісця. Яно ўсё яшчэ абсыпалася з дубоў і бяроз. Мне падабаўся гэты тоўсты пухнаты дыван з восеньскіх лісточкаў, і я падляцеў да самай зямлі, каб пакратаць і злёгку пагладзіць яго. І раптам пачуў нечае ўсхліпванне і нават стогны. "Хто гэта?" – падумаў я. Мне здалося, што пад лісце забралася нейкая маленькая істота. Я пачаў мацаць лісце, але нікога не выявіў. А калі адляцеў трохі ў бок, ізноў пачуў стогн і ўсхліпванне. Але тут загаварыла Зямля:
– Вецер! – паклікала яна мяне нізкім грудным голасам. – Дапамажы гэтым пакутнікам – лісточкам. Хай яны яшчэ трохі палётаюць. Замучылі мяне сваімі пытаннямі: "А што з намі далей будзе, а мы яшчэ жадаем лётаць".
– Так, мы жадаем лётаць, лётаць, лётаць! – зашумелі, загаманілі залацістыя лісточкі. Яны ляжалі на Зямлі і глядзелі на мяне сваімі сумнымі вочкамі.
– Добра! Зараз паляціце! – сказаў я, затым адляцеў у бок і, разагнаўшыся, так падзьмуў на Зямлю, што сотні тонкіх восеньскіх лісточкаў у адзін момант апынуліся ў паветры і паляцелі хто куды! Хто ў неба, хто ў бакі! Але ўсе яны пырхалі і смяяліся ад радасці. Мне здавалася, што ў неба падняліся сотні Залатых Верабейкаў!
– Вельмі цікава! І такое задавальненне для восеньскіх лісточкаў! – падзякавала я Ветру за аповед.
А ён, развітаўшыся са мной, панёсся далей па свеце за новымі цікавымі ўражаннямі.
Я паглядзела ўніз на шапаткое бярозавае лісце. Ад подыху Ветру яно таксама паднялося ў паветра і паляцела. І сапраўды гэтыя маленькія круглыя жоўценькія лісточкі былі падобныя на няўрымслівых Залатых Верабейкаў.
Гэтая казка на рускай мове
1.01.20
