Дабрыня і Спачуванне - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Дабрыня і  Спачуванне
Дабрыня і Спачуванне
Вясновай парой ля падножжа высокіх гор зазелянелі лугі. Мяккая ярка-зялёная трава разраслася і паўкрывала зямлю цудоўным дываном. А неўзабаве паміж тонкіх травінак з’явіліся галоўкі кветак. Нарэшце пялёсткі кветак раскрыліся, і тады зялёныя лугі размалявалі рознакаляровыя вясёлыя тварыкі лугавых кветак. Якой прыгожай стала зямля! Нават фанабэрыстыя заледзянелыя горныя вяршыні падабрэлі і ўсміхнуліся, атрымліваючы асалоду ад цудоўнай прыгажосці прыроды.      Усю вясну кветкі цешылі і захаплялі ўсіх, хто толькі мог іх бачыць. Птушкі, узлятаючы высока ў неба, славілі вясну і прысвячалі квітнеючым лугам свае самыя прыгожыя песні. Але потым цёплая вясновая пара змянілася гарачым засушлівым летам. І тады кветкам і травінкам пачало не хапаць вільгаці. Зямля, з якой іх карэньчыкі бралі ваду, хутка перасыхала і пагражала ператварыцца ў пясчаныя выдмы.
     – Мы загінем, – плакалі саслабелыя расліны, схіляючы галоўкі і сцяблінкі ўніз да зямлі.
     – Гэтага не будзе! – усклікнулі птушкі.
     Яны ўзляцелі яшчэ вышэй у неба і сталі прасіць гарачыя сонечныя прамяні растапіць снег і лёд на вяршынях гор.
     – Тады горная вада пабяжыць уніз і палье лугі. Вы згодны з намі? – спыталі птушкі ў сонечных прамянёў.
     – Так, мы згодны, – адказалі прамяні і паляцелі да горных вяршынь.
     Але напышлівыя горы строга зірнулі ім прама ў вочы асляпляльным ледзяным позіркам, не жадаючы аддаваць свой лёд.
     – Але як жа дапамагчы квітнеючым лугам? Толькі вы зможаце іх выратаваць! – адчайна крыкнулі птушкі.
     Не, яны не змаглі ўгаварыць прагныя горы. Відаць, яркая ледзяная прыгажосць аказалася для гор даражэйшай, чым прыгажосць каля іх падножжа. Яны не пашкадавалі засыхаючыя кветкі і травінкі, адварочваючы свае твары ад зямлі.
     – Не бядуйце, мы выратуем расліны, – падтрымалі птушак пухнатыя аблокі.
     Яны ляцелі здалёку і неслі ў сабе шмат вады, якую мудры Акіян не пашкадаваў для добрых спраў:
     – Хай мая вада дапаможа тым, хто будзе знемагаць ад смагі, – прашумеў Акіян, аддаючы аблокам свае кропелькі вады.
     – На свеце яшчэ жыве Дабрыня і Спачуванне! – крыкнуў Вецер і пацягнуў напоўненыя акіянскай вадой аблокі да саслабелых травінак і кветак.
     – Яшчэ трохі, і яны б загінулі. Якое шчасце, што гэтага не адбылося! – прагрукатаў Гром, а следам за ім на небе бліснула Маланка.
     І тут жа Кропелькі вады імкліва паляцелі да зямлі. Яны іскрыліся на сонцы і размалёўваліся ва ўсе колеры нябеснай вясёлкі.
     – Дзінь-дзінь-дзінь! – звінелі Кропелькі, падаючы на травінкі і кветкі. А па свеце палілася іх шчаслівая песенька:
     Мы вадзяныя Кропелькі вясёлыя адважныя,
     Бо падарыў аблокам нас вялікі Акіян.
     Не пашкадаваў ні каліва сваёй чароўнай сілы ён,
     Каб усю яе аддалі мы сваім зямным сябрам.
     
     Неўзабаве ўся зямля ля падножжа гор набрыняла вадой і ажывіла расліны. Трава і Кветкі распрасталі саслабелыя сцяблінкі, паглядзелі ў неба і ўсміхнуліся. Вада, якую раслінам падарыў Акіян, вярнула ім жыццё…
     А як жа напышлівыя горы? Ім не стала сорамна за тое, што яны не дапамаглі сваім суседзям?
     Кажуць, што горы больш не глядзяць на зямлю і не любуюцца яе прыгажосцю. Чаму? Проста пухнатыя аблокі не дазваляюць ім гэта рабіць. Яны па чарзе засланяюць ледзяныя вяршыні сваімі целамі, замінаючы ім глядзець уніз на зямлю. З таго часу горы глядзяць толькі адна на адну і зусім не ведаюць, як жывуць людзі, звяры і птушкі каля іх падножжа. Таму жыццё гор стала нецікавым, ціхім і зусім не вясёлым.
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.12.19