Прылятайце да нас, Жавараначкі!
У зімовым лесе, укрытым пухкім дываном з бялюткіх сняжынак, пасярод вялікай паляны стаяла Ёлачка. Ёй было пяць, а можа шэсць ці нават сем гадоў. Свайго дакладнага ўзросту лясная прыгажуня не ведала. Яна толькі памятала, як, нарадзіўшыся на свет у цёплы вясновы дзянёк, убачыла перад сабой лясную паляну, а ўверсе – чыстае блакітнае неба. Там, высока над лесам, спявала маленькая птушачка. Гэтую птушачку звалі Жаваранкам. Цудоўную песню маленькай птушачкі Ёлачка захоўвала ў сваім сэрцы і напявала цёмнымі халоднымі начамі, калі не магла заснуць.
Але цяпер яе галінкі хаваў пушысты сняжок, ствараючы цёплы зімовы кажушок, таму Ёлачка не мерзла нават у люты мароз. Толькі, усё роўна, малышка чакала вясну. Ёй вельмі хацелася зноў пачуць песню Жаваранка.– Хутка Новы год, – крыкнуў Заяц, прабягаючы міма Ёлачкі. – Рыхтуйся, прынцэса, мы будзем аздабляць цябе. Ты ж галоўная прыгажуня нашага лесу.
Ёлачка чакала навагоднія святы. Яна ўзгадвала, колькі радасці летась прынёс Новы год малышам – лясным звяркам і птушачкам. Вядома, і ёй самой вельмі хацелася зноў убачыць у лесе Дзядулю Мароза з вялікім мяшком падарункаў за плячыма.
Перад Новым годам лясныя жыхары ўпрыгожылі Ёлачку і паклікалі ў госці Дзядулю Мароза.
Ён хуценька прыехаў у лес:
– Якая прыгожая навагодняя Ёлачка! – захапіўся Дзядуля Мароз. – А я зраблю вашу прынцэсу яшчэ прыгажэйшай.
Стары грукнуў аб зямлю чароўным кіем, і тут жа з неба на Ёлачку пасыпаліся яркія нябесныя зорачкі. Яны павіслі на зялёных галінках, асвятліўшы ўсё навокал зіхатлівым перламутравым святлом, і зазвінелі, нібы маленькія чароўныя званочкі.
– Ура! Наша навагодняя Ёлачка самая цудоўная! – радаваліся звяркі і птушачкі.
Навагодняе свята ў лесе доўжылася цэлую ноч, а раніцай Дзядуля Мароз паляцеў на крыштальных санках далей віншаваць іншых дзетак з надыходзячым Новым годам.
Аднак Ёлачка не адразу ператварылася ў звычайную лясную прыгажуню. Навагодняе свята доўжылася яшчэ ўвесь тыдзень і цешыла зімовы лес. Але калі яно скончылася, Ёлачка засмуткавала. Да яе цяпер не часта падбягалі зайчыкі і вавёрачкі, ды і сінічкі, верабейкі, снегіры, сарокі рэдка ўсаджваліся на яе верхавіну і галінкі. Птушкі і звяры чакалі цяпла ў сваіх норках і дуплах, схаваўшыся там ад халодных вятроў, і думалі пра вясну.
Нарэшце, вясна прыйшла. Гэта стала прыкметна, калі ў лесе пачаў раставаць снег і пабеглі звонкагалосыя ручайкі. Белы кажушок са снегу на галінках Ёлачкі неяк непрыкметна растаў, усё часцей на неба з-за шэрых хмар стала праглядваць доўгачаканае Сонейка, а сінічкі і верабейкі заспявалі песні пра вясну.
"Хутка прыляціць Жаваранак і будзе спяваць маю любімую песеньку!" – цешылася Ёлачка. Але калі на лясную палянку завітала маленькая птушачка і пачала віць гняздзечка на зямлі прама пад яе зялёнымі лапкамі, Ялінка адразу не зразумела, што гэта ён, той самы Жаваранак. Вось толькі жаваранкаў было двое – мама і тата. Неўзабаве ў іх нарадзіліся малышы. Штораніцы тата Жаваранак ляцеў на пошукі ежы для сваіх дзетак. Ранішнія песні ён таксама спяваць не забываў, бо вельмі любіў Сонейка. Жаваранак узлятаў угару, каб прывітацца з ім. І ў гэты час па небе разліваўся яго звонкі і радасны галасок.
Маленькія птушаняты хутка падрасталі. Яны ўжо ўставалі на ножкі ў гняздзечку і спрабавалі махаць маленькімі крылцамі. Іх гэтак жа, як і Ёлачку, цешыла песня таты Жаваранка. Малышы падскоквалі і танчылі. "Якія яны слаўныя, – любавалася Ёлачка, гледзячы на жавараначкаў. – Шкада, што ўжо хутка птушаняты падрастуць і паляцяць ад мяне далёка-далёка".
Ёлачка мела рацыю. Скончылася вясна, даволі хутка праляцела гарачае лета, і зноў падзьмулі халодныя вятры. Надышла восень. Цеплалюбівым жаваранкам трэба было адпраўляцца ў палёт. Іх дзеці ўжо падраслі, навучыліся добра лятаць і часта падымаліся ў неба ўслед за татам, каб паглядзець на Сонейка і прывітацца з ім.
– Заўтра мы паляцім у Вырай, – неяк абвясціў тата Жаваранак.
І сапраўды, на досвітку гэта дружная сямейка адправілася ў далёкую дарогу да паўднёвых краін Зямлі. А засмучаная Ёлачка доўга махала ім услед зялёнымі галінкамі і жадала дарагім птушачкам шчаслівай дарогі.
– Не журыся, Ёлачка, яны ж вернуцца будучай вясной, – сказаў мудры Заяц. – Хутка да нас прыйдзе зіма, і ты зноў ператворышся ў навагоднюю прынцэсу, – усміхнуўся ён.
– Дзякуй, шаноўны Заяц, за добрыя словы, – адказала Ёлачка. – Я буду старацца ўсіх весяліць, а Дзядуля Мароз раздасць навагоднія падарункі малым деткам: лясным звяркам, а таксама верабейкам, сінічкам, снегірам, сойкам і іншым лясным птушачкам, якія толькі нядаўна былі птушанятамі і засталіся зімаваць у нашым лесе. Але як жа тады будуць сустракаць Новы год у далёкай паўднёвай краіне маленькія жавараначкі? Ім жа таксама хочацца атрымаць падарункі ад Дзядулі Мароза?
– Не хвалюйся, Ёлачка, – засмяяўся Заяц. – Дзядуля Мароз абавязкова прывязе ім навагоднія падарункі. Ведаеш, якія ў яго хуткія чароўныя санкі! На іх ён можа аб'ехаць увесь зямны шар за адзін толькі дзень.
Гэтая казка на рускай мове
17.11.19