Лялька без узросту - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Лялька без узросту
Лялька без узросту
Раніцай на стале ля ганка сваёй хаты бабуля знайшла нечую старадаўнюю ляльку. "Хто яе сюды паклаў? – падумала яна. – Няўжо Сашанька? І наогул, у дзяўчынкі не магло быць такой лялькі. Адкуль бы яна яе ўзяла?"      А ў гэты час “чужая незразумелая лялька”, лежачы на стале, любавалася блакітным небам, слухала галасы птушак, якія даносіліся з саду, і ўсміхалася. Яна радавалася таму, што вярнулася ў свой родны двор!
     Здзіўляючыся, бабуля села за стол і, надзеўшы акуляры, стала ўважліва разглядаць сваю знаходку. Яе здзівіла падабенства лялькі з той, якая калісьці даўным-даўно была ў яе дзяцінстве. Тая ж галоўка з пластмасы, тыя ж вочкі, касічкі, а яшчэ – здаецца ў лялькі тая ж самая сукеначка!
     "Так, так, – прыгадала бабуля, – гэтую сукеначку мы з мамай шылі, і я яе абшывала карункавымі рушамі. Вось гэтыя няўмелыя шыўкі – мая праца".
     Бабуля дзівілася ўсяму, што бачыла. "Маю ляльку тады ўкралі. Яна знікла з хаты, а была маёй самай любімай лялькай. Я яе доўга шукала і так плакала, так плакала", – успамінала бабулька, гледзячы на ляльку, прыціскаючы яе да сябе і не разумеючы, хто паклаў яе сюды на стол гэтай летняй раніцай.
     Бабуля нават не заўважыла, як з хаты выйшла яе ўнучка Алька, а па-іншаму Сашанька, як бабуля ласкава яе звала.
     – Лялька? – дзяўчынка агледзела бабуліну знаходку, і яе нічога не здзівіла, акрамя найярчэйшых бантаў у касічках лялькі і перламутравых туфлікаў на ножках.
     – Якія банты! – захапілася дзяўчынка. – Бабуля, яны свецяцца, паглядзі, гэта так незвычайна. А туфлікі, нібы з крышталя, пераліваюцца!
     У сад выйшаў тата, паглядзеў на ляльку, затым падышла мама. А калі бабуля распавяла ім, што гэта лялька з яе дзяцінства, бацькі Алькі вырашылі, што бабуля памылілася.
     – Ты будзеш з ёй гуляць? – спытала мама ў Алькі.
     – Не, – адказала тая.
     – Тады я аднясу яе ў каморку, – прапанавала мама.
     – Гэта мая лялька, – рашуча сказала бабуля і панесла свой "скарб" у хату. Неўзабаве яна знайшла месца для дзіцячай цацкі – на старой камодзе побач са старадаўнім настольным Гадзіннікам.
     Гэты Гадзіннік ўжо даўно перастаў ісці. Адрамантаваць яго не змаглі ў майстэрні, там не аказалася патрэбных дэталяў. Але бабуля не жадала выкідваць "сваю памяць пра мінулае жыццё". Стары Гадзіннік шмат гадоў правёў ў гасцінай і цяпер служыў ўпрыгожваннем гэтага пакоя.
     "Як добра, што я вярнулася на Зямлю ў свой двор, у гэты пакой!" – радавалася лялька. Яе клікалі Кацяй, хоць старэнькая бабуля ўжо зусім не памятала гэтага. Затое Каця ўсё ведала. Ёй здавалася, што яна паляцела з Зямлі на іншапланетным караблі зусім нядаўна, што з таго моманту прайшло толькі некалькі дзён…
     
     Справа ў тым, что ў той злашчасны дзень Аленка, так звалі маленькую дзяўчынку, а цяпер ужо бабулю, гуляла з ёй у садзе і забылася забраць у хату. Застаўшыся на стале, лялька Каця доўга не магла заснуць. Ёй было страшна адной у цемры ночы. І раптам перад ёй бліснула штосьці вельмі яркае, яно асвяціла ўвесь сад! Нечая халодная рука падняла яе са стала і панесла. Куды? Лялька не разумела. Толькі потым яна ўбачыла, што знаходзіцца ў касмічным караблі, які імкліва аддаляўся ад Зямлі. Лялька заснула, а прачнуўшыся, убачыла, што патрапіла на іншую планету. Яе разглядала маленькая іншапланецянка.
     Потым ляльку пасадзілі ў мяккае крэсла, падобнае на пухнатую аблачыну. Крэсла калыхалася і плавала, з-за чаго вельмі хацелася спаць. І зноў лялька Каця заснула. Прачнуўшыся, яна заўважыла, што на яе ножкі хтосьці абуў новыя туфлікі, а ў касічках з'явіліся новыя банты. Вось толькі да яе больш ніхто не падыходзіў. І некалькі дзён лялька правяла адна ў пухнатай калысцы. Вакол яе была поўная цішыня. На гэтай новай планеце ніхто не прамовіў ніводнага гуку, а маленькая іншапланецянка нават ні разу не ўзяла яе ў рукі.
     "Я не спадабалася гэтай дзяўчынцы", – зразумела Каця. Лялька не ведала, што ў той час, калі яна спала, яе ўжо занеслі ў Банк данных іншапланетных скарбаў. І цяпер яна сама ўжо была нікому не патрэбна на гэтай планеце. Яе копію іншапланецяне змогуць зрабіць вельмі лёгка і хутка ў любы момант, калі гэта ім будзе патрэбна.
     Неўзабаве лялька Каця зноў апынулася ў касмічным караблі і яе адвезлі на Зямлю. Іншапланецяне вырашылі, што зямной дзяўчынцы лялька будзе патрэбней, чым ім. Вось толькі банты ў валасах і туфлікі, падораныя Каці іншапланетнай дзяўчынкай, ніхто не зняў, і таму яны засталіся на ляльцы, як сведчанне таго, што яна пабывала ў іх у гасцях.
     Аднак, якія дзіўныя гэтыя пазаземныя цывілізацыі! Там лялька правяла толькі некалькі іншапланетных дзён, а на Зямлі за гэты час праляцела цэлае жыццё дзяўчынкі Аленкі. За гэты час у яе вырасла ўласная дачка і нарадзілася ўнучка Сашанька, якой цяпер шэсць гадоў, столькі ж, колькі было Аленцы, калі знікла яе любімая лялька Каця.
     Але добра тое, што добра канчаецца. І цяпер лялька Каця зноў вярнулася ў родную хату, шкада, што толькі праз мноства зямных гадоў – цэлых пяцьдзесят!
     
     – Прывітанне! – паціху прашаптаў старадаўні Гадзіннік.
     Ён пазнаў ляльку Кацю. У тыя даўнія гады яе часта ўсаджвалі на камоду побач з Гадзіннікам. Толькі тады ён быў спраўны і цікаў, а цяпер моўчкі журыўся ў цішыні.
     – Добрай раніцы! – усміхнулася Каця. – Я такая шчаслівая зноў бачыць вас, гэты пакой і сад за акном. Мне здаецца, што я зусім нядаўна была тут, а прайшло столькі гадоў!
     – Гэта не страшна, – адказаў старадаўні Гадзіннік. – Галоўнае, што цябе, Каця, памятае бабуля Лена і мы. Час не ўладны над нашай Памяццю. У Памяці няма Часу, яна вечная.
     
      Гэтая казка на рускай мове
11.11.19