Акіянскія даследчыкі - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Акіянскія  даследчыкі
Акіянскія даследчыкі
Цёмнай ноччу ля прычала стаяў белы Карабель. За дзень плавання ўглыб сіняга акіяна ён стаміўся, таму цяпер яму хацелася толькі аднаго – трохі паспаць. Ён ведаў: заўтра зноў на яго палубу паднімуцца навукоўцы, і ён паплыве, каб дапамагаць гэтым людзям выконваць даследаванні акіянскага дна і яго насельнікаў. На борце Карабля стаяў батыскаф – глыбакаводны навукова-даследчы апарат. Учора з яго дапамогай людзі змаглі апусціцца ў акіян да самага дна. У батыскаф селі два навукоўца, а маракі з дапамогай тросаў пагрузілі яго ў ваду. І тады пад кіраваннем людзей батыскаф сам пачаў павольна спускацца да дна. Цэлых восем гадзін гэты апарат прабыў у акіяне, а калі ён усплыў наверх, маракі выцягнулі яго з вады і пакінулі на палубе.      Гэтай ноччу на палубе не было людзей. Яны спалі ў каютах. А самому Караблю не спалася. Ён успамінаў словы навукоўцаў, якія здзівілі яго. Яны сказалі, выбраўшыся з батыскафа, што на глыбіні трыста метраў і ніжэй у акіяне размяшчаецца зорнае неба. "Як гэта можа быць?" – думаў Карабель. Ён паглядзеў угару і ўбачыў мільёны маленькіх іскрыстых зорачак. "Два неба не бывае", – разважаў Карабель. І тады ён вырашыў падзяліцца сваімі сумненнямі з Месяцам, які ярка асвятляў Зямлю і накіроўваў на акіян свой магутны прамень-пражэктар. Светлавая дарожка бегла па вадзе ўздоўж акіяна. "Я папрашу Месяц асвятліць акіянскае дно", – вырашыў Карабель.
     – Хіба можа быць у акіяне зорнае неба? – спытаў ён у Месяца. – Я не веру навукоўцам. Калі ласка, Месяц, прасвяці сваім прамянём акіян.
     – Я не магу гэта зрабіць, – адказаў Месяц. – Мой прамень пранікае толькі на малую глыбіню, да дна акіяна ён не дастане.
     – Шкада, – засмуціўся Карабель.
     – Дазвольце мне дапамагчы вам, – звонка крыкнула з вышыні зусім малюсенькая Зорачка памерам з футбольны мяч. – Я нырну ў акіян і дабяруся да гэтага неба, а потым вярнуся і пра ўсё вам раскажу.
     – І ты не баішся, што застанешся там назаўжды? – спытаў Месяц.
     – Я папрашу якую-небудзь рыбу, каб яна дапамагла мне выплыць, – сцяміла адважная Зорачка.
     – Тады ляці ў акіян, – сказаў Месяц, – але абавязкова вяртайся. Мы будзем чакаць цябе.
     Карабель паглядзеў угару. Там з велізарнай вышыні імкліва неслася ўніз да акіяна зіхатлівая кропачка. Гэта і была тая самая Зорачка. Карабель нават не паспеў уздыхнуць, як яна ўляцела ў акіянскую ваду і схавалася ў глыбіні.
     – Ой, а тут даволі холадна! – ускрыкнула ад нечаканасці Зорачка.
     Спачатку яна нават не змагла зразумець, куды патрапіла. Усё, што яе абкружала, было так незвычайна! Вялікія акіянскія рыбы плавалі вакол і паглядалі на яе сваімі здзіўленымі вачамі. Але Зорачка ўсё яшчэ імкліва неслася ўніз. Неўзабаве святло Месяца, якое асвятляла ваду, пагасла, і Зорачка апынулася ў апраметнай цемры. І тут здарыўся цуд! Зорачка ўбачыла зорнае неба! Яно зіхацела і іскрылася мільёнамі розных зорак. Яны былі малюсенькія і велізарныя, доўгія і кароткія. А яшчэ гэтыя зорачкі маглі згасаць і загарацца зноў, рассыпаць па цёмнай вадзе свае іскрынкі. "Як цікава", – падумала Зорачка. І яна паспрабавала дакрануцца да адной з зорачак, каб пазнаёміцца і пагаварыць з ёй.
     – Прывітанне! – пракрычала яна, вось толькі ў вадзе гук зусім не той, што на паверхні, ён быў ледзьве ўлоўны.
     Але акіянская Незнаёмка адчула дакрананне да яе цела і хутка адскочыла ад Зорачкі ў бок. Яе цельца стала яшчэ больш пералівацца і іскрыцца. І тады дапытлівая Зорачка зразумела, што перад ёй звычайная рыбка, якая ўмее свяціцца біялюмінесцэнтнымі агеньчыкамі. Колькі ж такіх акіянскіх жывёл убачыла Зорачка на глыбіні акіяна? Вельмі шмат. Невялікія медузы, падобныя на нябесныя зоркі, выпраменьвалі блакітнае пульсуючае святло. Чырвоная тарпеда-медуза сплывала ад небяспекі, пакідаючы пасля сябе блакітныя доўгія іскрыстыя ніткі. Зорачка здзівілася, разгледзеўшы амаль на дне акіяна вялікую рыбу-саву з велізарнымі вачамі. Зіхатлівыя кальмары, рыбы-гадзюкі, электрычны скат – усе гэтыя марскія істоты, якія жывуць на глыбіні ў акіяне, умеюць свяціцца. Навошта яны гэта робяць? Можа быць, такім чынам яны паведамляюць сябрам пра небяспеку і клічуць на дапамогу?
     Вось такое "падводнае неба" жыве ў акіяне. Але хто ж дапамог нашай вандроўніцы выбрацца наверх з вады? Гэта быў вялікі Васьміног. Ён заўважыў у вадзе маленечкую Зорачку і зразумеў, што ёй трэба дапамагчы. Васьміног выпхнуў малую на паверхню вады. А потым Месяц вярнуў яе на неба. Зорачка аб усім, што сама ўбачыла і зразумела, расказала Месяцу і Караблю. Ёй было цікава пабываць у незнаёмым месцы, але зноў туды ныраць яна ўжо не жадала. Усе яе сябры жывуць побач з ёй на небе. Яно бывае цёмным і светлым. А галоўнае – ў небе жывуць вялікія сябры зорачак – Месяц і Сонейка.
     Цяпер Карабель разумее, навошта навукоўцы ныраюць на батыскафе ўглыб акіяна. Ён з інтарэсам сочыць за іх працай і ўсё часцей даведваецца пра новыя адкрыцці. На глыбіні акіяна не жывуць людзі, туды яны толькі могуць апускацца на батыскафах і то час ад часу. Там, унізе, вельмі вялікі ціск вады, ён здольны расціснуць любую жывую істоту. Толькі вельмі дужая і цягавітая рыба паселіцца паблізу дна. Даплысці да дна на адлегласць ад паверхні вады ў некалькі тысяч метраў зможа не ўсякі.
     Аднак усё-такі вельмі добра, што навукоўцы адшукалі ў акіяне "падводнае неба", і што так глыбока ў вадзе акіяна хтосьці жыве. Гэтыя смельчакі – зіхатлівыя рыбкі і медузы – хутка растлумачуць людзям, навошта і як даўно яны пасяліліся ў глыбіні акіяна, і чым яшчэ багата іх акіянская хата.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
7.10.19