Крылы (казка-прытча) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Крылы  (казка-прытча)
Крылы (казка-прытча)
Сафі лічыла сябе самай шчаслівай на свеце. І гэта была праўда. У яе ўсё атрымоўвалася, было мора сяброў, усе яе любілі і ведалі, што яна падкажа, дапаможа выбрацца з любой цяжкай сітуацыі, бо яна шчасліўчык. У яе па жыцці заўсёды ўсё добра.      Дзяўчына любіла жыццё, яе цешыла ўсё, што рабілася за акном яе кватэры. Яна захаплялася світанкамі і заходамі Сонейка, аблокамі, якія плылі па небе, прыгажосцю дрэў, кветак, цудоўнымі галасамі птушак. Ды проста немагчыма перадаць наколькі моцным і гарачым было яе каханне да жыцця!
     Вясёлая "да вушэй" усмешка Сафі цешыла людзей, а звонкі смех у імгненне праганяў сум і нуду. Дзяўчына жыла і кахала, кахала і жыла!
     Сафі часта гулала ў парку ля возера, што быў побач з яе хатай. Не, яна не проста шпацыравала там, яна лунала. Яе думкі, эмоцыі рваліся ўгару да неба, да аблокаў, да верхавін дрэў, да люстраной роўнядзі возера. Але больш іншых раслін у парку Сафі любіла маладую бярозку, якая расла на беразе амаль ля самай вады, і вельмі старую, але дужую, высокую і разгалістую ліпу. Яна часта прыходзіла да іх, далікатна гладзіла ствалы і лісце дрэў, казала ім ласкавыя словы, і здавалася, што расліны ўважліва слухаюць і таксама кахаюць яе. Напэўна, так яно і было.
     Хутка бег час, Сафі пастарэла, але ўнутраную энергію і ўменне радавацца жыццю не страціла. Яна паспявала ўсё – працаваць, гадаваць сына, дапамагаць сяброўкам і атрымліваць асалоду ад жыцця. Бяда прыйшла раптам, быццам употай. Нечаканая хвароба падкасіла і адразу ж адняла самае патрэбнае і дарагое – магчымасць хадзіць, не, для яе нават больш – лётаць. Цяпер толькі акно ў кватэры было святлом яе жыцця, яе шчасцем бачыць маленькую часцінку таго, ад чаго яна атрымлівала асалоду раней.
     Паступова душа дзяўчыны панікла і захварэла. Пакінулі сяброўкі, усе забыліся аб ёй. Так, бо зараз ад Сафі нельга было чакаць ніякай дапамогі і падтрымкі, у гэтым яна цяпер мела патрэбу сама. Не, Сафі не плакала. Але на душы быў цяжар ад адчування адзіноты і бязвыхаднасці. Як хацелася ёй выйсці ў парк і ўбачыць сваіх любых – бярозку і ліпу, пагаварыць, дакрануцца, узяць у руку маленькі ліпкі лісточак. Але цяпер гэта засталося толькі ў яе ўспамінах. Душа Сафі памятала ўсё, што бачыла і ведала раней і працягвала кахаць.
     А дрэвы кожны дзень чакалі дзяўчыну. Яны памяталі яе позірк, яе вочы, яе голас, яны нудзіліся і думалі аб ёй. І вось ужо маленькі ліпкі зялёны лісточак ляціць па ветры туды, дзе цяпер яна. Ляціць, каб праведаць Сафі і перадаць прывітанне. Дзяўчына глядзіць у акно, і раптам з фортачкі прама да яе на далонь падае той самы маленькі лісцік яе бярозкі!
     – Мае дарагія дрэвы! Вы не забыліся на мяне!
     Ну што, што магло здарыцца пасля такога? Вядома ж, яна, Сафі, паляцела, так, так, паляцела да іх, да сваіх адданых сябровак. Як жа інакш? Толькі так. Ляцець, абавязкова ляцець!
     Ветрык! Не падвядзі! Дапамажы ёй! Нясі яе душу, яе думкі, яе позірк, яе вочы, яе сэрца туды – у парк да возера, да яе дрэў, да яе аблокаў! Дай ёй крылы, белыя крылы, лёгкія крылы, такія крылы, каб яна магла ляцець і лунаць як птушка! Нясі Сафі да яе шчасця, да яе кахання, да яе радасці!
     
      Гэты аповед на рускай мове
23.09.19