Праменьчык кахання - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Праменьчык кахання
Праменьчык кахання
Калісьці на нашай планеце жыло шмат добрых чараўнікоў. Такія чараўнікі сустракаюцца і цяпер, Праўда, іх не так шмат, як было тады. А ў тыя далёкія часы чараўнікі хадзілі па гарадам і сёлам і паўсюль знаходзілі тых, каму вельмі былі патрэбныя іх дабрыня і спачуванне. Тым самым добрыя чараўнікі імкнуліся зрабіць жыццё гэтых людзей больш шчаслівейшым і радасным.      А высока ў гарах, там, куды ніводны чараўнік не мог дабрацца, жыла добрая Фея ранішняга світанку. Яна была лёгкая як пушнінка, гнуткая і стройная як белая бярозка і вельмі добрая. Маладая, моцная і спрытная, як горная лань, яна лёгка ўзбіралася на вяршыні гор і сустракала першыя прамяні ранішняга світанку. Але аднойчы здарылася няшчасце. З вяршыні гары зваліўся камень і балюча стукнуў Фею. Небарака нават знепрытомнела. Ачуўшыся, яна насілу дабралася да свайго жылля. Верны сябар, яснавокі Сокал, тут жа прыйшоў на дапамогу і прынёс ёй жывой вады са святой крыніцы. Дзяўчына змазала рану, і тая тут жа зажыла. Але, усё ж, Фея яшчэ не магла на досвітку ўзбірацца на вяршыні гор. У яе кружылася і балела галава.
     І тады Сонца сказала:
     – Пачакай, табе патрэбен час, каб адужэць.
     Прайшоў месяц. Фея ранішняга світанку яшчэ баялася паднімацца ў горы. Сонца не прыспешвала яе. Але дзеці, сонечныя праменьчыкі, так знудзіліся без сваёй дарагой сяброўкі! Ім хацелася хутчэй яе ўбачыць. Самы малодшы, самы зоркі і самы закаханы ў Фею Праменьчык не ўтрымаўся і зазірнуў неяк у пячору, дзе яна жыла.
     – Як шкада, што я не чараўнік! – са смуткам у сэрцы прамовіў Праменьчык. – І не змагу дапамагчы табе хутчэй адужэць.
     – Як жа, як жа! Ты можаш усё! – уклікнула Фея. – У табе столькі кахання і сонечнага святла! Мне хопіць толькі гэтай маленькай кропелькі, – дзяўчына паказала на яркую слязінку, якая выцякла з вачэй сонечнага Праменьчыка і блішчала на яе руцэ.
     Фея ранішняга світанку паднесла кропельку да вуснаў. І тут жа каханне сонечнага Праменьчыка напоўніла яе сэрца небывалай сілай і вярнула здароўе!
     – Дзякуй табе, дарагі сонечны Праменьчык! – узрадавалася Фея. – Ты ж сапраўдны добры чараўнік!
     Маленькі Праменьчык ніяк не падазраваў, што зможа здзяйсняць цуды. А ў яго сэрцы было вельмі шмат кахання і святла, якія казалі яму: "Ляці ўніз да людзей і дары ім сваё Каханне!"
     І Праменьчык паляцеў! А там! Да чаго б ён ні дакранаўся, усё напаўнялася святлом і дабрынёй, пяшчотным каханнем і прыгажосцю.
     Таму зусім нечакана, на Зямлю прыйшла сапраўдная Вясна! Уся прырода змянілася: лугі размаляваліся вясёлымі фарбамі духмянай травы і кветак, лясы і сады расквітнелі і напоўніліся радасным спевам птушак.
     Сонечны Праменьчык, лётаючы па свеце, дарыў усёй прыродзе сваё каханне, напаўняў шчасцем і святлом людскія сэрцы. Вось толькі адна маўклівая дзяўчына сядзела на беразе ракі, а Праменьчык, як ні стсраўся, ніяк не мог дастукацца да яе сэрца, каб напоўніць яго дабрынёй і каханнем да людзей.
     – Што такое? – думаў ён. – Ёй не патрэбна шчасце, не патрэбна каханне? – Ах, вось яно што! Няма таго, каго б змагло пакахаць яе капрызнае сэрца. Відаць, гэта дзяўчына такая разумная, такая прыгожая, такая самалюбная, што ніяк не можа сустрэць годнага кавалера, якога змагла б пакахаць. Нават гэты малады чалавек здаецца ёй нявартым, – сонечны Праменьчык зірнуў на хлопца, які ішоў прэч ад дзяўчыны па беразе ракі.
     – Яна прагнала яго, ён плача! – сонечны Праменьчык асвятліў юны твар і быў захоплены прыгажосцю і дабрынёй вачэй хлопца.
     – Як мага не кахаць яго! – падумаў Праменьчык. – У гэтым позірку столькі агню, кахання і дабрыні!
     – Не! – вырашыў ён. – Я не буду дапамагаць такой капрызнай дзяўчыне, бо гэта яна негодная добрага сэрца маладога чалавека і яго кахання.
     І сонечны Праменьчык паляцеў следам за хлопцам, каб даведацца больш пра яго жыццё і дапамагчы яму сустрэць сваю сапраўдную палавінку.
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.09.19