
Дзе хаваецца смачная Бульбачка?(аповед)
Вёсачка, куды нядаўна прыехалі з горада пагасцяваць да бабулі першакласнікі Саша і Маша, размешчана ў вельмі прыгожым месцы Беларусі. Перад ёй раскінулася шырокае пшанічнае поле. Яго залацістыя хлебныя каласкі цярэбіць ласкавы ветрык. За вёскай шумяць на ветры скрыначкі саспелага лёну на льняным полі, а з двух бакоў ад вескі зелянеюць верасовыя лугі. За імі – бярозавы гай і ельнік.
І хоць лета ўжо канчалася, яно працягвала цешыць сонечным надвор'ем. З самага ранку ў бабуліным двары гулялі яе дарагія ўнукі. Вось на плячо да Машанькі прысеў матылёк. Крылцы ў яго аксамітавыя, яркімі ўзорамі размаляваныя. Рознакаляровыя матылькі, стракозы, пчолкі і чмялі – як шмат іх тут, у бабуліным садзе! Дзеці з цікавасцю разглядалі бліскучыя крылцы, велізарныя вочы гэтых дзіўных зямных стварэнняў. Шкада, што ў вялікім горадзе матылька і страказу цяпер цяжка сустрэць. А колькі вакол лётае розных птушак! Іх вясёлы перазвон у бабуліным садзе не змаўкае ні на хвіліну.Маша паспела дакрануцца да матылька, толькі зрабіла гэта вельмі асцярожна, каб не нашкодзіць чароўным далікатным крылцам. А да страказы і яе перламутравых крылцаў дзяўчынка так і не змагла дакрануцца. Стракозы палахлівыя і ні разу не прыселі на яе рознакаляровую сукенку. Затое яны без страху садзяцца на яркія садовыя кветкі. "Чаму яны мяне баяцца?" – не разумела дзяўчынка.
– Пабеглі на луг, – прапанаваў сястрычцы Саша.
– А бабуля дазволіла? – спытала Маша.
– Мы толькі на адну хвілінку, – прашаптаў хлопчык.
Дзеці асцярожна выйшлі за вароты. Але там зусім не страшна, нікога нідзе няма, а зялёны луг зусім побач, за бабуліным гародам, бо іх бабуля жыве ў канцы вёскі.
Як прыемна пабегаць па мяккай зялёнай траўцы, абсыпанай палявымі кветкамі! Наперадзе раскінулася велізарнае залацістае пшанічнае поле. Да канца лета пшанічныя каласкі ўжо паспелі. Яны схілілі пацяжэлыя галоўкі, зярняты ў іх спелыя, налітыя.
Падышоўшы бліжэй, дзеці першы раз у жыцці змаглі пакратаць і лепш разгледзець каласкі пшаніцы. Аднак яны дзесьці ўжо бачылі іх!
– Я ведаю, гэтую пшаніцу хутка адвязуць на млын, – распавёў брацік сваёй стрыечнай сястрычцы.
Ён успомніў, што аднаго разу бачыў па тэлевізары, як робяць муку з пшанічных зерняў.
– І я ведаю, – адказала сястрычка, не жадаючы быць "нязнайкай".
Ні Маша, ні Саша ніколі не бачылі, як робіцца ўборка пшаніцы, і таму з нецярпеннем чакалі гэтую падзею. Нібы па заказе, праз некалькі дзён на пшанічнае поле прыехалі вялікія камбайны. Дзеці бачылі, што ў кабінах гэтых велізарных машын працуюць людзі, іх завуць камбайнёрамі. Камбайны выстраіліся ў шэраг уздоўж усяго доўгага поля. Пачалося жніво. Машыны спрытна апрацоўвалі пшанічныя каласкі. Яны зразалі іх вострымі нажамі, адлучалі залацістыя зярняты ад каласоў і ссыпалі збожжа ў кузавы грузавікоў. Неўзабаве ўсё збожжа з пшанічнага поля з'ехала, вось толькі куды?
Дома бабуля распавяла дзецям, што збожжа павезлі на элеватар. Што гэта такое? Гэта збожжасховішча для ачысткі і сушкі збожжа.
– А потым, – сказала бабуля, – сухое збожжа павязуць на млын, каб перамалоць яго ў муку. З мукі на хлебапякарным заводзе пякуць хлеб, батоны, булачкі і нават пірожныя.
На наступны дзень Маша з Сашай заўважылі, што на пшанічным полі з'явіліся вялікія даўганогія птушкі.
– Гэта жураўлі, – здагадаліся дзеці.
Птушкі праходжваліся паміж скошанымі барознамі, адшукваючы на зямлі рэшткі ўраджаю – пшанічныя зярняты, якія абсыпаліся з каласоў падчас уборкі.
– Ішь, якія хітрыя, – сказала Маша.
– Не, яны проста разумныя, – паправіў сястрычку Саша.
– Хутка камбайны ўбяруць і вунь той лён, – хлопчык паказаў на вялікае льняное поле, што раскінулася за вёскай.
Уздоўж гэтага поля выраслі высокія льняныя сцяблінкі шэраватага колеру, зусім не падобныя на залацістыя пшанічныя. Дзеці ведалі, што з лёну шыюць адзежу, таму што самі насілі такія футболкі.
– Бабуля! А як робяць ільняную адзежу? – спытаў Саша, калі яны вярнуліся ў хату.
Яму было цікава і зусім не зразумела, як можна з гэтых раслін штосьці сшыць.
– З лёну атрымліваецца льняное прадзіва, – пачала свой аповед бабуля. – Спачатку ўсе льняныя сцяблінкі, тыя, што выраслі ў полі, зрывае і цярэбіць ільноўборачны камбайн, згортвае іх у вялікія рулоны. Затым ільняныя рулоны адвозяць на фабрыку, дзе іх ізноў разгортваюць і пачынаюць вырабляць з іх ільняное прадзіва. Гэта няпростая справа, – працягвала распавядаць бабуля. – Ільняныя каласкі пасля адмысловай апрацоўкі атрымліваюцца мяккімі пухнатымі, з іх прадуць тонкія ніткі, а з нітак ткуць ільняное палатно.
Дзеці ўважліва слухалі бабулін аповед і амаль усё зразумелі. Яны пабеглі на льняное поле, пакраталі льняныя сцяблінкі, пацерлі іх у руках і заўважылі, што ўверсе на сцяблінках выраслі скрыначкі. А ў гэтых скрыначках штосьці шуміць, перасыпаецца. Сарваўшы адну скрыначку, Маша з Сашай прынеслі яе ў хату і паказалі бабулі.
– Што гэта? – спыталі дзеці.
– Гэта насенне лёну. Яно спее ў такіх ільняных скрыначках. Чуеце? – бабуля патрэсла скрыначкай з насеннем. – Яго збірае камбайн асобна ад сцяблінак.
– І што потым?
– На фабрыцы з насення лёну рыхтуюць ільняны алей. А яшчэ, калі вы прыедзеце да мяне на пачатку лета, то ўбачыце, як хораша квітнее лён. Тады ўсё поле будзе сінім, як неба!
– Няўжо? – здзівілася Маша. – З сініх кветак атрымліваюцца такія скрыначкі з насеннем?
– Бабуля ўсміхнулася:
– Так. З сініх кветак завязваюцца плады – насенне ў скрыначках.
Бабуля патрапала па галоўках сваіх дапытлівых унукаў:
– Вы ж бачылі, як на дрэвах у садзе вырастаюць плады – яблыкі, грушы, вішні, слівы. З чаго яны атрымліваюцца? З кветак. Але каб завязаліся плады, трэба апыляць кветачкі. Пылку з адной кветкі на іншую пераносіць вецер альбо пчолы на сваіх лапках.
– Я ведаю, – сказала Маша, – пчолы садзяцца на кветкі, каб сабраць у хабаток смачны кветкавы сок і аднесці яго ў вулей.
– Правільна, – пацвердзіла бабуля. – У вуллі з соку (яго яшчэ завуць нектарам) пчолы робяць мёд.
Вось такія цікавыя гутаркі вяліся ў бабулінай хаце цёплым летнім вечарком. Але лета канчаецца. Хутка прыйдзе восень.
А ў бабуліным гародзе даспяваюць бульба, гарбузы і адзін кавун. Гарбузы сёлета ўрадзіліся вялікія. Яны ляжаць у баразне, жоўтыя і круглыя, як той самы кавун, толькі ён не жоўты, а паласаты і зялёны. Бабуля гарбузы яшчэ не збіраецца ўбіраць, а вось кавун хутка зрэжа. Яна хоча пачаставаць яго сакавітай салодкай мякаццю сваіх унукаў.
Бабулька чакае, калі ўвосень да яе прыедуць дзеці – мама і тата Машы і Сашы. Яны дапамогуць выкапаць бульбу, а пакуль яна яшчэ даспявае на яе гародзе.
– Паглядзі, там стаілася Бульбачка, – загадкава сказаў Саша, паказваючы на бабулін гарод і хітра паглядаючы на Машу.
– Дзе? – не зразумела дзяўчынка.
– Вунь там, на бабуліных градках, – растлумачыў хлопчык.
Што ж у той момант думала сама Бульбачка, яшчэ не выкапаная з зямлі? Можа быць, яна рыхтавалася парадаваць сваю працавітую гаспадыню, таму што добра выспела, вырасла вялікай і вельмі смачнай.
p.s. Ілюстрацыя да казкі Анастасіі Балыш
Гэты аповед на рускай мове
21.09.19