Казкі бабулі Белай Вароны (чытае Ліка Пташук)
У адным лесе жыло шмат старых і маладых варон. Іх было больш за сотню. Усе вароны, як вароны, вялікія, шэрыя з чорнай галавой і чорнымі крыламі. І толькі адна маладая Варона зусім белая – з белымі крыламі, галавой і хвастом.
– Чаму ты не падобная на сваіх сваякоў, шэрых варон? – дапытваліся ў яе сарокі і галкі, сойкі і дразды.– Не ведаю, – адказвала Белая Варона.
Ёй было няёмка таму, што яна не такая, як іншыя лясныя вароны. І тады Белая Варона ляцела ўглыб лесу. Там ніхто з цікаўных птушак яе ні пра што не распытваў, і яна магла пажыць спакойна. Але адной жыць і ні з кім не сябраваць, вельмі сумна. Вось і вырашыла Белая Варона пашукаць у глыбіні лесу новых сяброў, якім будзе ўсё адно, якога колеру яе апярэнне, і якія не стануць пасмейвацца з яе.
Уверсе на дрэвах жылі вавёркі, унізе ў зялёнай траве – вожыкі і мышы. Паступова яны палюбілі спакойную белую Варону за тое, што яна нікога з іх ні разу не пакрыўдзіла, заўсёды была ветлівая і не будзіла іх на досвітку гучным карканнем.
А Белая Варона і сапраўды імкнулася рабіць добрыя справы. Калі хтосьці з лясных звяркоў яе пра штосьці прасіў, яна старалася нікому не адмаўляць у дапамозе. Варона часта гуляла з іх дзеткамі, распавядала ім казкі, якія сама складала, вучыла малышоў рабіць добрыя справы.
І тады лясныя звяркі вырашылі арганізаваць дзіцячы садок, дзе галоўнай выхавальніцай будзе Белая Варона. Вядома ж, Белая Варона з радасцю пагадзілася і прыняла іх прапанову. Не толькі яна адна, усе ведаюць, як прыемна сябраваць і жыць інтарэсамі маленькіх дзетак!
Шмат гадоў у лясны дзіцячы садок прыводзілі маленькіх ваверчанят і мышанят, важанят і зайчанят.
– Распавядзі нам казку, цётачка Белая Варона, – прасілі дзеці.
Трохі падумаўшы і штосьці ўявіўшы самой сабе, Белая Варона распавядала дзеткам казку. Пры гэтым яна ўзмахвала вялікімі белымі крыламі, хмурылася, калі герой казкі быў шкодным і злым, усміхалася і радасна смяялася, калі герой быў добрым і вясёлым.
Колькі ж казак склала Белая Варона? Малышы пацвердзяць, што вельмі многа. Апрача таго, усе казкі яна ведала на памяць.
Праляцела шмат гадоў. Белая Варона састарэла. Цяпер усе дзеці звалі яе бабуляй. Штораніцы перад тым, як ляцець да сваіх выхаванцаў у дзіцячы садок, бабуля Белая Варона ўважліва разглядала сябе перад люстэркам. Яна разгладжвала растрапаныя белыя пёры сваёй доўгай дзюбай і, надзеўшы на хвост спаднічку ў складачку, а на галоўку – прыгожы элегантны капялюшык, узлятала, расправіўшы ўсё яшчэ прыгожыя белыя крылы.
Кажуць, бабулька Белая Варона дагэтуль з радасцю сябруе з маленькімі жыхарамі лесу, распавядае ім свае новыя і старыя казкі і служыць галоўнай выхавальніцай ляснога дзіцячага садка.
Гэтая казка на рускай мове
16.09.19