Зорка ў падарунак - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Зорка ў падарунак
Зорка ў падарунак
Бывае, здараецца ў нашым жыцці так, што чалавек застаецца на гэтым свеце зусім адзін. Так здарылася ў лёсе Васілька. Жыў ён шчасліва са сваёй матуляй і не ведаў ніякай бяды. Але такое ўжо наша жыццё, што шчасце ў ім ходзіць побач з бядой. У адзін з самых нешчаслівых дзён у Васілька раптам не стала маці. Яна памерла, пакінуўшы яго аднаго-адзінюткага ва ўсім белым свеце. Сваякоў, братоў і сясцёр у хлопца не было. Ды і бацька даўно забыўся на сына, з'ехаўшы шукаць для сябе лепшую долю ў далёкія заморскія краі.      Забедаваў хлапчук, затужыў. Толькі дрэвы ў двары і любімая таполя маглі зразумець усё тое, што рабілася на душы ў Васілька. Маладая таполя, ну зусім як сябоўка-аднагодка сіраты, аднойчы змагла дапамагчы яму.
     Неяк ля хаты хлопца праходзіла дзяўчына. Яна загледзелася на прыгажуню-таполю, выпадкова спатыкнулася і упала, балюча стукнуўшыся нагой аб зямлю. Васілёк, убачыўшы няшчасце, якое здарылася з дзяўчынай, выбег да яе на дапамогу. Яго чулае сэрца не магло нікога пакінуць у бядзе. На руках ён унёс дзяўчыну ў сваю хату, ратаваў і лячыў няшчасную. Атрымалася так, што Васілёк усім сэрцам закахаўся ў яе. А калі дзяўчына акрыяла, ён ужо не мог без пяшчоты і кахання глядзець на яе тонкую дзявоцкую постаць і мяккую паходку.
     Дзяўчыну звалі Мар'янай. Такое незвычайнае імя ёй даў бацька, марак, які ўсё жыццё праводзіў у доўгіх плаваннях па морам і акіянам. Мар'яна таксама пакахала Васілька, але ніяк не магла да канца ацаніць яго бязмежнае каханне і адданасць. А калі Васілёк прапанаваў ёй сваю руку і сэрца, абяцаючы стаць сапраўдным сябрам і памочнікам на ўсё жыццё, Мар'яне захацелася, каб разам з абяцаннямі ён падарыў ёй тое, пра што яна даўно марыла.
     – Калі ты мяне кахаеш, дастань Зорку, якая зваліцца з неба ў мора, – папрасіла яна.
     Што толькі не зробіш дзеля кахання? Васілёк, ні на секунду не сумняваючыся ў тым, што абавязкова прынясе сваёй выбранніцы Зорку, тут жа адправіўся да мора.
     А яно бушавала і было неспакойным. Што бянтэжыла і хвалявала мора, Васілёк не разумеў. Не ведаў ён пра тое, што ў гэтым неспакойным моры жыве прыгажуня Русалка. Яна даўно прыкмеціла юнака і пакахала.
     Але дзівіцца тут не чаму. Такі прыгожы і найласкавейшы хлопец не мог не спадабацца. Усякая дзяўчына, а не толькі самотная марская Русалка, захацела б мець Васілька ў якасці свайго жаніха.
     Марская Русалка чакала час, калі зможа прывабіць Васілька ў свае сеткі. Яна імкнулася з усяе сілы, каб спадабацца будучаму жаніху: з дапамогай рыб зрабіла з марскога моху мяккае ложа для дваіх, з багавіння спляла коўдру, зверху накрыла гэта ложа пакрывалам з тонкай марской павуцінкі, а падгалоўе ўпрыгожыла перламутравымі марскімі зорачкамі.
     Даведаўшыся, што Васілёк быў на беразе, калі ў мора звалілася Зорка, і ўсё бачыў, Русалка загадала спрытнаму Васьміногу вылавіць і прынесці ёй гэту палонніцу. Але як ні імкнулася Русалка схаваць найзыркую Зорку на дне мора, у яе не атрымалася гэта зрабіць. Святло нябеснай Зоркі пранікала праз усе перашкоды і асвятляла марскую глыбіню яркімі прамянямі.
     Заўважыўшы, што нябесная Зорка звалілася ў мора, Васілёк не разважаючы, кінуўся ўслед за ёй у ваду. Даплыўшы да дна мора, ён пацягнуўся за Зоркай, але тут жа быў абкручаны тонкімі, але вельмі дужымі ніткамі марскога павуціння. Як ні спрабаваў юнак вызваліцца ад каварных "ланцугоў", зрабіць гэта ён не змог. Страціўшы надзею вызваліцца, Васілёк агледзеўся і ўбачыў тую, што аблытала яго. Русалка, прыбраўшыся ў самы лепшы ўбор, з каханнем глядзела на свайго палоннага.
     – Адпусці мяне, Русалка! – узмаліўся Васілёк. – Мая нявеста чакае мяне ў маёй хаце на беразе. Яна папрасіла прынесці ёй Зорку, тую, што зваліцца з неба ў марскую ваду. Адпусці мяне і вось гэтую Зорку! – Васілёк паказаў на яркае святло пад ложам з моху.
     – Не! – адказала яму Русалка. – Раз ты ўжо прыйшоў да мяне, то застанешся тут назаўжды. І няхай твая нявеста забудзе цябе. Яна яшчэ зможа сустрэць і пакахаць іншага. На беразе жыве шмат прыгожых хлопцаў.
     – Што ты, Русалка! Мая Мар'яна кахае толькі мяне, а я кахаю яе. Мы створаны адзін дзеля аднаго! – усклікнуў Васілёк.
     Але самаўлюбёная марская прыгажуня не слухала яго і не збіралася нікому аддаваць. Дурненькая! Яна не разумела аднаго – у кожнага ў гэтым жыцці свой лёс. А яго, як кажуць, нават на кані не аб’едзеш. Ніхто не можа змяніць тое, што ў яго на родзе напісана.
     У Васілька і Мар'яны на родзе было напісана быць разам. І таму ўсё выйшла менавіта так, а не іначай. Калі ўсхваляваная доўгай адсутнасцю свайго каханага, Мар'яна прыбегла на бераг мора, яна не знайшла там Васілька. Толькі бушуючыя хвалі прашапталі, што яе каханы патрапіў у сеткі да Русалкі, а тая не жадае адпускаць яго ад сябе.
     Заплакала дзяўчына, і яе сумны голас пачуў Месяц, які ўжо ўзышоў на неба. Даведаўшыся ад дзяўчыны пра ўсё, што здарыліся, ён тут жа накіраваў яркае святло сваіх прамянёў прама да дна мора і змог адшукаць тое месца, дзе знаходзілася збіўшаяся са шляху Зорка. Тады тая кінулася ўгару па пракладзенай Месяцам светлавой дарожцы. Пры гэтым Зорка разарвала павуцінне Русалкі, і тады Васілёк вызваліўся ад пут і выйшаў з мора ўслед за Зоркай.
     Пасля гэтай гісторыі Мар'яна больш ніколі не прасіла свайго выбранніка падарыць ёй зорку, якая звалілася з нябёсаў. Яна зразумела, што побач з ёй па жыцці ідзе самая яркая, самая гарачая, самая лепшая ў свеце Зорачка!
     
      Гэтая казка на рускай мове
04.09.19