Беражы сваіх сяброў альбо Неверагодны поспех - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Беражы сваіх сяброў альбо Неверагодны поспех
Беражы сваіх сяброў альбо Неверагодны поспех
Янка сядзеў на лаўцы ў парку. Ён стараўся не глядзець на прахожых, якія выгульвалі сваіх сабак. Іх сабакі – вялікія і маленькія, паслухмяныя і не вельмі – паглядвалі на самотнага хлопчыка, які сядзеў на лаўцы, і прабягалі міма. На душы ў Янкі было неспакойна. Ён узгадваў той злашчасны дзень, калі пад коламі аўтамабіля загінуў яго любімы сабака Радзік. Якім добрым, вясёлым і лагодным ён здаваўся хлопчыку цяпер! А тады…      Так, тады Янка яго ненавідзеў. Мама з татам падарылі Янку Радзіка на дзень нараджэння. Сабачка спачатку спадабаўся, быў любімай істотай для хлопчыка. Але прайшоў толькі адзін толькі год, і ўсё змянілася. Адбылося гэта пасля таго, як аднакласніку Борку купілі шатландскую аўчарку. Ён, гэты Борка, ганарліва крочыў па двары са сваёй аўчаркай і зняважліва паглядаў у бок Радзіка. Маўляў, знайшоў з кім шпацыраваць, з простым дварняком.
     Янка спачатку не паверыў, што Радзік дварняк. Але потым мама сказала, што ўсё так і ёсць. Радзіка тата прынёс з прытулка для бяздомных сабак. "Вось як?" – Янка не ведаў на каго яму крыўдзіцца – на бацькоў ці на Борку. І пакрыўдзіўся – на сабачку. Хлопчык яго зненавідзеў.
     З таго дня Янка не хацеў выводзіць Радзіка ў двор, часам нават біў яго за непаслушэнства. Само сабой зразумела, што сабачка стаў яго баяцца – не слухаўся, уцякаў, не жадаў ісці з хлопчыкам на шпацыр.
     Аднойчы, пераходзячы праз дарогу, Радзік затармазіў, пачуўшы грозны вокрык Янкі, і патрапіў пад машыну. Мама з татам перажывалі за сабачку больш, чым Янка. А ён нават быў задаволены, што пазбавіўся ад дварняка. "Зараз яны купяць мне пародзістага сабаку", – думаў ён. Але дзе там! Бацькі адмовіліся больш заводзіць у хаце жывёл.
     Паступова Янка зразумеў, што дарма не любіў добрага і памяркоўнага Радзіка. Сабачка быў для яго роднай істотай, можа быць, нават малодшым братам. Цяпер жа ён, Янка, адзін цэлымі днямі, адзін-адзінюткі без сясцёр і братоў. А сяброў – тых можна пералічыць па пальцах. Толькі аднаго – сапраўднага сябра – пакуль што ў Янкі няма. Радзік быў бліжэй за ўсіх…
     – І хто гэта тут такі сумны сядзіць? – раптам пачуў хлопчык нечы нізкі голас. Незнаёмец з вялікімі зіхатлівымі вачыма ў цёмным спартыўным гарнітуры сядзеў побач на лаўцы. Калі ён з'явіўся, Янка нават не заўважыў. "Нібы зваліўся з неба", – падумаў хлопчык. Лёгкая дрыготка прабегла па целе, Янка хацеў устаць і сысці, але нейкая невядомая сіла ўтрымала яго на месцы.
     – Я … Янка, – ледзь вымавіў ён.
     – Пра што журышся, пра сабаку? – спытаў незнаёмец.
     – Як вы даведаліся? – здзівіўся Янка.
     – Не цяжка здагадацца, – адказаў незнаёмец. – Хочаш, я вярну твайго сабаку.
     – Як?
     – А вось так. З дапамогай майго прыбора, – незнаёмец паказаў гадзіннік на руцэ.
     – Ён змяняе час?
     – Так. Ён зможа перанесці цябе ў іншы гадзінны інтэрвал.
     – Як?
     – Я ведаю як. Хочаш?
     – Так.
     – Тады кажы, калі гэта здарылася.
     Янка хутка ціхім голасам усё распавёў. Дату, калі загінуў Радзік, ён запомніў на ўсё жыццё гэтак жа, як і гадзіну сутак таго дня.
     – Цяпер, – незнаёмец навёў гадзіннік на патрэбную гадзіну, – уважліва глядзі на гэтую зялёную кропку і лічы да ста, – ён паднёс да твару хлопчыка свой гадзіннік. – Ты прабудзеш толькі пятнаццаць мінут у той гадзіне. Але гэтага будзе даволі, каб выратаваць сабаку. Усё! Глядзі на зялёную кропку і лічы!
     Не, Янка не паспеў далічыць да ста. Гэта адбылося раней. Ён убачыў Радзіка пасярод вуліцы, ірвануўся, схапіў сабачку і ўміг пераскочыў на тратуар перад самым носам у аўтамабіля.
     "Ура! – радавалася ўся яго істота, – я выратаваў Радзіка!"
     Вось так, прыціснуўшы да сябе сабачку, Янка ізноў апынуўся на той жа самай лаўцы ў парку праз пятнаццаць мінут. Але незнаёмца побач не аказалася. Ён знік, толькі куды, і хто гэта быў?
     У здзіўленні, але шчаслівы ад таго, што Радзік ізноў з ім, Янка бег дахаты, аднак цяпер не выпускаючы сабачку з рук…
     Так што за незнаёмец з'явіўся ў парку і дапамог хлопчыку? Хто здольны на такія неверагодныя справы? Чараўнік?
     Не, гэта быў іншапланетны робат. Верагодна, не толькі ён адзін ходзіць па нашай планеце і ведае ўсё пра нас. Як добра, што іншапланецяне могуць нам у чымсьці дапамагчы. Дзякуй ім!
     
      Гэты аповед на рускай мове
02.09.19