Вясёлка Надзеі
Яны сустракаліся ўжо цэлых пяць месяцаў. Здавалася, нішто не зможа разбурыць іх шчасце, таму што такіх чыстых, такіх далікатных, такіх адданых адносін яшчэ не было ні ў каго на ўсім белым свеце. Ніхто ніколі не кахаў мацней, чым яны. Каханне так дужа злучыла іх сэрцы і душы, што некалькі гадзін расстання здаваліся ім вечнасцю. Юнак і дзяўчына нават не дапушчалі думкі пра магчымае растанне, пра тое, што калі-небудзь і ў іх адносінах можа здарыцца Навальніца.
Але, на няшчасце, так і адбылося. Раптам грымнуў гром, бліснула маланка, і пачаўся страшэнны лівень. У іх адносіны ўварвалася Сварка, непрыемнасць з-за дробязі, з-за пустэчы. Такія навальніцы часам здараюцца ў жыцці людзей. Праходзіць час, усё забываецца, і людзі мірацца. Але ў іх выпадку атрымалася зусім не так. Грымнуў аглушальны гром, бліснула маланка! Ускіпела яна, ускіпеў ён – і нагаварылі адзін аднаму шмат крыўдных слоў. Ад гэтага любоўная глеба не вытрымала, яна трэснула і разыйшлася ў бакі. Так, упершыню ў жыцці паміж закаханымі ўтварылася Бездань. Расколіна шырылася і раз'язджалася ў розныя бакі. Ім бы пераступіць, пераскочыць і ўхапіцца за рукі. Але самалюбства, гонар кожнага не дазволілі зрабіць гэта.Скончылася Навальніца, і ўсё заціхла. А закаханыя так і засталіся стаяць на двух процілеглых баках гэтай жудаснай Бездані, яшчэ не ў стане акрыяць ад шоку, песцячы ў душах свой гонар і крыўду. Яны не разумелі, што з кожнай хвілінай, з кожнай секундай разрыў у іх адносінах павялічваецца, што ім усё цяжэй і цяжэй будзе зрабіць крок насустрач адзін да аднаго, крок да прымірэння.
Аднак Лёс літасцівы. Бачачы бездапаможнасць маладых, ён вырашае даць ім магчымасць памірыцца. Так, пасля моцнай Навальніцы ў небе часам загараецца чыстая далікатная Вясёлка. І зноў узнікае ўзаемнае прыцягненне душ. Вось зараз бы не спалохацца, пераадолець страх, гонар і ступіць, пабегчы па светлай Вясёлцы насустрач Каханню! Але ні ён, ні яна не вырашаюцца зрабіць гэта. Маладыя марудзяць і губляюць час. А Вясёлка Надзеі, нічога не дачакаўшыся, рассейваецца ў небе, знікаюць яе далікатныя фарбы і святло.
Ён там, яна тут – па абодва бакі Бездані. Ужо няма сіл, і страчана магчымасць уз'яднання. Што ж будзе далей? Гэта пытанне няпростае. Малады чалавек мучыцца, раўнуе, ён заблытаўся ў цёмным лесе сваіх перажыванняў і сумненняў і баіцца зрабіць нават крок, каб наблізіцца да краю прорвы. Дзяўчына гэтак жа ў замяшанні і роспачы. Цемра закрыла ёй вочы, і тое святло, якое яшчэ нядаўна асвятляла яе сэрца і душу, загасла, знікла невядома куды, пакінуўшы пустэчу і смутак.
А ў небе, за тысячы кіламетраў ад Зямлі, не згасае тая адзіная Зорачка, той Знак Кахання, які звязаў два сэрцы, захоўваў ад бяды і вёў па Зямлі цэлых пяць месяцаў. Няхай святло Зорачкі і пацьмянела, але яна ўсё яшчэ свеціцца, як бы пакідаючы Надзею маладым закаханым сэрцам. Гэта саслабеўшае святло ўсё яшчэ здольнае пракрасціся ў душы да маладых. Юнак думае пра дзяўчыну і не можа забыцца на яе. Яна таксама. Але як жа пераадолець тую Бездань, што пралягла паміж імі? Як вырашыцца? Што можа дапамагчы ім пераляцець праз яе і не разбіцца?
– Зорачка, дапамажы мне! Як будзе, так і будзе. Я палячу да яго.
Ад гэтых слоў дзяўчыны ўзрадаваная Зорачка заблішчала ў небе мацней і ярчэй, у імгненне асвятліўшы ў небе дарожку, якая злучыла два краі Бездані. І вось дзяўчына ўжо бяжыць, не, проста ляціць да яго! Яе сэрца гатова вырвацца з грудзей ад страху, але святло Зорачкі ўтрымлівае яе і не дае магчымасці зваліцца ўніз…
Так, хтосьці павінен быў зрабіць гэта. Няхай зараз такі крок зробіць яна дзеля таго Кахання, таго Шчасця, той Радасці, якія злучылі іх калісьці, дзеля нябеснай Зорачкі, якая дапамагае ім захаваць сваё Шчасце.
Закаханыя! Не бойцеся Навальніцы і Бездані. Так у жыцці бывае ва ўсіх. Але імкніцеся не адпускаць чыстае і далікатнае святло Вясёлкі Надзеі, якая кожны раз ззяе ў небе пасля навальніцы, злучаючы краі Бездані рознагалоссяў. Ляціце па ёй да сваіх каханых і рабіце ўсё дзеля таго, каб злучыць свае душы ізноў і не даць закрасціся ў іх цемры, холаду і роспачы.
Гэтая казка-прытча на рускай мове
27.08.19