Сяброўка-зорачка (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Сяброўка-зорачка (чытае Ліка Пташук)
Сяброўка-зорачка (чытае Ліка Пташук)
У сям’і буслоў да канца лета навучыўся лятаць іх сынок, буслянё Журка. Аднойчы ён адпрасіўся ў мамы з татам, вялікіх дарослых буслоў, і паляцеў на балота да свайго сябра, жураўляняці Аліка.      – Колькі часу ты прабудзеш на балоце? – спытала яго мама-бусліха.
     – Не ведаю, – адказаў Журка. – Пакуль сцямнее.
     – Не, – строга сказала мама. – Вяртайся, калі Сонца яшчэ не схаваецца за лесам. Інакш у цемры табе будзе цяжка дабірацца дахаты.
     – Добра, – пагадзіўся Журка і паляцеў.
     Ён тады яшчэ не ведаў, якая дзіўная сустрэча чакае яго наперадзе…
     Не далятаючы да балота, буслянё пачула нечы жаласны піск і ўбачыла кропачку, якая свяцілася ў высокай траве.
     – Хто там? – спытаў, падлятаючы, Журка.
     – Гэта я, мяне клічуць Зара, – адказаў тоненькі галасок.
     – Але хто ты? – яшчэ раз спытала буслянё, разглядзеўшы ў траве штосьці неверагодна яркае.
     – Я – зорачка, звалілася і стукнулася вось аб гэты камень, – яркая зорачка паказала на вялікі валун, які пазарастаў мохам.
     – І собіла ж табе так упасьці! – пашкадаваў зорачку Журка. – Але адкуль ты прыляцела да нас на Зямлю?
     – Вунь адтуль, – Зара бліснула блакітнымі вочкамі і паказала на неба. – Я лятала вельмі высока паміж зорак і планет, а калі ўбачыла вашу планету і разгледзела на ёй блакітнае і зялёнае святло, то вырашыла паглядзець, што гэта такое. Паляцела ўніз і звалілася. Мне балюча, – пажалілася зорачка.
     Яна насілу паднялася, і Журка ўбачыў, што ўвесь бачок зорачкі счырванеў, хоць сама яна была блакітнага колеру.
     – Паляцелі да маёй мамы, яна ведае, як цябе трэба палячыць, – сказаў Журка.
     Ён вырашыў адмовіцца ад сустрэчы з сябрам. Гэтым разам трэба было тэрмінова лячыць Зару. І яны паляцелі. Журка пасадзіў зорачку да сябе на спінку. Яму не цяжка было несці яе, бо незнаёмка была малюсенькай і вельмі лёгкай.
     Мама тут жа знайшла патрэбныя лекі для расцірання. На шчасце, боль у зорачкі хутка прайшоў, але ёй яшчэ было цяжка самой лятаць, таму яна папрасіла Журку паказаць ёй тое, што так зіхацела і вабіла яе з вышыні.
     – Пэўна, ты бачыла, як свецяцца нашы блакітныя азёры, – выказала здагадку мама Журкі. – Блакітная вада азёр нашай Зямлі ўмее адлюстроўваць сонечнае святло. А зялёнае святло – гэта святло зямных раслін. Тут, на беларускай зямлі, вельмі шмат зялёных лясоў і лугоў.
     – Паляцелі са мной на балота, – прапанавала буслянё. – Там жыве мой сябар. На балоце расце зялёная трава і зялёны мох, а яшчэ там шмат маленькіх блакітных азёр.
     Журка пасадзіў зорачку да сябе на спіну.
     – Не бойся, мама! – на ляту крыкнуў Журка. – Зараз я дабяруся дахаты нават у цемры з такім яркім святлом Зары.
     Журка ляцеў, а зорачка свяцілася нібы маленькі ліхтарык у яго на спіне.
     – Што гэта такое? – спалохаліся балотныя птушкі.
     Яны адразу не зразумелі, што Журка нясе на спіне. Але потым здзівіліся, бо ніколі не бачылі такой маленькай зорачкі.
     – Гэта зорачка-вандроўніца, яе клічуць Зара. Яна прыляцела здалёку, – тлумачыў Журка, – і жадае паглядзець на нашы азёры і лугі.
     – Ква-ква-ква! Іх у нас дастатк-к-кова, – гучна квакнулі балотныя жабы.
     Яны вылезлі з вады і сядзелі на купінах, разглядаючы "лупатымі" вачамі незнаёмку.
     – Так, у нас гэтага дабра вельмі шмат, – падтрымалі жаб глушцы.
     Яны важна расхаджвалі па балоце, разгарнуўшы свае прыгожыя чорныя хвасты веерам.
     – Ідзі сюды да нас, – крыкнулі маленькія вёрткія кулікі.
     Яны скакалі па вадзе, пераскокваючы з купіны на купіну, але іх крылы заставаліся сухімі, напэўна таму, што ў кулікоў былі доўгія ногі.
     – Не ідзі, а ляці, – паправіла кулікоў шэрая Чапля.
     Яна важна стаяла пасярод балота на адной назе і штосьці выглядвала ў балотнай вадзе.
     – Чапля шукае рыбу, – растлумачыў зорачцы Журка. – А дзе ж мой сябар Алік? – спытала ў балотнага сямейства буслянё.
     – Ён паляцеў на поле. Там камбайн збірае ўраджай.
     – Ах, так. Алік любіць ласавацца зернем, – успомніў Журка. – Паляцім на поле, Зара, – сказаў ён сваёй госце. – Па дарозе ты добра разгледзіш наша балота, калі я буду пралятаць над ім.
     Зорачка зноў уселася да Журкі на спіну, і яны паляцелі.
     Пераляцеўшы праз вялікае балота, якое зіхацела маленькімі азярцамі і было ўсеяна кусцікамі чырвоных ягад брусніц і журавін, буслянё паляцела да бярозавага гаю, бо за ім было велізарнае поле, якое пазарастала высокімі каласамі залацістай пшаніцы. Здалёк нашы вандроўцы ўбачылі, як вялікая машына ездзіць уздоўж поля і штосьці жне.
     – Гэта камбайн, – растлумачыў Журка. – Ён умее зразаць каласы пшаніцы, аддзяляць ад саломы збожжа і затым ссыпаць яго ў кузаў грузавой машыны.
     – А твой сябар любіць есці гэтыя зярняты, – зразумела Зара.
     – Я не ем зерне, – растлумачыла зорачка. – І наогул я нічога не ем, а толькі п'ю сонечныя праменьчыкі, каб потым ззяць.
     – Ах, так. Я забыўся, што ты зорачка, – успомніў Журка. – Але нічога страшнага ў тым няма, што мы з табой такія розныя, праўда? Усё роўна мы будзем сябраваць.
     – Вядома, – усклікнула Зара. – Ты мне вельмі падабаешся. А твая планета прыгожая і цікавая. Я буду прылятаць да цябе ў госці, можна?
     – Абавязкова прылятай. Я табе яшчэ што-небудзь пакажу. Але дзе ж мой сябар Алік? – успудзіўся Журка. – Яго тут няма.
     – Тады паляцелі, пашукаем яго, – прапанавала зорачка.
     – Ужо цямнее. Я баюся далёка ляцець.
     – Не бойся, я пасвячу, і мы ўсё ўбачым. Раптам Алік страціўся (заблукаў некуды), і нам трэба яго знайсці.
     – Дзе ён мог страціцца (падзецца)? Я не ведаю, – адказаў Журка.
     Але тут з-за каласоў пшаніцы паказалася пярэстая птушачка, падобная на курыцу. Яна падляцела да Журкі і растлумачыла, што бачыла Аліка раніцай, і што ён ужо даўно паляцеў адтуль.
     – Дзякуй, Перапёлка. А куды ён паляцеў, ты не ведаеш?
     – Ён паляцеў у вёску да свайго сябра Журкі.
     – Журка – гэта я, – засмяялася буслянё. – Значыць, мы з ім проста размінуліся. Шкада, Зара, што ты не ўбачыш майго сябра. Ужо зусім цёмна, і нам трэба вяртацца дахаты.
     Аднак па дарозе адбылася яшчэ адна падзея. Аказваецца, Алік заблудзіўся. Пакуль ён лятаў у вёску да гнязда бусляняці і гаварыў з яго мамай, надышоў вечар. Алік не паспеў даляцець да балота, у цемры ён апусціўся на зямлю і вырашыў пераначаваць на лузе. І тут ён убачыў святло, гэта ляцеў Журка разам з Зарай на спіне. Вось так сябры знайшлі адзін аднаго. Атрымліваецца, што Журка выратаваў Зару, а Зара выратавала Аліка. Журка разам з Зарай дапамаглі Аліку дабрацца да яго балота, а потым паляцелі ў вёску.
     Мама бусляняці ўжо хвалявалася, хоць разумела, што ён не знікне разам з яркай зорачкай на спіне.
     У вялікім гняздзе на даху вясковай хаты ў тую ноч свяціўся маленькі, але вельмі яркі агеньчык. Там адпачывала сям'я буслоў і Зара, маленькая зорачка, якая прыляцела пагасцяваць на нашу планету з далёкага космасу. Раніцай яна вырашыла ляцець дахаты, паабяцаўшы яшчэ абавязкова прыляцець у госці да Журкі на будучы год (налета).
     – Шчаслівай дарогі, перадавай прывітанне ўсім знаёмым зорачкам! – крычаў ёй наўздагон Журка. – Абавязкова прылятай, я буду чакаць!
     
      Гэтая казка на рускай мове
12.08.19