Маша и яе чароўны лес(26 частка Мароз і снег у лесе) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(26 частка  Мароз і снег у лесе) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(26 частка Мароз і снег у лесе) (чытае Ліка Пташук)
Першымі, хто адчуў у Машыным лесе прыход чараўніцы Зімы, былі расліны. Карэньчыкі травы пачалі падмярзаць нават ад лёгкага марозу. Наскрозь прамоклыя ад восеньскіх дажджоў дрэвы і кусты адубелі і пакрыліся лёдам. Сонца пашкадавала лес і растапіла снег, сагрэла паветра. Мароз адступіў, і тады трава, дрэвы і кусты змаглі трохі абсохнуць і сагрэцца.      Але такая лясная асалода доўжылася нядоўга. Няўрымслівая чараўніца Зіма загадала Марозу марозіць зямлю ў Машыным лесе і нікога не шкадаваць. Не паслухаць яе загад было немагчыма, таму Мароз узяўся за работу. Спачатку ён падмарозіў ваду ў лясным возеры. Яно тут жа пакрылася тоўстым пластом лёду. Затым Мароз замарозіў ваду ў лясных ручайках. Нават крынічкі ён паспрабаваў замарозіць. Але зрабіць гэта Мароз не здолеў. Падземная вадзіца прабівала лёд і вырывалася наверх. Нават рэчка, што цякла ўздоўж бабулінай вёскі, стала пакрывацца ледзяной скарынкай. Аднак вада ў рэчцы хуткая і ўмее супраціўляцца, ёй не хочацца знемагаць пад тоўстым пластом лёду. Частка паверхні вады ў рацэ не замерзла, засталіся палонкі, куды паспяшаліся перасяліцца вадаплаўныя птушкі, якія не паляцелі на поўдзень.
     А Мароз усё яшчэ працягваў марозіць Машын лес. Лясныя сцежкі і дарогі замарозіў так, што пясок на іх зацвярдзеў і ператварыўся ў ледзяны камень. Лясная трава панікла і палягла. Вось толькі кусты і дрэвы не памерлі, яны пацягнулі свае карані ўглыб зямлі, куды Мароз не змог дастаць, і спакойна заснулі да Вясны. Азёрныя рыбінкі, тыя, што апынуліся пад тоўстым пластом лёду, закапаліся ў глей і пясок на дне возера і таксама заснулі.
     – Але без снегу ў лесе цяпер стала неяк зусім не цікава, – сказала Зіма, пахваліўшы Мароза за працу.
     Узмахнуўшы белым пухнатым шалікам, чараўніца паглядзела ўгару. І тут жа з неба на зямлю паляцелі белыя пухнатыя сняжынкі. Яны плаўна кружыліся ў паветры, нібы атрымліваючы асалоду ад прыгожага палёту, і валіліся на дрэвы, кусты, траву, лясныя сцяжынкі. Праз некалькі гадзін увесь Машын лес пакрыўся пухнатым дываном з чароўных крохкіх крыштальных сняжынак.
     – Вось цяпер у лесе стала хораша! – пахваліла сябе чараўніца Зіма. – А я пакуль адпачну, – вырашыла яна і знікла…
     
     Ранішняе Сонца асвяціла зімовы лес, і сняжынкі зайгралі ўсімі колерамі вясёлкі.
     – Ах, як прыгожа! – узрадаваўся Цішка, высунуўшы мыску з дупла.
     – Не адмарозь вушкі, – папярэдзіла яго мама-вавёрка. – Бачыш, Мароз замарозіў наш лес.
     Ваверчаня паслухмяна схавалася ў дупле, але на суседнім дрэве з дупла паказалася бабулька Сава. Яна паглядзела на асляпляльна белы снег, зажмурылася і зноў палезла ў дупло. Вось і маленькі белы вожык па мянушцы Сняжок прачнуўся, пачуўшы звонкі голас чараўніцы Зімы. Малы вызірнуў з нары і ўбачыў белы пухнаты снег.
     – Што гэта за снег такі? – не зразумеў цікаўны вожык.
     Пакратаўшы і панюхаўшы носікам сняжынкі, малы незадаволена чмыхнуў і палез назад у нару. "Холадна ў лесе, а гэты белы снег яшчэ і колецца, – пабурчаў ён і зноў уткнуўся ў цёплы мамін жывоцік. – Буду спаць да прыходу Вясны", – вырашыў Сняжок.
     Толькі птушкам, якія засталіся на зімоўку ў лесе, у марозную раніцу не спіцца. Сінічка прысела на галінку пухнатай вечназялёнай ялінкі, каб пацешыцца яркаму Сонейку і бліскучаму снегу:
     – Дзінь-дзінь, – зазвінела Сінічка, – дзінь-дзінь!
     Недалёка ад яе па ствале старой хвоі караскаецца лясны працаўнік Дзяцел, стукае дзюбай, адшукваючы пад карой казюлек. У палонцы ракі паміж чаратоў пазбіраліся качкі, ныраюць у халодную ваду, ловяць рыбку.
     У Машыным лесе прыбаўка – новы жыхар. Чырвонагруды Снягір прыляцеў на зімоўку з далёкай Поўначы.
     – У вашым лесе мне цёпла нават узімку, – тлумачыць Снягір чырвонай Рабіне.
     А яна шчодра дзеліцца з ім сваімі ледзь падмерзлымі чырвонымі ягадкамі. Іх Снягір вельмі любіць.
     На балоце ў снежнай нары зімуе белая Курапатка. Яна ўжо змяніла сваё пярэстае апярэнне на белае цёплае пуховае. Там жа на балоце пад снегам зімуюць цецерукі. Ласі, алені, дзікі і нават лісы не спяць. Яны прыходзяць на балота, каб паласавацца кіславатымі ягадкамі журавін, брусніц. Звяры раскопваюць снег, каб адшукаць смачны пачастунак.
     – А нам не трэба нікуды хадзіць, у нас і тут шмат ежы, – задаволена Вавёрка.
     Яна запаслівая, у яе досыць ежы ў запасніках, яна сама і яе сыночак Цішка не будуць галадаць. У вавёрчыных каморах сухія грыбы, арэхі, жалуды, сушаныя ягады. Малайчына, мама Вавёрка!
     – Блакітніца! Ідзі сюды! Глядзі, колькі я адшукаў пад карой нашай елкі гусеніц, лічынак, мошак, – крычыць Попаўзень.
     Гэта невялікая птушачка, як і Дзяцел, нават узімку ўмее хутка знаходзіць пад карой дрэў казурак. Ох, і смачны пачастунак прыгатаваў ён для знаёмай Сінічкі. Яна задаволена і ўдзячна за гэта разумнаму Попаўзню.
     Хутка пралятае светлы дзень, узімку ён нашмат карацейшы за летні. Цямнее і становіцца халадней, таму што Сонца сыходзіць за гарызонт. Усе жыхары лесу спяшаюцца схавацца ў норках і дуплах, шчыльней зачыніўшы ўваходы ў іх, каб не ўпускаць у сваё жытло халоднае паветра.
     На цёмна-сінім небе загараюцца яркія зорачкі. Яны глядзяць з вышыні на захутаны ў снежнае ўбранне Машын лес, вырашыўшы, што гэта белыя аблокі заснулі на зямлі. Магчыма, усё так і ёсць, бо снежнае покрыва лесу яшчэ ўчора было беласнежным воблакам.
     
      Гэты аповед на рускай мове
25.07.19