Маша и яе чароўны лес(23 частка Лебедзь) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(23 частка Лебедзь) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(23 частка Лебедзь) (чытае Ліка Пташук)
Першую чвэрць чацвёртага класа Маша скончыла з добрымі адзнакамі. Яе пахваліла школьная настаўніца Ала Максімаўна. Дзяўчынка была задаволена сабой, але толькі не занадта.      – Сямёрка па фізкультуры? Чаму? – спытаў тата, зазірнуўшы ў яе школьны дзённік. – Табе трэба больш часу надаваць спорту.
     Маша і сама разумела, што яна стала слабейшай. Мабыць, таму што ў вольны час часта праседжвала за камп’ютэрам, хоць за акном яе пакоя шамацеў і клікаў да сябе цудоўны лес.
     "З'езджу на возера на ровары, – вырашыла Маша. – Тата казаў, што яшчэ не ўсе лебедзі паляцелі на поўдзень. Пагляджу, ці так гэта, і палюбуюся на белакрылых птушак".
     Пачатак лістапада не цешыў цёплым надвор'ем. Дзяўчынцы прыйшлося надзець капялюшык, куртку, абуць цёплыя восеньскія боцікі. А Тарзану і так цёпла – у яго кудлатая чорная поўсць.
     Лес апусцеў. Скрозь аголеныя кроны дрэў прасвечвалася неба. Лясных птушак не чуваць і нідзе не відаць. "Сядзяць у дуплах, грэюцца альбо спяць", – вырашыла Маша. Толькі Цішка – верны сябар, тут як тут. Скача па дрэвах услед за імі.
     – Прывітанне! – крыкнула Маша шустраму ваверчаняці. А той ужо наперадзе, абагнаў яе ровар.
     Праязджаючы па лясных сцежках, то ўзбіраючыся на ўзгорак, то з'язджаючы з яго, дзяўчынка не ўбачыла ні пчол, ні жукоў, ні мух, ні матылькоў. Холадна. Усе пахаваліся. Мурашкі – у мурашнік, пчолы – у дупло-вулей, жукі і мошкі – пад пажоўклую лістоту.
     Але лясное возера, як і ўлетку, зіхаціць воднымі люстэркамі – ціхае спакойнае маўклівае. Маша пад'ехала да самага берага.
     – Што гэта? Лебедзь захраснуў ля берага? – ускрыкнула дзяўчынка, гледзячы на змучаную птушку, якая не магла вырвацца з палону.
     Небарака выпадкова заблытаўся ў кустах асоту. Але сяброўка лебедзя плавала наводдаль, не жадаючы пакідаць яго.
     – Калі гэта адбылося? – расхвалявалася Маша. – Добра, што гэты лебедзь яшчэ жывы.
     – Трэба тэрмінова паведаміць тату, – сумна нахмурылася Маша, гледзячы на Тарзана, які не зусім разумеў, што адбываецца.
     Неўзабаве пасля яе званка прыехаў тата на легкавым аўтамабілі. Ляснік сарваўся з працы, каб дапамагчы птушцы.
     – Глядзі! Што гэта з ім здарылася? – спытала дачка.
     – Зараз разбяромся, – спакойна адказаў тата.
     Яму, даўняму гаспадару лесу, не раз даводзілася ратаваць звяроў і птушак, якія патрапілі ў цяжкія сітуацыі. Ляснік хутка вызваліў лебедзя з пасткі. Аказваецца, ён заблытаўся ў рыбалоўчай лёсцы гора-рыбакоў. Так бывае з птушкамі на азёрах і рэках, куды прыязджаюць турысты.
     – Вось і ўсё. Плыві да сваёй "палавінкі", – сказаў тата, разблытаўшы лёску і падпіхнуўшы лебедзя ў вадзе да другога лебедзя, які цярпліва чакаў яго непадалёк.
     – Лебедзі – верныя птушкі, не кідаюць адзін аднаго ў бядзе. Зараз яны паляцяць, я так думаю, – выказаў здагадку тата. – Гэтыя два лебедзі апошнія, хто яшчэ не паляцеў з нашага возера на поўдзень. Пажадаем ім шчаслівай дарогі.
     – Дзякуй, татачка, што ты выратаваў лебедзя, – Маша ўдзячна прыціснулася да свайго таты.
     Ён з'ехаў на працу, а яна яшчэ доўга глядзела на лебедзяў, якія плавалі па цёмнай вадзе возера, далікатна дакранаючыся адзін да аднаго дзюбамі і доўгімі шыямі, шчаслівыя ад таго, што ўсё добра абышлося…
     
     Прыбярэжныя бярозы і хвоі застылі ў глыбокім роздуме. Яны разумелі, што толькі добры ўважлівы чалавек мог вызваліць лебедзя з бяды. Значыць, птушцы пашанцавала. Чараўніца Восень таксама змагла назіраць за ўсім, што тут адбылося. Ранкам яна прыйшла праводзіць пару лебедзяў, якія жылі на лясным возеры, у далёкую дарогу. Бяда, якая здарылася з лебедзем, усхвалявала яе. Супакоіўшы хвалі на возеры, чараўніца Восень стала чакаць дапамогі ад людзей. А калі гэта дапамога прыйшла, чараўніца з падзякай глядзела на Машу і яе тату. Восені было прыемна даведацца, што ў гэтым лесе жыве разумны добрасардэчны чалавек, які сочыць за здароўем раслін, жывёл і птушак.
     – Ён наш гаспадар, пасадзіў у лесе шмат маладых дрэў, сочыць за парадкам, узімку корміць птушак і звяроў. Ён усё ведае пра нас і дапамагае нам, – распавядалі дрэвы чараўніцы. – Мы паважаем і шануем нашага лесніка за дабрыню і любоў да нас…
     
     Назаўтра Маша зноў паехала на лясное возера паглядзець на выратаванага лебедзя. "Як ён там? – хвалявалася дзяўчынка. – Ці зможа ляцець на поўдзень, ці не?"
     Але птушак на возеры ўжо не было. "Паляцелі, – зразумела Маша, і ёй стала сумна. – Трэба было раней прыехаць, я б іх праводзіла", – засмуцілася яна.
     Пакінутае ў адзіноце лясное возера сумна плёскалася аб бераг. У чаратах ля яго берага ўжо не крычалі жабы, халодная вада ім была не даспадобы. Галасістых драздоў, з якімі Маша пазнаёмілася на пачатку лета, на іншым беразе возера таксама не было чуваць. Яны альбо паляцелі зімаваць на поўдзень, альбо дзесьці атуліліся ад холаду. Толькі рыбы – карасі ды акуні, а можа нават шчупакі – плавалі ў азёрнай вадзе. Вада з кожным днём станавілася ўсё больш халаднейшай. Гэта казала пра тое, што хутка паверхня возера пакрыецца скарынкай лёду, і не за гарамі Зіма.
     
      Гэты аповед на рускай мове
15.07.19