Маша и яе чароўны лес(22 частка Падарункі Восені) (чытае Ліка Пташук)
Восеньскія дакучлівыя дажджы не сапсавалі настрой лясных жыхароў. Колькі смачных грыбоў у лесе вырасла! Мышы, вавёркі, кабаны, алені спяшаліся паласавацца імі. Сёй-той нават сушыў іх, бо наперадзе доўгая халодная Зіма.
Вось і мама ваверчаняці Цішкі абвешала свой велізарны Дуб грыбнымі гірляндамі. А магутнаму дрэву няёмка ад такіх вавёрчыных дзівацтваў, не хочацца яму ператварацца ў навагоднюю Ёлку.– Патрывай, браток, – угаворвае яго вавёрка, – грыбы хутка высахнуць, я іх зніму. Мне здаецца, што так ты стаў нават прыгажэйшым.
Але чараўніца Восень не толькі смачныя грыбы лесу падарыла. Паглядзіце, якім стала лясная Ляшчына! Вунь колькі арэхаў сёлета паспела на яе галінах.
– Ох, і цяжка мне цяпер, – жаліцца небарака, згінаючыся да зямлі ад цяжару. – Гэй! Хто любіць мае арэхі, хутчэй прыходзьце за імі!
Птушкі і вавёркі тут жа адгукнуліся на кліч пладавітага дрэва. За некалькі дзён усе яго галінкі ачысцілі, панеслі ў дуплы і гнёзды смачныя арэшкі.
– А дзякуй хто скажа? – пакрыўдзілася Ляшчына.
Сорамна стала, вярнуліся "ласухі", каб падзякаваць дрэву за дабрыню.
– Бач ты, – паўшчувала іх Ляшчына, – як вы закруціліся са сваімі восеньскімі клопатамі. Добра, ешце мае арэшкі на здароўе.
Шыпшыннік, бруснічнік, журавіны, чырвоныя рабіны не спяшаліся раздаць усе свае плады:
– Узімку галодным птушкам і лясным звярам нашы ягадкі і арэшкі стануць добрым пачастункам. Яны не сапсуюцца, толькі крыху падмерзнуць.
А ў Машынай хаце ўсё ішло сваім парадкам. Усе былі заняты справамі: бацькі – на працы, дачка – у школе.
Неяк у кастрычніцкую суботу тата паклікаў жонку і дачку ў паход па грыбы:
– Надвор'е сонечнае, і марозу яшчэ няма. Я адшукаў учора выдатную грыбную мясціну, там і баравікі, і махавікі, і рыжыкі растуць. Сходзім заўтра?
– Сходзім, – узрадавалася Маша цікаваму шпацыру.
Але каб пагуляць заўтра, ёй прыйшлося хутка рабіць усе ўрокі.
– І цябе, Тарзан, заўтра возьмем з сабой, – паабяцала дзяўчынка кудлатаму сябру.
"І я пайду па грыбы", – вырашыў Цішка, калі шпацыруючы па лесе, ён выпадкова пачуў Машыну гутарку з сабакам у двары.
Раніцай уся сям'я адправілася ў лес на татаву грыбную мясціну. Дарога аказалася няблізкай. Але надвор'е не падвяло. Толькі восеньская намаразь халадзіла ногі, абутыя ў гумавыя боты.
– У лесе можна сустрэць гадзюку, – сказаў тата. – Боты дапамогуць нам засцерагчыся ад укусу.
Мокрыя ў расе і кроплях учарашняга дажджу галінкі дрэў не заміналі Машы захапляцца прыгажосцю восеньскага лесу. Разнаквецце цешыла вока. Барвовае, ярка-жоўтае, карычняватае лісце ўсыпала зямлю, і глядзець на яркі восеньскі дыван, які іскрыўся ў прамянях сонечнага святла, было вельмі прыемна. Лёгкія серабрыстыя павуцінкі ляталі паўсюль, звісалі з дрэў і кустоў. А яшчэ ўвесь лес цудоўна пах грыбамі! Дзе-нідзе на пагорках квітнелі восеньскія кветкі: фіялетавым колерам зіхацелі букецікі мацярдушкі, какетліва ўсміхаліся рознакаляровымі тварыкамі трохкаляровыя фіялкі. З-пад высокай травы выскоквалі жабы, а ў яловых зарасніках нейкія птушкі нарабілі трэску і шуму велізарнымі крыламі.
– Мабыць, глушцы спалохаліся нас, – сказаў тата. – У гэтых вялікіх птушак добры слых.
Колькі ж грыбоў сабралі грыбнікі ў той дзень – сто ці больш баравікоў? Гэта застанецца іх сакрэтам. Тата казаў, што грыбную мясціну не пакажа нікому.
Але больш за ўсё Машу ў той дзень здзівілі не грыбы, а прыгажун алень. Ён стаяў за пухнатай ялінкай, калі дзяўчынка падышла да яе, каб зрэзаць яркі грыб – рыжык. Алень высунуў з-за дрэва свае велізарныя галінастыя рогі, паглядзеўшы Машы прама ў вочы.
– Ой! – толькі і паспела ўскрыкнуць спалоханая дзяўчынка.
А яго толькі і бачылі – алень развярнуўся і схаваўся ў зарасніках лесу.
Так блізка Маша яшчэ ніколі не бачыла ў лесе аленя. Пра нечаканую сустрэчу яна потым распавядала школьным сябрам, і яны таксама дзівіліся гэтаму рэдкаму выпадку сустрэчы з дзікім зверам.
Яшчэ дзяўчынка прыкмеціла ў лесе знаёмае ваверчаня. Цішка трымаў у зубах велізарны баравік.
– Цішка, не ўцякай! – толькі і паспела крыкнуць Маша, калі ваверчаня скокнула на дрэва і памчалася дахаты.
Цішка ці то не пачуў яе, ці то нічога не зразумеў, але нават не азірнуўся на воклік дзяўчынкі. Затое Тарзан з Цішкам здолеў пагутарыць. Сабака падбег да звярка, калі той шукаў у траве грыбы. Тарзан прыязна вільнуў хвастом і выскаліў зубы ў "сабачай усмешцы". Але ваверчаня спалохалася сабакі і залезла на дрэва, дзе сядзела, пакуль Тарзан не адышоў у бок. "Яшчэ ўкусіць", – падумаў асцярожны Цішка. Грыб ён сарваў потым і панёсся да мамы, каб распавесці ёй пра выдатную грыбную мясціну. Вось толькі, напэўна, вавёрка сама ўжо даўно разведала ўсе грыбныя мясціны свайго лесу.
Па дарозе дахаты тата сказаў:
На пачатку лістапада паедзем на балота збіраць журавіны.
– А цяпер яшчэ рана? – спытала дачка.
– Пачакаем, пакуль журавіны лепш паспеюць, яны будуць смачнейшымі. Апрача таго ў лістападзе пачнуцца твае восеньскія канікулы, – усміхнуўся тата. – А цяпер вучыся. Табе ж трэба вучыць не толькі школьныя ўрокі, гітара таксама цябе чакае.
Гэты аповед на рускай мове
14.07.19