Маша и яе чароўны лес(21 частка “Бабіна лета” ў лесе) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(21 частка “Бабіна лета” ў лесе) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(21 частка “Бабіна лета” ў лесе) (чытае Ліка Пташук)
Восень стрымала сваё абяцанне. Да канца верасня яна вырашыла не ўпускаць у заклапочаны лес халодныя вятры і дажджы. Чараўніца папрасіла Сонца яшчэ некаторы час па-летняму саграваць зямлю, каб пералётныя птушкі, якія не паспелі адляцець на поўдзень, змаглі адужэць перад палётам, а астатнія жыхары лесу нарыхтавалі для сябе запасы ежы на сцюдзёную зіму.      Але дрэвы і кусты, якія востра адчувалі холад, што ішоў ад зямлі і паветра, моцна астываючых за цёмную ноч, тут жа пачалі скідаць пажоўклую лістоту. Вада і мох на балотах і лясным возеры сталі падмярзаць. Гэта занепакоіла вадаплаўных і балотных птушак. Неўзабаве да поўдня пацягнуліся кліны жураўлёў, гусей, чароды кулікоў, чаплель, качак. Гнёзды пералётных птушак апусцелі. Цяпер у Машыным лесе не так часта можна было пачуць звонкія пералівістыя галасы птушыных спевакоў.
     Дрэвы засумавалі. І хоць чараўніца Восень падарыла лясным насельнікам некалькі не па-восеньскаму цёплых сонечных дзён, назваўшы іх "бабіным летам", смутак пасяліўся ў душы бярозак і рабін, ліп і клёнаў, таполяў і ясеняў, асін і нават магутных дубоў. Яны нібы пастарэлі, бо з іх галін на зямлю абсыпалася засыхаючая пажоўклая лістота, агаляючы галіны, робячы ліставыя дрэвы зусім непрыгожымі.
     – Мне так дрэнна, – плакалася Ліпа суседу Клёну. – Мае зялёныя лісточкі пацямнелі і пажоўклі, адарваліся ад галінак і апалі. Сям'я лясных галубоў пакінула сваё гняздо на маёй верхавіне і паляцела на поўдзень.
     – Я таксама стаў самотным, – жаліўся Клён. – Мае лісцейкі ператварыліся ў барвовыя зорачкі, але яны паляцелі не ўгару на неба, а ўніз да зямлі. Вунь іх колькі там! Уся зямля пакрылася яркім квяцістым дываном з нашых лісточкаў. А мы стаім голыя, і нікому няма да нас ніякай справы.
     – Ёсць справа, ёсць да вас справа, – зазвінела Сінічка. Яна пачула гутарку дрэў і захацела ім дапамагчы. – Не ўсе ж птушкі адляцелі, – працягвала супакойваць дрэвы Сінічка. – Мы – сініцы, вароны, галкі, крумкачы, гракі, сарокі, вераб'і, попаўзні – засталіся і будзем зімаваць у вашых дуплах. Нашы сябры, дзятлы, прыгатавалі для нас шмат утульных дуплаў па ўсім лесе.
     Сапраўды, птушкі, якія засталіся на зімоўку ў Машыным лесе, не маркоціліся. Яны радаваліся яркім восеньскім праменьчыкам Сонца, рупліва працавалі – стваралі сховішчы ежы ў дуплах і на зямлі пад апалым лісцем. Там з'яўляліся склады з лясных арэхаў, жалудоў, сухіх ягад рабіны, шыпшынніка, зернеў, семачак сланечніка.
     Вавёркі, мышы, краты, бурундукі, хамякі, яноты таксама імкнуліся нарыхтаваць сабе харчоў на тры зімовыя месяцы. Апрача таго, вожыкі, бурундукі стараліся добра сілкавацца перад тым, як яны надоўга залягуць у спячку.
     Так у клопатах і восеньскіх перажываннях праляцеў верасень. Чараўніца Восень, заўважыўшы, што ўвесь лес ужо падрыхтаваўся да халадоў, пачала яшчэ больш астуджаць зямлю. З наплыўшых шэрых хмар на дрэвы паліўся дробны дожджык, а ў паветры павеяла восеньскай прахалодай.
     Кароткае "бабіна лета" даволі хутка скончылася. Але ў хаце лесніка ніхто не маркоціўся. Маша старанна вучылася ў школе, а яшчэ ў яе з'явілася новае захапленне – музыка. Тата вырашыў навучыць дачку іграць на шасціструннай акустычнай гітары. Дзяўчынка не раз прасіла яго пра гэта.
     Уважлівая і музыкальная Маша хутка асвойвала “прамудрасці” ігры на музычным інструменце, хоць татава гітара даставала ёй да падбародка.
     – Я куплю табе меншую гітару, памерам тры чвэрці, – сказаў тата.
     Неўзабаве ён прынёс у хату невялікі інструмент, меншую копію сваёй "дарослай" гітары. Цяпер навучанне Машы пайшло яшчэ лепш, чым раней. Яна вывучыла некалькі п'ес для гітары і вырашыла паказаць сваё ўменне Тарзану. У нядзелю дзяўчынка выйшла з інструментам у двор і пачала іграць.
     Звонкі голас Машынай гітары разляцеўся па лесе. Дрэвы і птушкі былі зачараваны і здзіўлены.
     – Хто ж гэта так звонка спявае? – дзівіліся яны, не пазнаючы ў гуках гітары галасоў пеўчых птушак.
     Першымі пра ўсё даведаліся Сарока і Варона. Яны распавялі пра Машу і пра яе музычны інструмент і паклікалі птушак на канцэрт.
     А Маша, заўважыўшы, як падабаецца яе музыка Тарзану, ваверчаняці Цішку, кацянятам і котцы, стала часцей выходзіць у двор і ствараць добры настрой не толькі сабе, але і сваім слухачам.
     – У нашым лесе, – звінела Сінічка, пералятаючы з аднаго дрэва на іншае, – жыве выдатная дзяўчынка. Яна добрая і вясёлая, цешыць усіх нас!
     – Мы яе любім, – шапталі дрэвы і кусты, якія раслі побач з Машынай хатай.
     – І я яе люблю, – Цішка махнуў рудым хвосцікам.
     – І мы, і мы, і мы яе любім, – каркалі вароны, трашчалі сарокі, звінелі сінічкі, цвыркалі верабейкі, ціўкалі іншыя птушкі, усе, хто часта сустракаў Машаньку ў лесе.
     – І мы яе вельмі любім, – прамовілі дрэвы, кусты, травы, што раслі ў лесе.
     Што і казаць, усе, хто ведаў Машу, паспеў палюбіць гэтую вясёлую і жвавую дзяўчынку, і яна вельмі любіла ўсіх сваіх сяброў, увесь лес быў для яе роднай хатай.
     
      Гэты аповед на рускай мове
10.07.19