Маша и яе чароўны лес(19 частка Чараўніца Восень прыйшла ў Машын лес) (чытае Ліка Пташук)
Ціхім і цёплым вечарам трыццаць першага жніўня, як толькі апошнія памяранцавые прамяні Сонца пачалі знікаць за гарызонтам, чараўніца Лета паляцела ўслед за імі. Машын лес, праводзячы любае Лета, адразу засмуткаваў. Птушкі і звяры моўчкі паразыходзіліся па сваіх хатах у чаканні Восені. Але яны дарма так хваляваліся. Раніцай Сонца, як заўсёды, узышло на небасхіл і асвяціла зямлю яркімі прамянямі. Яно быццам супакойвала ўсіх і казала, што ў першыя восеньскія дзянькі будзе па-летняму цёпла і ўтульна. А калі ў Машын лес прыйшла прыгажуня Восень, яна была ветлівая і пяшчотная, не прадвяшчаючы свету ніякай небяспекі.
– Не хвалюйцеся, – сказала Восень. – Я яшчэ не гатовая астудзіць зямлю так, каб вы замерзлі. І хоць са мной у вашы мясціны прыляцелі прахалодныя вятры, яны не такія суровыя, і з імі можна паладзіць. Я дапамагу ўсім вам падрыхтавацца да зімы. Толькі трэба будзе трохі папрацаваць і падрыхтаваць сабе харчы на халодныя і марозныя зімовыя дні. Але пералётных птушак я не змагу ўтрымаць тут. Ім трэба ляцець на поўдзень. Яны цеплалюбныя і не прывыклі жыць разам са мной.Спалоханы лес і ўсе яго насельнікі, пачуўшы такія не па-асенняму цёплыя словы чараўніцы, трохі супакоіліся. Звяры і птушкі выйшлі насустрач да яе, чакаючы ўказанняў.
– Каму ж з птушак ляцець першымі да паўднёвай зямлі? – спытала цікаўная Варона.
Сама ж яна не збіралася нікуды ляцець. Ёй і ў родным лесе было добра. Варона даўно прыстасавалася да марозных зім.
– Заўтра я ўсім вам раздам заданні, – адказала Восень. – А зараз мне трэба азнаёміцца з багаццем, якое мне пакінула чараўніца Лета: пабываць на лугах і палях, на азёрах і рэках, у лясах і на палянах вашай паўночнай зямлі.
Назаўтра спазаранку ўсе жыхары лесу пазбіраліся на вялікай паляне, чакаючы прыходу чараўніцы Восені. І яна прыйшла – яркая ў прыгожай зялёна-аранжавай сукенцы з букецікам хрызантэм у руцэ.
– Мне шкада адпускаць пералётных птушак. Але я ўсё-такі павінна зрабіць гэта, таму склала чарговасць іх адлёту на поўдзень. Дык вось, першымі паляцяць самыя маленькія птушачкі, тыя, якія сілкуюцца мошкамі, вусенямі і чарвякамі. Гэта салаўі, пеначкі, чарацянкі, дразды, ластаўкі, сітаўкі. Крыху пазней, у сярэдзіне верасня, калі пахаладае і пачнуць жаўцець бярозы, да поўдня паляцяць жураўлі, чаплі, кулікі, таму што ў гэты час зямля на балотах ужо пачне падмярзаць, а птушкі не любяць дзюбаць замерзлыя журавіны. Падворлікі паляцяць услед за жураўлямі, бо ім трэба дабірацца да далёкай Афрыкі. У канцы верасня выправяцца ў дарогу і іншыя вадаплаўныя птушкі. Белыя лебедзі паляцяць апошнімі ў сярэдзіне кастрычніка.
Птушкі, якім чараўніца Восень загадала адлятаць на поўдзень, адразу расхваляваліся. І гэта зразумела. Ім жа трэба добра падрыхтавацца да хуткага пералёту, адужэць, добра наесціся зерня, што засталося на палетках пасля жніва, падзяўбаць ягады, плады фруктовых дрэў.
– А мы не паляцім, мы гатовыя зімаваць тут, у лесе, таму што ўзімку ў нашым краі не вельмі марознае надвор’е, – прамовілі іншыя птушкі.
Гэтых птушак было даволі шмат. Вось яны: вароны і чорныя крумкачы, сарокі, гракі, галкі, сойкі, дробныя совы, берасцянкі, крыжадзюбы, дубаносы, зелянушкі, шчыглы, блакітніцы, сініцы, попаўзні, дзятлы, вераб'і, жоўтагаловыя каралькі.
– Вы такія маленькія, – сказала чараўніца Восень, паглядзеўшы на вераб'ёў, сініц, каралькоў, попаўзней і іншых дробных птушачак. – Як жа вы перазімуеце марозную Зіму?
– А мы ўладкуемся ў дуплах. Яны вялікія, каб было цёпла, у іх можна спаць цэлымі сем'ямі, – празвінелі сініцы.
– Што ж вы будзеце есці ў халады? Мошак і чарвячкоў вы ўжо не знойдзеце?
– А мы назапасім іх цяпер, калі яны яшчэ лётаюць і поўзаюць.
– Як жа?
– Павучкоў і казурак схаваем пад карой дрэў, а самі ўзімку схаваемся пад галінкамі елак і хвой, там цёпла, – зазвінела вялікая Сініца.
– А я буду дапамагаць ім, – сказаў Дзяцел, – буду даставаць ежу з-пад кары. Там столькі лічынак узімку, што мне ўсіх не з'есці.
– Хітруны, – усміхнулася Восень.
– А мы змайструем для сябе ўтульнае цёплае гняздзечка пад густымі яловымі лапкамі. Узімку яны пакрываюцца снегам і нашым птушанятам не будзе холадна, – сказалі крыжадзюбы.
– Птушанятам? – здзівілася чараўніца.
– Яны ў нас народзяцца ў лютым.
– Чым жа вы іх будзеце карміць?
– Насеннем шышак елкі. Птушаняты іх любяць.
– Вось дык цуд, птушаняты ў студзені на марозе! І яны не змерзнуць?
– Яны ў нас загартаваныя, а яшчэ наша гняздзечка вельмі цёплае, – супакоілі чараўніцу Восень крыжадзюбы.
– І мы таксама не хочам ляцець на поўдзень, – кракнулі крыжанкі.
У іх кампаніі чараўніца Восень заўважыла глушцоў, цецерукоў і вадаплаўных птушак, такіх як гогалі, краснагаловыя нырцы, белыя лебедзі.
– Ах, якія ж вы ляніўцы, не жадаеце дабірацца да далёкай Афрыкі? – здзівілася чараўніца Восень.
– Не жадаем. Мы перазімуем тут, – кракнула самая адважная Качка. – Я, напрыклад, знайду для сябе ежу ў палонцы на рацэ.
– Добра, – пагадзілася Восень, – гэта ваш выбар.
Пасябраваўшы з птушкамі і ўсё абгаварыўшы, чараўніца Восень пайшла шукаць дзікіх звяроў. Іх таксама трэба папярэдзіць, што хутка прыйдзе зіма, каб яны рыхтаваліся да сустрэчы з ёй. А можа быць, яны, гэтак жа, як і птушкі, усё самі ведаюць?
Восень ішла па лясной сцяжынцы, з двух бакоў зарослай трыпутнікам, чыстацелам, падбелам і думала: "Хутка лісцікі і травінкі пажоўкнуць і звянуць, таму што не за гарамі першыя маразы. Але мне шкада, што гэта здарыцца". - "Не шкадуй", – шапнуў ёй на вушка вецер Сівер. Ён ужо паспеў прыляцець сюды, у Машын лес, як толькі даведаўся, што чараўніца Восень завітала ў гэтыя мясціны. "Як жа не шкадаваць, – у думках адгукнулася чараўніца. – Прыгажуні Вясна і Лета іх вырасцілі, а пры мне яны будуць гінуць?" - "Не загінуць, – ізноў шапнуў Сівер. – Ты забылася, што ўзімку ўся зямля хаваецца пад снегам, таму карані травы лёгка змогуць перазімаваць, каб увесну зноў расквітнець".
– Так, гэта праўда, – услых сказала чараўніца Восень і ўсміхнулася самой сабе. – Не бойцеся мяне, травы, не хвалюйцеся, дрэвы і кусты, – яна звярнулася да раслін лесу. – Вы не загінеце ўзімку, а толькі заснеце. Зараз жа паступова скідайце лістоту, так вы падрыхтуецеся да зімовага сну.
– Падрыхтуемся? – зашумелі дубы і клёны, расхваляваліся бярозы.
Іх лістота яшчэ не пажоўкла, але яны здагадваліся, што гэта хутка здарыцца.
– Вам трэба берагчы свае сілы, таму вы і скінеце зялёную лістоту, – растлумачыла чараўніца Восень. – Але ў вас застануцца ствалы і карані. Вашы галіны і карані атуліць снег дзеля таго, каб вы не змерзлі, а глыбока ў зямлі доўгія карані адшукаюць вільгаць і ежу. Гэтай энергіі павінна хапіць, каб вы дажылі да вясны. А калі стане цяплей, вы ачуняеце ад зімовага сну і расквітнееце.
– Ах, так, – супакоіліся расліны.
З таго моманту яны пачалі чакаць марознае зімовае надвор’е без вялікай боязі і хвалявання, таму што зразумелі, яны выжывуць, толькі трэба ўсё рабіць правільна, як параіла ім Восень.
Чараўніца Восень ішла па лесе і любавалася ярка-чырвонымі ягадамі рабін, лавіла павуцінкі, што, нібы матылькі, пырхалі паміж дрэвамі, пад яловымі лапкамі заўважыла вялікі баравік. У бярэзніку на Сонейку красаваліся падбярозавікі і махавікі, апенькамі абраслі пні, жоўтыя лісічкі выглядвалі з травы.
– А ты, стары Дуб, гатовы аддаць свае жалуды птушкам і звярам? – спытала прыгажуня Восень, падышоўшы да велізарнага старога Дуба, таго самога, на якім вісеў пчаліны вулей-калода Машынага таты.
– Гатовы, – зашумеў галінамі волат. – Няхай прыходзяць, я не пашкадую.
– Вось і добра, – прамовіла чараўніца. – Добрага здароўя табе, стары! Жыві доўга і сябруй з жыхарамі свайго лесу.
Восень пайшла далей. І каго б вы думалі, яна ўбачыла? Нашага знаёмага Цішку! Ён падрос, ператварыўшыся ў прыгожае рудае ваверчаня з доўгім пухнатым хвастом і зоркімі вочкамі. Цішка здалёк убачыў незвычайнай прыгажосці дзяўчыну і адразу зразумеў: яна чараўніца!
– Добры дзень, ваверчаня! – гучна сказала Восень. – А твая матуля дзе?
– Тут я, тут, – адгукнулася мама-вавёрка. Яна вылезла з дупла і падбегла да чараўніцы.
– Я – Восень, абыходжу ваш лес. Як вам жывецца, як будзеце сустракаць будучую Зіму? – спытала прыгажуня.
– У нас усё добра, спадарыня, – адказала мама-вавёрка. – Мой сынок падрос, я рада. У лесе шмат ежы. Да зімы я насушу грыбоў, ягад, арэхаў, ды і жалуды на старым Дубе хутка паспеюць.
– Добра, што вы ўсё ведаеце. Тады я пайду далей, здароўя вам і шчасця, прыходзьце да мяне, калі што будзе трэба. Я яшчэ тры месяцы буду жыць у вас, – сказала чараўніца Восень і пайшла далей.
Гэты дзень у яе быў самым клапотным. Чараўніцы Восені прыйшлося абысці ўсіх звяроў, пагаварыць з кожным з іх. І хоць звяроў у Машыным лесе жыло нямнога, аднак, калі іх палічыць, дык вавёрак, зайцоў, вожыкаў, мышэй і ліс шмат набралася бы. Вось толькі ваўкоў і мядзведзяў чараўніца тут не знайшла. І гэта добра, таму што Маша б іх вельмі баялася.
Гэты аповед на рускай мове
5.07.19