Пашанцавала Лесіку! - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Пашанцавала Лесіку!
Пашанцавала Лесіку!
У казачным лесе жылі казачныя звяры – мядзведзі і ваўкі, лісы і зайцы, вавёркі і вожыкі. І вось цуд так цуд, усе яны любілі займацца спортам! Аднойчы людзі дазналіся, што ёсць такія незвычайна таленавітыя звяркі, і пачалі запрашаць іх на свае спаборніцтвы ў якасці талісманаў. Але не падумайце нічога дрэннага. Людзі палюбілі звяркоў і хвалілі за жаданне займацца тым ці іншым відам спорту, за поспехі, а не простае баўленне часу ў лесе.      У 1980 годзе людзі абралі ў якасці свайго талісмана на знакамітыя ХХII Алімпійскія гульні казачнае медзведзяня Мішу. Малыш з дзяцінства валодаў незвычайнай сілай і цвёрдым байцоўскім характарам. Яго хваліў лясны трэнер па дзюдо.
     З таго часу прайшло шмат гадоў, Міша ператварыўся ў вялікага старога мядзведзя. Маладыя жыхары казачнага лесу цяпер не вельмі верылі яго подзвігам. А калі людзі ізноў прыйшлі ў іх лес шукаць новы талісман на сур'ёзныя спаборніцтвы – чэмпіянат свету па хакеі 2014 года, усім жыхарам казачнага лесу было зразумела, што такім талісманам павінен стаць ніхто іншы, як зубраня Волат, бацькі якога нядаўна пераехалі жыць у казачны лес з Белавежскай пушчы. Там няма спартыўнай секцыі, а іх адоранае зубраня вельмі жадала займацца спортам. Вось так Волат і стаў спартсменам – хакеістам, ды не простым, а такім, хто падае вялікія надзеі на будучыя поспехі ў гэтым відзе спорту. Праз некаторы час закончылася хакейнае спаборніцтва. Лясны Волат вярнуўся ў свой казачны лес сапраўдным вопытным спартсменам. Ён паказаў сябрам такія хакейныя прыёмы, пасля чаго ўсе лясныя хакеісты сталі паважаць малайца і прызначылі яго капітанам хакейнай каманды.
     Прайшло яшчэ некалькі гадоў, і зноў важнае спартыўнае спаборніцтва прымусіла людзей звярнуцца ў казачны лес у пошуках талісмана чэмпіянату свету па футболе 2018 года. Хто ж, як ні воўк па мянушцы Забівака, мог прэтэндаваць на такое высокае званне. Гэты воўк яшчэ не стары, але вельмі вопытны. У яго скарбонцы было больш за сотню забітых мячоў у вароты сапернікаў на лясным футбольным полі.
     – Жыве, – казалі людзям казачныя звяры, – у нашым лесе такі жвавы і адважны воўк, аднак ён зусім не агрэсіўны, проста неверагодна захоплены футболам.
     Вядома ж, Забівака не мог не спадабацца людзям. Запрасілі яны ваўка да сябе на спаборніцтвы ў курортны горад Сочы, які знаходзіцца на беразе Чорнага мора.
     Скончыліся цікавыя спаборніцтвы, прайшло некалькі гадоў. І зноў спартсменам не сядзіцца спакойна, хочацца чагосьці такога няпростага, дзе можна паказаць сваю сілу і цягавітасць. Вось і арганізавалі яны новыя спаборніцтвы ў 2019 годзе – II Еўрапейскія гульні, ды зноў пайшлі ў казачны лес шукаць прэтэндэнта на талісман гэтых гульняў. Цяпер ім быў патрэбен лёгкаатлет. Каго ж яны выбралі? Вядома ж, Лесіка – вясёлае і спрытнае лісяня. Малыш і на ровары ўмеў катацца, і ў спартыўную лясную залу хадзіў. Там ён займаўся гімнастыкай, бегаў, вучыўся гуляць у настольны тэніс, бадмінтон, скакаць на батуце, страляць з лука. Пасля спаборніцтваў задаволены Лесік вярнуўся ў свой казачны спартыўны лес знакамітасцю!
     Усё добра ў Лесіка, а ў лесе некаторыя плачуць. Хто ж і чаму? Гэта маленькія важаняты, ваверчаняты, бабраняты, зайчаняты. Іх яшчэ ні разу нікуды не выбіралі. Засумавалі звяркі і гуляць ім не ў што не хочацца.
     Ды толькі мамы іх супакойваюць:
     – Не хвалюйцеся, – кажуць яны сваім дзеткам. – Яшчэ шмат спаборніцтваў прыдумаюць людзі, калі-небудзь дойдзе чарга і да вас. Толькі не лянуйцеся, не сядзіце без справы, займайцеся спортам, каб вы змаглі вырасці адважнымі, разумнымі і спрытнымі звяркамі.
     
     
      Гэтая казка на рускай мове
22.06.19