Маша и яе чароўны лес(17 частка Жнівеньская навальніца і татавы пчолы (чытае Ліка Пташук)) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(17 частка Жнівеньская навальніца і татавы пчолы (чытае Ліка Пташук))
Маша и яе чароўны лес(17 частка Жнівеньская навальніца і татавы пчолы (чытае Ліка Пташук))
Тую навальніцу ўсе запомнілі надоўга. Мама была ў бабулі, тата – на працы, а Маша ў садзе загарала ў гамаку з любімай кніжкай у руцэ. Дзяўчынка адразу нават не звярнула ўвагу на моцны вецер, які кідаў па двары сухія галінкі і паднімаў слупы пылу. Маша не магла адарвацца ад кнігі, займальны сюжэт цалкам захапіў яе ўвагу і пагрузіў у нерэальнае жыццё. А побач з ёй у двары хаты і за плотам у лесе разгортваліся неверагодныя падзеі. Моцны вецер ламаў галінкі дрэў, зрываў лістоту. Толькі калі ў хаце пляснула расчыненае акно, Маша ачулася ад кніжнай магіі. Пабегла ў хату і пусціла туды кацянят з коткай, Тарзана. Зачыніла ўсе вокны і дзверы, выключыла святло.      Неўзабаве патэлефанавала мама, потым – тата. Мама – ад бабулі, тата – з працы.
     – Нічога не ўключай, сядзі ў хаце, – сказаў тата. – Ідзе моцная навальніца.
     На кароткі час вецер заціх, але ў пацямнеўшым небе прарэзаліся агністыя лініі маланак. Грукнуў аглушальны гром, потым яшчэ раз, яшчэ і яшчэ.
     Маша скурчылася, прыціснула да сябе сабаку, котку і кацянят. Здавалася, вось-вось маланка грукне зусім побач. Перуны не спыняліся, праліўны дождж заліваў вокны, стукаў па даху хаты, адрыне. Па двары пацяклі ручаі вады, велізарныя дрэвы ад моцнага ветру кідаліся з боку ў бок.
     – Як страшна! – шаптала дзяўчынка.
     Ёй хацелася падлезці пад коўдру і схавацца ад неверагодна грознага свету. Але побач былі Тарзан і котка Васіліса з кацянятамі. У гэтай сітуацыі яна, Маша, павінна была засцерагаць іх.
     Паўгадзіны, за якую імкліва пранеслася летняя навальніца, здалася дзяўчынцы вечнасцю. Толькі калі хмара сышла, і на небе з'явілася Сонца, Маша палегчана ўздыхнула. Адчыніла акно.
     Аглушаны лес патроху ачуньваў. Але колькі галінак зламана!
     Праз гадзіну прыйшоў тата, за ім – мама.
     – Як ты тут адна, не спалохалася? – спытала мама.
     А тата толькі пагладзіў дачку па кучаравай галаве.
     – Спалохалася трошкі, – прызналася Маша.
     – У лесе шмат дрэў паваліла, шкада, такія дрэвы, – сумна сказаў тата. – Заўтра схаджу да старога дуба. Як ён там, ці не паваліла яго?
     – І я з табой, – папрасілася дзяўчынка…
     
     Яна рэдка бачыла той магутны дуб. Ён рос далёка. Гэты волат славіўся сваёй прыгажосцю і высакародным узростам. Тата казаў, што старому дубу ўжо больш за трыста гадоў.
     Назаўтра яны пайшлі паглядзець на дуб. Па дарозе тата адзначаў лясныя страты, якія нарабіла ўчарашняя навальніца. Зламаныя дрэвы зараз трэба будзе спілоўваць і вывозіць.
     – На дубе яшчэ вісіць твая пчаліная калода? – спытала Маша.
     – Так, калі вецер яе не сарваў. Забяруся на дрэва, пагляджу, як там пажываюць пчолы.
     Тата Машы, працуючы лесніком, асвоіў працу пчаляра-бортніка. У яго ёсць два вуллі з дзікімі пчоламі. Гэта не простыя драўляныя хаткі, якія пчаляры ставяць на зямлі. Татавы пчолы жывуць высока на дрэве ў хатцы, падобнай на шпакоўню. Толькі лясная пчаліная хатка не збітая з дошак. Яе тата выточваў з драўлянай калоды. Маша сама ўсё бачыла і дапамагала яму. Татава хатка хутчэй падобная на дупло. Яна падабаецца дзікім пчолам. У сваю хатку-калоду яны прыносяць мёд з кветак верасу, чарнічніку, крушыны. Тата зрабіў дзве такія калоды. Адну прымацаваў высока на старым дубе, другую – таксама на дубе, толькі на маладым, які расце ў дзесяці кроках ад іхняй хаты.
     – Вось ён, прыгажун, вытрымаў навальніцу, – сказаў тата, падыходзячы да дуба і дакранаючыся да шурпатага ствала рукою. – Як жывеш, стары? – крыкнуў ляснік, гледзячы ўгару на велізарную зялёную крону дрэва.
     Паміж тоўстых галін на вышыні быў прымацаваны пчаліны вулей, калода, як яго называў тата. Зараз тата вырашыў даследаваць, ці ўсё ў парадку, ці шмат мёду сабралі пчолы. Пакуль ён збіраўся лезці на дуб, Маша любавалася яго зялёнымі разгалістымі галінамі. "Які ён велізарны", – захаплялася дзяўчынка, але ёй нават не верылася, што стары дуб такі старажытны. Маша падышла бліжэй і паспрабавала прыціснуцца да тоўстага ствала. Яна адчула лёгкае трапятанне ўсярэдзіне дуба.
     – Я чую, як у глыбіні твайго ствала цячэ сок", – ціха сказала Маша, і ёй здалося, што дуб адчувае яе дыханне і стук сэрца.
     У гэтыя імгненні стары дуб і маленькая дзяўчынка зліліся разам! І хоць дуб не адказаў на словы Машы, ён зразумеў – гэтая добрая і чулая дзяўчынка яму спадабалася.
     – Увосень я прыйду да цябе ізноў, – Маша даверліва паглядзела на дуб. – Ты дазволіш мне ўзяць некалькі тваіх саспелых жалудоў? Яны будуць патрэбныя мне на ўроках у школе. Я зраблю гербарый з лісця, галінак і жалудоў.
     Раптам дуб узмахнуў велізарнай галінкай і цэлы струмень дажджавых кропель абрынуўся з яго лісця на Машу.
     – Ой, ты што! – крыкнула Маша. – Значыцца, згодзен?
     – Хто? – спытаў тата.
     Ён ужо абследаваў пчаліны вулей і застаўся задаволены. Па дарозе дахаты тата падрабязна растлумачыў дачцэ, як зроблен вулей, і колькі ў ім жыве дзікіх пчол.
     – Тата, а пчолы падчас навальніцы хаваюцца ў вулей?
     – Вядома, хаваюцца. А як жа. Яны таксама баяцца навальніцы. Калі набліжаецца навальніца, пчолы імкліва нясуцца ў свой вулей, а калі не знаходзяць яго, то хаваюцца ў чужы вулей або нават у нечае дупло.
     – Ты казаў, што часам пчолы губляюцца і не далятаюць да свайго вулля. Чаму?
     – Калі пчала адляцела занадта далёка ад вулля на шмат кіламетраў, яна не ведае, як знайсці дарогу дахаты, у яе губляецца арыентацыя. Мае пчолы далёка не ляцяць, таму што побач з іх вуллямі знаходзяцца вялікія кветкавыя паляны, дзе пчолы і збіраюць мёд.
     Маша слухала тату, хоць і сама ўжо трохі разумела, як пчолы жывуць у вуллі. Дзяўчынка ведала, што ўзімку пчолы сядзяць у вуллі, ядуць свой салодкі мёд і кормяць ім маладых пчолак, якія не так даўно нарадзіліся. Кожны год увосень тата збірае з пчаліных вулляў вельмі смачны лясны мёд, аднак абавязкова частку мёду пакідае пчолам на пражытак да наступнага года. А потым у хаце мама разлівае татаў мёд у слоічкі і частку гэтага запасу адносіць у вёску бабулі і іншым сваякам. Усе хваляць тату за тое, што ён выгадаваў пчол і сабраў такі смачны мёд.
     Маша любіць наліваць мёд у маленькі кубачак і есці разам з чорным хлебам. Чаму менавіта з чорным? Яна не ведае, таму што так смачней.
     – Тата, у жніўні Мядовы Спас. Ты дастанеш з вулляў трохі мёду?
     – Абавязкова. І тады мама напячэ блінцоў з мёдам, ты ж любіш іх, – усміхнуўся тата.
     Маша не стала пярэчыць, няхай тата есць свае блінцы, а яна будзе ласавацца толькі смачным чорным хлебам з мёдам.
     
      Гэты аповед на рускай мове
22.06.19