Маша и яе чароўны лес(16 частка Папараць-Кветка) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(16 частка Папараць-Кветка) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(16 частка Папараць-Кветка) (чытае Ліка Пташук)
Як хораша цяпер у лесе – цёпла, светла, птушкі пяюць на розныя галасы. А колькі розных кветак вырасла паўсюль, не злічыць. Яны ў чараўніцы Лета ў вялікай пашане, яна любіць іх за прыгажосць і духмяны водар. Але, здаецца, чараўніца нечым не задаволена?      “Нешта вельмі хутка час бяжыць, – турбавалася Лета. – Ужо скора сярэдзіна чэрвеня, а ў мяне яшчэ шмат спраў недаробленых! Траву на лугах трэба вырасціць сакавітай, лясныя ягады, арэхі, жалуды, шыпшыннік дагледзець. Іх людзям, птушкам і звяркам трэба будзе збіраць, рабіць запасы на халодную зіму. Пра пладовыя дрэвы ў садах трэба клапаціцца, паліваць дажджавой вадою, саграваць сонечнымі прамянямі, каб плады сакавітымі і салодкімі раслі. Яшчэ адзін мой вялікі клопат – палявыя культуры. Жыта і пшаніца, авёс і лён, рапс і кукуруза – вунь яны, на палях выспяваюць. Трэба іх не загубіць, не засушыць без дажджавой вады, сачыць за тым, каб каласкі і катахі добра выспелі людзям на радасць і на здароўе”.
     – Лета! Ты цяпер галоўная гаспадыня на зямлі, клапаціся пра ўсё, гэта твая праца, – шэпчуць ёй на вушка Ветрык і сонечны Праменьчык. – Камандуй, калі вятрам сабраць дажджавыя хмары, каб паліць зямлю вадою, калі сонечным прамяням сагрэць усё тое, што на палях, у агародах і ў лесе расце. Трэба быць пільнай, бо інакш цябе потым людзі і лясныя насельнікі вінаваціць будуць, што ты, Лета, дрэннае, ліхое.
     – Замарылася я. Ох, і клопатаў у мяне назапасілася, – пажалілася Лета. – Але, як гавораць: узяўся за гуж - не кажы, што не дюж. Буду старацца, каб не схібіць. Вельмі хачу, каб людзі мяне добрым словам успаміналі.
     
     Раніцай на Івана Купалу прачнулася чараўніца Лета, паглядзела на чыстае блакітнае неба і раптам успомніла:
     – Сёння ж свята Івана Купалы. Вось і яно надышло. У гэтую ноч моладзь у Машыным лесе будзе шукаць Папараць-кветку. Няўжо ніхто так і не знойдзе яе? Не, мне ўсё-такі трэба ім дапамагчы.
     Паляцела чараўніца Лета ў хваёвы бор, той, што рос недалёка ад Машынай хаты, зазірнула ў зялёныя зараснікі. Адшукала там самы прыгожы і высокі куст Папараці і загадала яму апоўначы зацвісці:
     – Ведаю, ты зусім не рацвітаеш, – сказала чараўніца. – Але сёння я ствару цуд. Ты расцвіцеш. Твая яркая Кветка заззяе ў цемры роўна апоўначы. Хай самыя адважныя закаханыя адзін у аднаго дзяўчына і хлопец адшукаюць тваю цудоўную Кветку і пакажуць яе іншым людзям. Калі яны павераць у маё чараўніцтва – цуд адбудзецца. Цудоўная Кветка прынясе ім шчасце!
     
     Паляцела чараўніца з хваёвага бору, ды выпадкова сустрэлася з Машай і яе мамай. Яны тым ранкам на Івана Купалу збіралі лясныя травы. Паглядзела чараўніца Лета на іх здалёк і падумала: "Недарма я стараюся, вось і лекавыя зёлкі мае расцвілі, гаючай сілай насыціліся". Яе не заўважылі Маша з мамай. Але таму Лета і чараўніца, каб пра ўсё ведаць, усё бачыць, але заставацца таямніцай для людзей.
     А ўвечары да Машы патэлефанавала сяброўка Наташа з вёскі:
     – У нас дзяўчыны і хлопцы вогнішча на лузе ля ракі будуць ладзіць. Сёння ж ноч на Івана Купалу, прыходзь. Танцы будуць ля вогнішча, песні, карагоды.
     – Матуля, – расхвалявалася Маша. – Я пайду ў вёску. Там будзе свята!
     – Дачушка, позна ўжо. Глядзі, за акном цямнее. Па лесе адной страшна ісці.
     – Тады разам сходзім, – заўпарцілася дачка.
     Але тут умяшаўся тата:
     – Пайшлі, Маша, я цябе адвяду. Пераначуеш у бабулі.
     – Добра, адвядзі, – пагадзілася мама.
     Колькі радасці ўбачылі бацькі ў вачах сваёй дачкі:
     – Ура! Дзякуй, татачка і матуля!
     Перапрануўшыся ў любімую летнюю сукенку, Маша паспяшалася ў вёску на свята. Здалёк ўбачыла, як вялікае вогнішча з галля і дубцоў ужо распальваюць на лузе. А вакол пазбіраліся маладыя хлопцы і дзяўчаты, нават яе аднакласнікі прыйшлі. Усе весяляцца, жартуюць, песні спяваюць, танцуюць ля вогнішча.
     Бабуля не спала, сустрэла ўнучку:
     – Добра, што ты прыйшла, – сказала яна. – Я таксама маладая хадзіла на гэтае свята, у лес ішла шукаць чароўную Кветку. Мы з дзедам нават праз вогнішча скакалі, узяўшыся за рукі.
     – І ты не баялася?
     – Трошкі баялася. Тады мы маладыя былі, вясёлыя, бясстрашныя. І ты, унучачка, вырасцеш, сустрэнеш свайго суджанага. А цяпер на іншых паглядзі, пацешся за іх.
     Падбегла Наташа:
     – Мая Вера з Васем пайшлі ў лес шукаць Папараць-кветку.
     – Твая сястра з хлопцам? – перапытала бабуля.
     – Так!
     – Знойдуць, абавязкова знойдуць, – бабуля сцвярджальна махнула рукой. – Яны добрыя і працавітыя, кахаюць адно аднаго.
     Машу зачаравала Купальская ноч. Усё адбывалася быццам у казцы. Дзяўчынка глядзела на агонь, і ён ёй здаваўся чароўным, узіралася ў начное неба і бачыла там мільярды жывых зорак. Увесь свет у гэтую ноч здаваўся незвычайным і загадкавым. Не, у лес яны з Наташай не пайшлі, пабаяліся. Вось толькі хваляваліся за Веру з Васем. Ці знойдуць яны чароўную Кветку?
     Пад раніцу, калі пачало світаць, вярнуліся маладыя з Кветкай у руках.
     – Гэта яна? – спыталі дзяўчынкі.
     – Не ведаем. Але яе мы адшукалі ў зарасніку папараці ў хваёвым бары.
     – Гэта яна, – сказала бабуля. – Мы з дзедам таксама такую калісьці знайшлі ў нашым лесе.
     Маша з Наташай не маглі адарваць ад Кветкі вачэй. А яна свяцілася і пералівалася рознымі колерамі, як бы даказваючы сваё чараўніцтва.
     – Цяпер яна ваша, захавайце яе, – параіла бабуля. – Гэта чароўная Кветка прыносіць шчасце і поспех.
     Вельмі рэдкая Кветка, якая зусім нядаўна расцвіла ў лесе па загадзе чараўніцы Лета, здавалася неверагодна далікатнай і прыгожай. Як жа захаваць яе? Засушыць альбо паставіць у вазу? Зараз гэтую праблему будуць вырашаць закаханыя, тыя, хто яе адшукаў.
     Галоўнае – цуд чароўнай ночы на Івана Купалу ўжо здзейсніўся. Папараць-кветка расцвіла. Яна захавае вялікае каханне маладых сэрцаў і абавязкова падорыць ім шчасце.
     
      Гэты аповед на рускай мове
16.06.19