Дамавік-вандроўнік ( 2-я частка Марыянская ўпадзіна)
Калі Дамавік выляцеў з пячоры, гарачы Паўднёвы вецер падхапіў яго нябачнае лёгкае цела, падобнае на празрысты надзьмуты шар, і панёс. Вось толькі куды? Дамавік не збіраўся падарожнічаць па неабсяжных зямных абшарах, у яго была канкрэтная мэта – наведаць Ціхі акіян і, магчыма, нават забрацца ў яго воды, а менавіта ў Марыянскую ўпадзіну.
– Куды ты мяне нясеш? Пастой, не спяшайся! Растлумач? – крыкнуў Дамавік.Паўднёвы Вецер збянтэжыўся. Ён нават не ўяўляў, што кагосьці кудысьці нясе. Дамавік быў нябачны і настолькі лёгкі, што Паўднёвы вецер нават нічога не адчуў, калі пхаў яго ў спіну.
– Хто ты і дзе? – загудзеў Паўднёвы вецер.
– Я – Дамавік. Ты не бачыш мяне, але я тут, побач з табой.
– Дык ты – Дамавік! Тады ўсё зразумела. Але чаму ж ты не сядзіш у сваёй хаце?
– Я падарожнічаю. Мне трэба дабрацца да Ціхага акіяна. Там ёсць самая глыбокая ў свеце ўпадзіна. Я збіраюся нырнуць у яе.
– Калі так, тады нам з табой не па дарозе. Я – Паўднёвы вецер і лячу на Поўнач Зямлі, а табе трэба ляцець на Ўсход. Я перадам цябе Заходняму ветру, ён лётае на Ўсход.
Неўзабаве Дамавік ужо ляцеў на Ўсход Землі пад кіраваннем Заходняга ветра, які пхаў нашага вандроўніка ў бок Ціхага акіяна.
Як прыемна вось так ляцець высока па небе, калі цябе хтосьці нясе, і глядзець уніз. А там столькі цікавага! Зіхацяць рэкі і моры, жаўцеюць пустыні, зелянеюць лясы, шумяць вялікія гарады. Нарэшце, Дамавік убачыў Гімалайскія горы. Гэта былі велізарныя ледзяныя горныя вяршыні. Яны падымаліся высока ўгару і ганарліва пазіралі на Зямлю з недасягальнай вышыні. Нават арлы і сокалы не даляталі да гэтых суровых вяршыняў. "Якія ж гэтыя горы непрыступныя і важныя", – падумаў Дамавік.
– Мы пралятаем над самай высокай вяршыняй Зямлі, гарой Эверэст, – крыкнуў Заходні вецер. Яго вышыня 8848 метраў.
А наперадзе іх чакаў яшчэ адзін цуд Землі – агнядышны вулкан. Ён вывяргаў агнявую лаву на велізарную вышыню, пралятаць над ім было не бяспечна.
– Гэта Японскія астравы. Тут шмат вулканаў, – крыкнуў Заходні вецер. – Калі я палячу над гэтым вулканам, ты, Дамавік, можаш згарэць. Будзе лепш абляцець агнявога волата з боку.
І Заходні вецер звярнуў у бок, але не намнога, таму што яму нельга было адхіляцца ад свайго кірунку палёту. Пераляцеўшы праз Японію, Заходні вецер дасягнуў Ціхага акіяна і Марыянскай упадзіны.
– Ты ля сваёй мэты. Вось тут, у гэтым месцы акіяна, самая вялікая глыбіня. Да дна 11521 метр. Так што можаш апускацца ў ваду. Але гэта небяспечна, ты можаш лопнуць ад вялікага ціску вады на глыбіні.
– Так? – здзівіўся Дамавік. Ён нічога не ведаў пра ціск вады ў акіяне. – Як жа мне быць? Няўжо я дарма сюды ляцеў, і мне не ўбачыць самую глыбокую ў свеце ўпадзіну?
– Ты зможаш пабываць на глыбіні, толькі табе хтосьці павінен дапамагчы. Я бачыў, як тут навукоўцы апускаюцца на дно акіяна ў батыскафе.
– Што такое батыскаф? – спытаў Дамавік.
– Гэта такі глыбакаводны апарат, падобны на невялікую падводную лодку. Ён зроблены для таго, каб у ім можна было апусціцца на велізарную глыбіню ў акіян. У батыскафе ёсць празрыстыя люкі. Людзі глядзяць у іх на асветлены прамянямі пражэктара акіян і вывучаюць яго.
– Дзякуй табе, Заходні вецер, за дапамогу і падказку. Я пачакаю, калі батыскаф будзе апускацца ў Ціхі акіян, і непрыкметна праціснуся ў яго, – сказаў Дамавік.
Дамавіку нечувана пашанцавала. Яму прыйшлося пачакаць толькі адну ноч. Раніцай вялікі акіянскі карабель прывёз батыскаф і спусціў яго на ваду. Дамавік непрыкметна прабраўся ў батыскаф і адправіўся разам з двума навукоўцамі да дна Ціхага акіяна.
О! Гэта было так цікава! Навукоўцы аказаліся вельмі разумнымі, а яшчэ і гаварлівымі. Яны разглядалі ўсіх насельнікаў Ціхага акіяна і запісвалі атрыманыя новыя звесткі ў даследчы журнал. У батыскафе былі кнопкі кіравання, фатаграфуючае абсталяванне, відэакамера, каляровыя маніторы і камп’ютар, а галоўнае – люкі, праз якія можна было назіраць за ўсім тым, што рабілася ў акіяне, і пражэктар, які асвятляў цёмную ваду на вялікай глыбіні, куды не пранікала сонечнае святло.
Батыскаф апускаўся да дна акіяна. Але гэта ён рабіў павольна. Так што па ходзе яго руху можна было назіраць за акіянам.
А там плавалі рыбы. Іх было шмат, і яны адрозніваліся адна ад адной па велічыні, афарбоўцы і паводзінам. Маленькія рыбкі плавалі чародкамі, іх зусім не цікавіў батыскаф. Аднак знаходзіліся цікаўныя стварэнні. То серабрыстая вірлавокая рыбінка ўткнецца ў шкло люка, то ярка-чырвоная з вялікімі плаўнікамі, то чорная, то краб увап'ецца ў шкло сваімі клюшнямі. Велізарны "лапасты" васьміног вытарашчыў вочы, але пабаяўся блізка падплываць, акула разявіла ляпу і спрабавала адкусіць ад батыскафа кавалачак.
Наогул кажучы, Дамавік нацярпеўся страху, пакуль батыскаф апускаўся на дно акіяна. Лёгка сказаць, цэлых адзінаццаць з паловай кіламетраў глыбіні! Вось толькі на дне нікога не было. Пустэча, нібы Дамавік пабываў у падземнай пустыні – усюды толькі дробны пясок. На шчасце, гэта вандраванне паспяхова скончылася. Батыскаф падняўся наверх, затым маракі выцягнулі яго на карабель.
Выбраўшыся з батыскафа на волю, Дамавік з палёгкай удыхнуў свежае марское паветра і падумаў: "Не, я не рыба, і ніколі не змагу жыць у акіяне". Зараз яму трэба было думаць пра тое, як адляцець далей ад Ціхага акіяна і лепш у бок сваёй старой хаты да бабулі.
Па дарозе Дамавік вырашыў наведаць яшчэ адзін цуд Зямлі – возера Байкал, але толькі без усялякіх там купанняў і ныранняў, проста з інтарэсу.
Гэтая казка на рускай мове
12.06.19