Маша и яе чароўны лес(15 частка Чароўная раніца на Івана Купалу) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(15 частка Чароўная раніца на Івана Купалу) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(15 частка Чароўная раніца на Івана Купалу) (чытае Ліка Пташук)
Гарачае летняе надвор'е падабалася Машы і яе сябрам. Наташа і Пеця часта прыязджалі да яе ў госці на роварах. Дзеці ехалі да возера, каб паплаваць ў яго халаднаватай вадзе, пазагараць, пагаварыць пра штосьці цікавае. Гэтыя сумесныя шпацыры на роварах па лясных сцяжынках былі займальнымі і незабыўнымі.      Часам тата Машы адпраўляўся на рыбалку разам з дачкой, бо ёй такія паездкі вельмі падабаліся. Колькі цікавага дзяўчынка ўбачыла і зведала ў вандраваннях па ранішнім лесе! Аднойчы яны выпадкова сустрэлі зайца-русака. Ён схаваўся ў кустах, разглядаў іх і смешна варушыў доўгімі вушамі. А яшчэ Маша назірала здалёку за вялікай сям'ёй дзікоў – матуляй і яе маленькімі смешнымі паласатымі парасятамі. Падыходзіць да іх блізка было небяспечна. Неяк вялікі лось спалохаў вандроўнікаў. Ён стаяў на адлегласці ад іх не больш як за сто метраў, варушыў вялікай рагатай галавой і не збіраўся ўцякаць. Вось толькі драпежнага звера – ваўка Маша не жадала сустракаць на сваім шляху. Аднак тата казаў, што воўк сам без прычыны ніколі не будзе нападаць на чалавека.
     Аднаго разу на беразе ляснога возера Маша убачыла незнаёмую птушку:
     – Што гэта за цуд такі? – спытала яна у таты, паказваючы на неверагодна прыгожую яркую птушку.
     Маленькая незнаёмка з вялікай галавой і з доўгай дзюбай у бліскучым зеленавата-блакітным кафтане і такога ж колеру капелюшыку ганарліва сядзела на галінцы вярбы ля самай вады і з цікавасцю паглядала на Машу круглымі чорнымі вочкамі.
     – Гэта зімародак, – растлумачыў тата, – не спалохай яго. Паглядзіш, што ён будзе рабіць далей.
     Маша стаілася і прыгледзелася да птушачкі. А тая раптам схамянулася і рэзка нырнула ў ваду. Праз імгненне вынырнула з рыбкай у дзюбе. Затым узмахнула неверагодна прыгожымі бірузовымі крыламі і знікла.
     – Зімародак вартаваў рыбу, злавіў яе і панёс да гнязда, каб пакарміць птушанят, – сказаў тата.
     – Як цікава, – толькі і прамовіла Маша.
     Вось такімі займальнымі і пазнавальнымі былі шпацыры Машы разам з татам, за гэта яна іх і любіла. А дзе ж у гэты час была мама Машы?
     У выхадныя дні мама заставалася дома, таму што хатніх спраў у яе заўсёды хапала. Але часцей за ўсё яна была на працы. "Так і лета пройдзе, – думала Маша, – а я нават не пагуляю па лесе разам з мамай". Вядома, дзяўчынцы было крыўдна. Але што рабіць, калі яе мама, як і тата, вялікая працаўніца. У таты часам здараліся свабодныя выхадныя дні, а ў мамы яны – вялікая рэдкасць, бо мама Машы працуе ў мястэчку за лесам медсястрой, часта застаецца працаваць дадаткова ў другую змену.
     Нарэшце, здарыўся цуд, мама атрымала на працы доўгачаканы адпачынак. «Ура!» – весялілася Маша, бо яна разумела, што зараз цэлы месяц будзе адпачываць разам са сваёй дарагой матуляй.
     Неяк пад вечар мама сказала:
     – Заўтра Купалле. Я вырашыла схадзіць у лес за лекавымі зёлкамі. Пойдзеш са мной?
     – Свята Івана Капалы? – узрадавалася Маша. – А я зусім забылася. Вядома, пайду, мамачка. Давай у лесе пашукаем папараць-кветку.
     – Дачушка, у лес я пайду на досвітку, а гэтая кветка паводле падання расцвітае апоўначы.
     – Тады сходзім яшчэ і апоўначы, – не супакойвалася Маша.
     Раніцай яны адправіліся ў лес. У гэтую пару года світае рана, і светлавы дзень вельмі доўгі. Кажуць, менавіта таму на Купалье лепш за ўсё збіраць лячэбныя зёлкі, бо яны да краёў насычаныя сілай Сонца. І яшчэ, калі ў гэтую раніцу сабраць ранішнюю расу і ўмыць ёю твар, ён стане гладкім і далікатным, як у немаўляці.
     Маша сабрала ў далоньку расу і прыклала да твару. Дзяўчынка заўважыла, як птушачкі, якія стаміліся ад смагі за ноч, падляталі да пялёсткаў і травінак, стараючыся паспець напіцца вадой з маленькіх расінак. У хуткім часе гарачыя сонечныя прамяні асветляць увесь лес, і тады ад ранішняй расы нічога не застанецца. Яна выпарыцца.
     – Мамачка! Дзе ж мы будзем збіраць траву? – спытала Маша.
     – Вунь там, за гэтым ельнікам, на лузе. Яе шмат, яна квітнее. Я бачыла заўчора, калі ішла на працу.
     Убачыўшы той самы луг, Маша была здзіўлена яго прыгажосцю. Першыя сонечныя прамяні ўзыходзячага Сонца слізгалі па квітнеючай зямлі. Колькі жа тут расло разнастайнай гаючай травы! Блакітныя, жоўтыя, белыя, бэзавыя кветкі зіхацелі і залаціліся ў прамянях Сонца. А пчолкі, стракозы, чмялі, матылькі гулі, атрымліваючы асалоду ад зносін з гэтым лясным багаццем.
     Маша глядзела на квітнеючую траву і ўзгадвала назвы раслін. Вось гэтыя жоўтыя кветачкі - у святаянніку, гэтыя – у сухацвету, тыя – у падбелу. А гэты букецік малюсенькіх белых кветачак распусціў крываўнік, яркія бэзавыя кветкі ў скрыпеню. Як хораша квітнее спарыш, яго кветкі падобныя на яблыневы цвет, блакітныя кветкі ў цыкорыі. Ах, Маша! Яна забылася аказаць увагу рамонкам, дзьмухаўцам, крапіве і трыпутніку, таму што іх яна сустракала амаль усюды.
     Шмат якіх гаючых зёлак дзяўчынка збірала ў гэтую раніцу ўпершыню. Пра незнаёмыя расліны ёй распавяла мама. Яна – настаўніца, усё ведае і не лянуецца навучыць дачку збіраць траву. Вялікае задавальненне пагуляць па квітнеючым лузе, нацешыцца яго прыгажосцю і сабраць цудоўныя букеты з гаючай травы!
     Вось і ўсё. Рассартаваўшы і паскладаўшы траву ў кошыкі, Маша з мамай у выдатным настроі вярталіся дахаты.
     – А ты ніколі не шукала ў лесе кветку папараці? – спытала Маша.
     – Шукала, – мама загадкава зірнула на дачку.
     – І знайшла?
     – Не. Але, здаецца, я знайшла твайго тату, – пажартавала мама.
     – Як жа гэта было? – ускрыкнула Маша, яе вочы выпраменьвалі неверагодную цікаўнасць.
     – Усё вельмі проста. Аднойчы з сяброўкай мы гулялі па лесе і выпадкова сустрэліся з маладым лесніком. Ён паказаў нам дарогу да ляснога возера. А потым я з ім яшчэ раз сустрэлася. Ён распавёў мне пра сваю працу і пра лес.
     – І паказаў, дзе расцвітае кветка папараці? – выказала здагадку дачка.
     – Не. Ён сам не ведаў гэтага. Але зараснік папараці ў хваёвым бары паказваў. Мы адправіліся туды ў Купальскую ноч. Мы не знайшлі кветку папараці, аднак твой тата падарыў мне букецік пахкай лясной фіялкі. Гэтая кветка расла на ўзлеску лесу і вельмі прыемна пахла. На доўгай сцяблінцы распусцілася не адна кветка, а цэлы букецік маленькіх беленькіх кветачак. Тата сарваў яе і падарыў мне на шчасце. Толькі потым я даведалася, што гэтую кветку завуць любкай. І я яе тады адразу палюбіла. Потым, калі мы з татам пажаніліся, я вырашыла такую ж кветку пасадзіць у нашым садзе. Але любка не расце ў садзе. І я пасадзіла іншы гатунак начных фіялак - мацыёлы. Нашы начныя фіялкі вельмі прыемна пахнуць, асабліва ўвечар, на захадзе дня. Ты ж ведаеш.
     – Мамачка! Я таксама хачу знайсці сваю шчаслівую кветку ў лесе! – усклікнула Маша.
     – Вось, калі ты вырасцеш, станеш дзяўчынай, тады і пойдзеш у лес шукаць сваю чароўную кветку, – усміхнулася мама.
     Яны падышлі да хаты. Тарзан падбег да іх, ветліва віляючы хвастом. Маша, усё яшчэ думаючы пра Купальскую ноч, пабегла ў сад шукаць матуліны кветкі. Далікатныя блакітныя, бэзавыя, белыя фіялкі абсыпалі кветнік і вельмі прыемна пахлі.
     "Так, увечары гэтыя кветачкі пахнуць нашмат болей, – успомніла дзяўчынка, улетку яна часта адчувала гэты водар у садзе. – Калі-небудзь мой будучы муж таксама падорыць мне букецік чароўных кветак. Магчыма, гэта будуць іншыя кветкі, але абавязкова вельмі прыгожыя і пахкія", – вырашыла Маша.
     
      Гэты аповед на рускай мове
9.06.19