Маленькае Сонейка (чытае Ліка Пташук)
У летнім садзе, дзе расло шмат яркіх кветак – духмяных руж, грацыёзных лілей, пышных півонь, кучаравых гіяцынтаў, начных фіялак – у далёкім куце ля плота непрыкметна для ўсіх расла незвычайная кветка на доўгім тоўстым сцябле з зялёнай галоўкай, падобнай на сподачак. Сярэдзінка кветкі нічым прыемным не пахла, таму ніхто ў садзе яе не заўважаў.
Сама кветка лічыла сябе абдзеленай прыгажосцю, але нікому не зайздросціла. Яна любіла цёплыя летнія дзянькі, калі ў цішыні саду гулі пчолкі і цвыркалі конікі. А яшчэ ёй падабалася глядзець на Сонца, яно ж не стамлялася саграваць яе галоўку, прыгаворваючы:– Падрастай, мая мілая сяброўка! Я дару табе свае сонечныя праменьчыкі!
Аднойчы зялёныя пялёсткі на галоўцы незвычайнай кветкі разгарнуліся і пажаўцелі. У сярэдзінцы галоўкі пачалі налівацца сокам белыя семачкі.
Неяк у цёплы летні дзень у садзе гуляла маленькая дзяўчынка са сваёй мамай. Яна падышла да кветкі і спытала:
– Як зваць гэтую кветку?
– Сланечнік, – адказала мама. – Гэтая кветка падобна на Сонейка, толькі маленькае. Бачыш, колькі ў яе ярка-жоўтых пялёсткаў-праменьчыкаў вакол добрага тварыка?
– Ты – Сонейка, Ты – Сонейка! – узрадавалася дзяўчынка і стала скакаць вакол кветкі.
Калі дзяўчынка пайшла з саду, яркія кветкі, што раслі ў садзе і вельмі прыемна пахлі, з цікаўнасці павярнулі да Сланечніка ганарліва паднятыя ўгару галоўкі і сказалі кветцы вельмі крыўдныя словы:
– Гэтая кветка – не Сонейка, Сонейка свеціць у небе. А яна – звычайная кветка і зусім не цікавая, таму што недухмяная, непрыгожая і, наогул, ад яе няма ніякай карысці.
– Так, – пацвердзіла самая яркая пунсовая Ружа, – паглядзіце, якое ў яе тоўстае нязграбнае сцябло і грубае лісце. Яна сумная, самотная і зусім не падобная на нас.
– Няпраўда! – пакрыўдзілася сонечная кветка. – Я – маленькае Сонейка. Мама дзяўчынкі так казала.
– Якое ты Сонейка? – зашумелі кветкі. – Сонейка ў небе, яно свеціць і сагравае нас. А што робіш ты?
– Не ведаю, – засмуцілася кветка. – Я проста расту.
– Вось-вось, – пацвердзілі свае думкі кветкі. – Ты – бескарысная кветка, бо ў цябе няма далікатнага водару і прыгажосці.
– Пэўна, гэта праўда, – пагадзілася кветка і схіліла галоўку.
Толькі сапраўднае Сонца, тое, што свяціла ў небе, думала інакш. Яно пашкадавала Сланечнік, бо кветка с жоўтымі пялёсткамі-лучыкамі і сапраўды была падобная на яго. Сонца яшчэ больш сагрэла сонечную кветку, і тады семачкі, якія наліваліся ў сярэдзінцы яе галоўкі, паспелі і пацямнелі.
Маленькія птушачкі часта прыляталі ў сад. Заўважыўшы смачныя семачкі, яны папрасілі:
– Добрая кветка, падобная на маленькае Сонейка! Падары нам па аднаму семачку. Мы ўсё лета чакалі, калі яны паспеюць.
– Калі ласка, бярыце! – дазволіла сонечная кветка.
Яна была неверагодна рада, што змагла быць карыснай для кагосьці, хоць нарадзілася не падобнай на іншыя кветкі, не мела далікатны водар і яркую прыгажосць.
Гэтая казка на рускай мове
21.05.19