Маша и яе чароўны лес(13 частка У вёску да бабулі) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(13 частка У вёску да бабулі) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(13 частка У вёску да бабулі) (чытае Ліка Пташук)
Вясёлая і яркая, далікатная і ласкавая чараўніца Лета ўжо некалькі тыдняў гаспадарыла ў Паўночным паўшар'і Зямлі. Зазірнула яна і ў Машын лес: абляцела палі, лугі і балоты, палюбавалася на сваё адлюстраванне ў лясным возеры. У чараўніцы шмат клопатаў. За тры месяцы – чэрвень, ліпень і жнівень – ёй неабходна насычыць дажджавой вадой зямлю, саграваць яе сонечнымі прамянямі так, каб усё, што на ёй расце, і ўсе расліны, якія людзі ўвесну ў яе пасадзілі, не засохлі, а добра раслі і спелі.      І вось ужо на палях квітнеюць залацісты рапс і сіні лён, рунеюць сцяблінкі грэчкі, наліваюцца каласкі жыта, пшаніцы, аўса. Белыя рамонкі і сінія васількі то тут, то там мільгаюць сярод пасеваў на палях. А колькі ярка-жоўтых сланечнікаў, падобных на маленькія сонейкі, накіравалі свае вясёлыя тварыкі ў блакітнае неба. Ля Машынай хаты заквітнелі белыя кветкі на кустах язміну і фіялетавыя - на кустах шыпшынніка. Які цудоўны ў іх водар, і як ён падабаецца дзяўчынцы! "Шкада, што ў бабулі пад акном не расце язмін", – думала Маша.
     Раніцай, збіраючыся наведаць бабулю, унучка адарвала ад кусціка язміну некалькі пахкіх беласнежных галінак ёй у падарунак. Паклаўшы ў рукзак усе сабраныя рэчы і прадукты, Маша села на ровар і адправілася па лясной дарозе ў бок бабулінай вёсачкі. Тарзан паспрабаваў бегчы следам за ёй.
     – І ты са мной? – здзівілася Маша, але не прагнала сабаку. Удваіх весялей. – Глядзі, вунь наша ваверчаня! – дзяўчынка паказала на стары дуб, разгледзеўшы між галінамі пухнаты рыжы хвост.
     Цішка, заўважыўшы сяброў, ужо хацеў бегчы за імі. Але яго паклікала мама-вавёрка:
     – Не бяжы. Яны сабраліся некуды далёка. Паглядзі, у Машы цяжкі рукзак за плячамі.
     Лясная сцяжынка віхляла паміж дрэвамі. Маша жмурылася ад яркіх сонечных прамянёў, якія слізгалі па траве і кустам. На душы было хораша і радасна, дзяўчынцы хацелася спяваць і смяяцца ад шчасця! Як добра раніцай у лесе – птушачкі спяваюць, а паветра такое прыемнае! У ім водар лясной травы і квітнеючых кустоў чарнічніку, малінніку, дурнічніку.
     Праязджаючы ўздоўж вялікай паляны, Маша заўважыла ў траве беленькія кветачкі суніц.
     – Ягадкі хутка паспеюць, раней за ўсіх прыйду іх збіраць, – вырашыла яна.
     Дзяўчынка ўспомніла, як калісьці з мамай спякла пірог з сунічным варэннем. Такі смачны!
     Любуючыся на лясныя кветкі і траву, Маша нават не падазравала, што ўсю яркую прыгажосць лясной прыроды, якая так падабалася ёй, стварыла нястомная чараўніца Лета. Дзякуючы яе старанням лес зелянее, квітнее, спеюць плады на дрэвах, кустах і ў траве.
     Але вось Машу ахінула белая пуховая заслона. Белыя пушынкі траплялі ў валасы, на адзежу, ляцелі ў траву. "Гэта таполі заквітнелі", – здагадалася дзяўчынка. Цяпер яна ехала па нізіне ўздоўж вузкай лясной рачулкі, па схілах якой разрасліся велізарныя таполі. Квітнелі не толькі яны. У лясах і парках заквіталі іншыя ліставыя дрэвы – ясені, вязы, ліпы, клёны.
     – Хто так плёскаецца ў рачулцы? – здзівілася Маша, пачуўшы плёскат вады і шум нечых крылаў. – Ах, гэта качкі прымаюць ранішні душ! – засмяялася яна.
     “Хутка свята Івана Купала” – успомнілася дзяўчынцы. Неяк у гэты дзень яна з мамай хадзіла ў лес збіраць лясную траву. Мама казала, што на Івана Купалу ў лясной траве больш за ўсё гаючай сілы.
     Выехаўшы з лесу на прасёлкавую дарогу, Маша паглядзела ўдалячынь. З правага боку на полі жаўцеў рапс, а з левай – зіхацелі дахі хат бабулінай вёсачкі. Дзесьці ў дварах брахалі сабакі і кукарэкалі пеўні, на лузе за хатамі пасвіліся каровы і козы. Пад'ехаўшы бліжэй, дзяўчынка заўважыла на слупе гняздо бусла, а ў ім - сілуэты дзвюх даўганогіх птушак.
     – У гняздзе буслоў, напэўна, ёсць маленькае буслянё, – крыкнула яна Тарзану. Але сабака так нічога і не зразумеў.
     Насустрач Машы ехаў хлапчук на ровары. Дзяўчынка пазнала свайго аднакласніка Пецю.
     – Прывітанне! Ты куды? – спытала Маша.
     – У краму. Мама паслала.
     – А я да бабулі, гасцінцы вязу. Наташку бачыў?
     – Яна дома. У агародзе маме дапамагае.
     – Тады бывай, – сказала Маша і паехала далей.
     Здалёку прывіталася з Наташкай і запрасіла яе ў госці да сябе ў лес.
     – Прыходзь, калі будзе час. А лепш прыязджайце на роварах з Пецькам, з'ездзім на возера.
     – Добра, прыедзем, – паабяцала сяброўка.
     
     Каля бабулінай хаты Маша спынілася і, прапускаючы наперад Тарзана, увезла праз брамку ровар.
     – Прывітанне, гэта мы! – крыкнула яна, гледзячы на бабулю, якая працавала ў гародзе. – Я прывезла табе гасцінцы, іх мама перадала, і кветкі. Глядзі, якія прыгожыя!
     Тарзан, віляючы хвастом, тут жа падскочыў да бабулінага сабакі. Як жа інакш, яны ж сябры!
     – Дзякуй, унучачка, – сказала бабуля, прымаючы падарункі. – Ах, як добра пахне язмін!
     – Калі захочаш, увосень мы з мамай і табе пасадзім кусцік язміну.
     – Я буду вельмі задаволена, – усміхнулася бабуля, абдымаючы ўнучку і адводзячы яе ў хату.
     Агледзеўшы бабуліну гаспадарку ў двары і хаце, Маша тут жа узялася ёй дапамагаць. Дзяўчынка разумела, наколькі цяжка бабулі выконваць усе свае хатнія справы. Маша і градкі трохі папраполвала, вады з калодзежа прынесла і ў хаце прыбрала. А бабуля казу з лужка прывяла, падаіла, унучку малачком напаіла.
     – Вось гэта вазьмі з сабой. Гэты тваражок я сама зрабіла, – сказала бабуля.
     – Дзякуй, бабулечка. Я хутка зноў да цябе прыеду дапамагаць, – паабяцала Маша.
     А тут і мама пазваніла, папрасіла, каб дачка не затрымлівалася доўга: ехаць праз лес небяспечна ў цемры.
     – Бабуля, бывай! – паспяшалася развітацца Маша і неўзабаве ўжо ехала па дарозе дахаты.
     Праехаўшы трохі па лесе, дзяўчынка спынілася. Паставіла ровар ля дрэва, прысела на пянёк.
     – Ох, стамілася я, Тарзан, напрацавалася ў бабулі, трохі адпачну.
     Сабака, неахвотна вярнуўся, прылёг каля ног Машы. Яму ж усё хоць бы што, але раз гаспадыні трэба адпачыць, сабака не пакіне яе адну.
     Маша агледзелася. Сонца хілілася да захаду, яго памяранцавыя прамяні прасочваліся скрозь лістоту дрэў, асвятлялі траву і паблісквалі на чорнай поўсці маладога сабакі.
     Бліскучы жучок кудысьці спяшаўся, рупліва прабіраючыся паміж травінкамі і каменьчыкамі да сваёй хаты. Няўрымслівая пліска, памахваючы доўгім хвосцікам, яшчэ штосьці вышуквала ў траве. На елку ўселася варона, каркнула, паглядзела на падарожнікаў, потым схамянулася, узмахнула крыламі і паляцела.
     У цені велізарнага дрэва на тоўстай галінцы хтосьці сядзеў. Маша непрыкметна падышла бліжэй і разглядзела глушца! Вялікая вельмі прыгожая птушка ў перламутравым апярэнні важна сядзела на дрэве, апусціўшы ўніз свой "паўлінавы хвост". "Тут дзесьці паблізу яго гняздо", – зразумела Маша і не стала палохаць глушца. З глыбіні лесу пачуўся голас зязюлі, яе жыццярадаснае "Ку-ку, ку-ку". Заварушылася трава ля ног дзяўчынкі. Прыгледзеўшыся, яна ўбачыла вёрткую шэранькую мышку.
     – Спалохалася, уцякае ад мяне, – паўшэптам сказала Маша.
     – А ты, квакша, што, таксама ўцячэш? – услых прамовіла яна, гледзячы, як у траве застыла зялёная жаба. Тая ж, доўга не думаючы, скокнула і згубілася з вачэй.
     – Вось так, усе мяне баяцца, – засмуцілася Маша і паглядзела на Тарзана.
     А той сунуў мыску ў яе калені і ўткнуўся халодным носам у цёплую руку гаспадыні.
     – Паедзем, Тарзан, – вырашыла Маша. – Хутка сцямнее. Усе звяркі ўжо ў норках, укладваюцца спаць. І нам трэба ехаць.
     Да цемры вандроўнікі паспелі дабрацца да сваёй хаты. Па дарозе яшчэ раз пазваніла мама:
     - Дзе вы? Паспяшайцеся. Хутка будзе цёмна.
     – Не хвалюйся, матуля. Мы ўжо блізка, – супакоіла яе дачка.
     
      Гэты аповед на рускай мове
20.05.19