Маша и яе чароўны лес(10 частка З татам на рыбалку) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(10 частка З татам на рыбалку) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(10 частка З татам на рыбалку) (чытае Ліка Пташук)
Як толькі пачало світаць, тата разбудзіў дачку.      – Паедзем?
     – Так, – адказала спрасонку Маша.
     Уставаць не хацелася, але яна перасіліла сябе і паднялася. Новае займальнае вандраванне чакала дзяўчынку наперадзе. Перакусіўшы і сабраўшы патрэбныя рэчы ў рукзакі, вандроўнікі селі на ровары і адправіліся да ляснога возера.
     Якім жа цудоўным і чароўным здалося дзяўчынцы гэтае світанне! Ранішняе Сонца прабівалася з-за лесу, асвятляла дрэвы і траву, ад якой паднімалася лёгкая смуга. Мокрыя ў расе кусты і дрэвы дакраналіся да рук і ног веласіпедыстаў, твар абдзімаў прахалодны ветрык, птушкі ўжо прачнуліся і свісталі, звінелі на розныя галасы.
     Некалькі кіламетраў па лясных сцяжынках, і наперадзе за дрэвамі паказалася возера, якое схавалася ў глыбіні лесу. Цёмную гладкую паверхню вады праразала яркая палоска сонечных прамянёў. Ранішнюю цішыню прыбярэжнага лесу парушалі крыкі качак і іншых птушак.
     – Тут жывуць лебедзі, – сказаў тата.
     Пад'ехаўшы бліжэй да берага, Маша сама ўбачыла гэтых прыгожых птушак. Іх было некалькі пар. Грацыёзна выгнуўшы доўгія шыі, белыя лебедзі плавалі ля берага, зрэдку ныраючы ў ваду ў пошуках ежы. Ля самай вады прытуліліся некалькі старых белых бяроз, паміж зялёнымі галінамі дрэў пырхалі птушкі. Дзяўчынка звярнула ўвагу на ярка-жоўтую птушачку з цёмнымі крыламі.
     – Гэта самец івалгі, – растлумачыў тата. – Я пакажу табе яго гняздо.
     Закінуўшы вуды ў ваду, ён падвёў дачку да дрэў.
     – Глядзі, вось яно.
     У скрыжаванні паміж галінамі побач са ствалом бярозы віднеўся "кошык" – акуратна сплеценае з сухіх травінак, сцяблінак, бяросты, лісця і пуху неглыбокае гняздзечка. Яно проста вісела на галінах.
     – У ім сядзять птушаняты, – сказаў тата.
     – Гэтае гняздо звісае з дрэва, як жа птушаняты не выпадуць з яго? – здзівілася Маша.
     Дзяўчынка не магла бачыць, хто знаходзіўся ў гняздзе. А там была самка з маленькімі птушанятамі, самец жа адпачываў на галінцы бярозы. Ён з самай раніцы бесперапынку прыносіў у гняздо ежу – чарвячкоў, жукоў і вусеняў.
     З возера падзьмуў вецер. Калыхнуліся галіны вялікай бярозы, а разам з імі і гняздо.
     – Якое акуратнае ў івалгі гняздзечка, яно падобнае на калысачку, – захапілася Маша.
     – Івалгі – вельмі ўмелыя майстры, – растлумачыў тата. – Яны не спяшаючыся старанна ўюць сваё гняздо. Яно ў іх атрымліваецца моцным і надзейным. Нават калі гняздо хістаецца на ветры, птушаняты з яго не выпадуць. Паглядзі! – ён паказаў угару на дрэва.
     Птушыная "калыска" разгойдвалася з боку ў бок, а івалга бясстрашна сядзела ў ім. Услед за ветрам паліў дождж. Ён намачыў пёры птушкі, але яна ўсё роўна адважна сядзела ў гняздзе. "Івалга хавае ад дажджу птушанят", – зразумела Маша і пабегла хавацца пад дах альтанкі. Тата ж, накрыўшыся плашчом, перачакаў дождж ля берага.
     Аднак лівень ліў не доўга. Неўзабаве на небе з'явілася Сонца, а хмары сышлі. Вецер змоўк. Лясное возера зноў стала спакойным і гладкім. Маша назірала за другім берагам. Там на высокіх дрэвах таксама жылі птушкі. Іх трывожнае "стрыкс-стрыкс" было чуваць на гэтым беразе.
     – Хто там лётае? – спытала Маша.
     – Дразды. Калі яны так трашчаць, гэта азначае, што птушкі абараняюць гняздо, адпужваючы ад яго чужакоў.
     – Тата, глядзі, вунь ляціць варона, а за ёй нясуцца дразды, – сказала Маша, – гледзячы на процілеглы бераг.
     І праўда. Вялікая варона ратавалася ад маленькіх драздоў. Яна была адна, а іх – цэлая чародка.
     – Дразды праганяюць варону ад сваіх гнездзішчаў, – зразумеў тата. – Значыць, яна хацела залезці ў іх гнёзды і выкрасці яйкі.
     – Якая шкодная! – раззлавалася Маша.
     – Вось варона і атрымала, – усміхнуўся тата. – Не так проста выкрасці яйкі з гнёздаў, якія ахоўваюць такія пільныя смельчакі.
     На тым беразе зноў запанавала цішыня. Дзяўчынка назірала, як у люстраной роўнядзі ляснога возера адбіліся цёмныя сілуэты дрэў і блакітнае неба. А ля бяроз, дзе жыла сям'я івалгі, пачуліся гукі, падобныя на незадаволены каціны рыпучы крык.
     – Што гэта? – спытала Маша.
     – Самка івалгі так падзывае самца, – адказаў тата.
     – Як цікава! – здзівілася дачка.
     Але не толькі рыпучыя гукі даносіліся з бяроз, самец івалгі ўмеў вельмі добра пераймаць гукі ўсімі любімага музычнага інструмента – флейты. І такую песню птушынага флейтыста неўзабаве пачулі вандроўнікі.
     А потым Маша пераключылася на рыбалку, таму што ў таты яна "пайшла". Ён выцягваў з вады рыбу – адну за адной. Плотка, акуні, карасі трапляліся на кручок. І вось ён, татаў поспех – вялікі шчупак!
     – Ты ўжо налавіў цэлае вядро рыбы! – здзівілася дачка.
     – А як жа! Я ж заўзяты рыбак, – пахваліў сябе тата.
     Маша села на ровар і паспрабавала аб'ехаць возера. Але дзе там! З правага боку яно разлілося і затапіла луг, а з левай – замінаў абрывісты бераг і густыя зараснікі. Прыйшлося катацца каля таго берага, дзе вудзіў тата.
     Дзікія лебедзі і качкі цураліся людзей і сплывалі далей.
     – Якія палахлівыя, – засмуцілася дзяўчынка пасля няўдалай спробы наблізіцца да птушак.
     Сонца хілілася да заходу. На другім боку возера ля берага прачнуліся жабы. Іх гучнае кваканне заглушала спеў птушак.
     – Усё. Трэба збірацца. Хутка сцямнее, – вырашыў тата.
     Маша была бы рада застацца і нават пераначаваць каля ляснога возера, каб паглядзець у цемры на зоркі, якія адлюструюццся ў ім.
     – Давай развядзём вогнішча і пераначуем тут, – прапанавала яна. – Гэта так цікава!
     – Не, – сказаў як адрэзаў тата. – Па-першае, будзе хвалявацца мама. Па-другое, мне заўтра трэба быць на працы.
     Прыйшлося вандроўнікам прыпыніць свой кароткі нядзельны адпачынак каля ляснога возера і ехаць дахаты, дзе іх чакалі мама, Тарзан і котка з кацянятамі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
3.05.19