Маша и яе чароўны лес(9 частка Ура, канікулы!) (чытае Ліка Пташук)
І вось, нарэшце, да радасці школьнай дзятвары навучальны год закончыўся. Настаўнікі, не забыўшыся раздаць сваім вучням невялікія заданні на лета, а менавіта, у выглядзе спісу кніг для пазакласнага чытання і задач па некаторых прадметах, адпусцілі школьнікаў на летнія канікулы.
Шчаслівая Маша ў добрым настроі, з гадавымі васьмёркамі, дзявяткамі і дзясяткамі ў школьным дзённіку вярталася дахаты. З Наталляй, суседкай па парце, Маша абяцала сазвоньвацца. Тым больш, сяброўка жыла ў бабулінай вёсцы, дзе Маша часта бывала. Зараз да бабулі дабрацца вельмі проста, таму што ў дзяўчынкі з'явіўся добры ровар – падарунак мамы з татам да дня нараджэння."Як добра, цэлае лета будуць канікулы!" – радавалася Маша, весела падскокваючы на слізкай пяшчанай сцежцы і зусім не хвалюючыся аб тым, што яна можа выпацкаць сваю прыгожую школьную форму. Ах! Ну вось, ступіла ў бруд. Апамятаўшыся, школьніца з сур'ёзным выглядам пайшла далей.
І тут з-за кустоў прама на яе выскачыў Тарзан!
– Прывітанне! – здзіўлена ўсклікнула дзяўчынка. – Як ты тут апынуўся?
– Мы былі ў бабулі. Я аднесла ёй лекі і ежу, – Маша пачула голас, а затым убачыла сваю маму, якая выходзіла з-за кустоў услед за сабакам.
У гэтым месцы злучаліся дзве лясныя сцяжынкі. Адна вяла да школы, другая – да вясковых хат, у адной з якіх жыла бабуля. І цяпер ужо па адзінай сцяжынцы мама з дачкой пайшлі далей у кірунку да сваёй лясной хаты.
Тарзан бег наперадзе, а яны ішлі следам за ім, не спяшаючыся, па дарозе размаўляючы пра свае справы. Мама распавяла Машы, што здарылася з бабуляй. Раніцай яна пазваніла маме, бо ёй стала дрэнна з сэрцам. Па парадзе мамы бабуля, не марудзячы, выпіла ўсе патрэбныя лекі. Ёй стала лягчэй. Але мама ўсё роўна вырашыла наведаць бабулю, па дарозе прыкупіўшы для яе лекі і ежу.
– Заўтра я зноў да яе схаджу, – сказала мама. – А ў цябе ўсё добра? Як справы ў школе? – звярнулася яна да дачкі.
– Усё выдатна, мамачка, – супакоіла яе Маша і паказала свой дзённік з добрымі адзнакамі. – А яшчэ мне пахвальную грамату далі.
– Якая ты ў мяне разумніца. Я ганаруся табой, – узрадавалася мама і абняла дачку.
– А заўтра мы з татам паедзем на рыбалку, – паведаміла Маша.
– На возера?
– Так. На роварах.
– Вельмі добра, табе спадабаецца, – усміхнулася мама.
За гутаркай дарога дахаты здалася карацейшай. А там іх ужо чакалі галодныя кацяняты і котка. Тата ўсё яшчэ заставаўся на працы. Сёння ў яго быў адказны дзень – разам з напарнікам ён саджаў дрэвы – будучы лес. Гэтыя маленькія дрэўцы зусім не падобныя на тыя, што высаджваюць людзі на сваіх прысядзібных участках. Гэта не саджанцы фруктовых дрэў, а маленечкія дрэўцы, сасонкі. Яны падобныя на хваёвыя галінкі.
Маша бачыла, як саджаюць малады лес. Аднойчы тата браў яе з сабой. Ён казаў, што гэтыя крошкі-саджанцы добра прыжываюцца і хутка растуць. Імі засаджваюць тыя месцы, дзе лес загінуў па адной з прычын: дрэвы спаліў агонь, іх высеклі, іх папакошваў ураган альбо сапсаваў жук-караед.
Калі сцямнела, прыйшоў з працы тата. Ён памятаў пра дамову з дачкой адправіцца на рыбалку ў выхадны дзень. Сабраўшы ўсе снасці і вуды, перакусіўшы, тата хутка лёг спаць, сказаўшы дачцэ таксама класціся. Раніцой ім трэба будзе ўставаць вельмі рана.
Гэты аповед на рускай мове
1.05.19