Маша и яе чароўны лес(8 частка Апошнія вясновыя дзянькі) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(8 частка Апошнія вясновыя дзянькі) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(8 частка Апошнія вясновыя дзянькі) (чытае Ліка Пташук)
Хутка скончыцца навучальны год, – думала Маша, – і я буду адпачываць цэлае лета". Як і ўсе школьнікі, дзяўчынка, вядома ж, стамілася за доўгую напружаную вучобу. Ёй патрэбен быў адпачынак. Маша старанна вучылася. У яе школьным дзённіку практычна не было дрэнных адзнак. Дзяўчынка вельмі спадзявалася, што атрымае добрыя выніковыя адзнакі за трэці клас, і гэта ўзрадуе не толькі яе, але і маму з татам.      Трэці вясновы месяц, травень, ужо падыходзіў да канца. Чараўніца Вясна збіралася на адпачынак. Гэтая нястомная працаўніца столькі прыгажосці падарыла прыродзе! Яна адагрэла зямлю, расліны, дзякуючы ёй заквітнелі палі, сенажаці, лясы, сады. Вялікі дзякуй ёй за гэта!
     Вось і ў садзе побач з Машынай хатай заквітнелі дрэвы. А на ўсімі любімай чаромсе ўсе галіны атуліліся беласнежнымі кветкамі. Незвычайна прыгожае дрэва так моцна пахла, што ўсе пчолы з лесу гатовыя былі ляцець да яго. А яшчэ кажуць, што пах чаромхі знішчае шкодныя мікробы.
     Восенню мінулага года ў лясных зарасніках Маша адшукала маленькую дзікую яблыньку. Разам з татам яны выкапалі яе і пасадзілі на Сонцы недалёка ад чаромхі. Яблынька добра запомніла той дзень, калі незнаёмая дзяўчынка ўпершыню падышла да яе, пакратала яе пялёсткі і сказала:
     – У цябе пялёсткі такія ж, як у яблынь у нашым садзе. Ты яблынька?
     Дрэўца само не ведала, хто яно. Ніхто ніколі не казаў ёй пра гэта. Яблынька была самотная, вельмі рэдка бачыла Сонейка, таму яе сцяблінка была тонкай і слабенькай. Тое, што потым адбылося, змяніла ўсё далейшае жыццё дрэўца.
     Аднойчы дзяўчынка зноў прыйшла да яе, але ўжо не адна. Тата дзяўчынкі прынёс лапату і акуратна выкапаў яе карані з зямлі, амаль не пашкодзіўшы іх. Затым ён узяў яе ў руку і панёс. Куды? Яблынька яшчэ не ведала.
     Апынуўшыся на Сонейку, пасаджаная ў мяккую зямлю, яблынька спачатку баялася, што не зможа прызвычаіцца да новага месца. Усё сваё невялікае жыццё яна расла ў цені, і нікому да яе не было ніякай справы. Тут жа да яе часта падыходзілі людзі, разглядалі, палівалі карані. Нарэшце, яблынька адчула, што цяпер ёй нашмат лепш. Яна распрасталася, ранкі на яе ствале загаіліся, галінкі хутка адрасталі, лісточкі сталі больш гладчэйшымі, зелянейшымі і буйнейшымі.
     – Я ведаю, – казала Маша, чапаючы тоненькі ствол, – хутка ты зацвіцеш.
     Калі яе яблынька заквітнее, дзяўчынка, вядома, не ведала, але верыла, што праз год ці два гэта абавязкова адбудзецца. Вось толькі спачатку маленькаму дрэўцу трэба трошкі падрасці.
     "Я буду імкнуцца добра расці", – вырашыла яблынька. Ёй самой вельмі хацелася хутчэй убачыць свае першыя кветачкі. Якімі яны будуць, вялікімі альбо маленькімі, не вядома. Суседка чаромха, з якой яна ўжо пазнаёмілася, была абсыпана белымі пахкімі кветачкамі. І яблынька марыла, што ў яе на галінках калі-небудзь распусцяцца менавіта такія ж кветачкі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
30.04.19