Маша и яе чароўны лес(7 частка Бэзавы сад) (чытае Ліка Пташук) - Произведения Татьяны Домарёнок-Кудрявцевой
Маша и яе чароўны лес(7 частка Бэзавы сад) (чытае Ліка Пташук)
Маша и яе чароўны лес(7 частка Бэзавы сад) (чытае Ліка Пташук)
Цёплае і сонечнае надвор'е падабалася Машы. Лес квітнеў, з кожным днём становячыся ўсё прыгажэй і прыгажэй. На палянках, па абочынах пяшчаных дарожак і звілістых сцяжынак вырасталі новыя кветкі, зелянела трава; з набрынялых покавак дрэў і кустоў распускалася маладая лістота. І над усім гэтым вясновым разнаквеццем пырхалі матылькі і стракозы, гулі жучкі і пчолы, раілася машкара.      У траўні лясныя паляны напоўніліся водарамі начных фіялак, званочкоў, незабудак. А самыя пахкія лясныя кветкі, ландышы, сціпла апусціўшы белыя галоўкі, хаваліся пад дрэвамі і кустамі. На лясных узлесках і на сенажацях закрасавалі ярка-жоўтымі і белымі кветкамі лекавыя зёлкі: святаяннік, сухацвет, чыстацел, крываўнік, трыпутнік, падбел. А які далікатны водар у чырвонай канюшыны! Яе нектар прыцягвае насякомых, ім з задавальненнем ласуюцца дзікі, казулі, ласі, вясковыя коні, каровы і козы.
     Маша глядзела на прыгажосць травеньскага лесу і чакала, калі ж адбудзецца яшчэ адно чараўніцтва Вясны. Справа ў тым, што каля яе хаты неўзабаве павінны былі распусціцца яе любімыя кветкі. Белыя, блакітныя, фіялетавыя, ружовыя гронкі бэзу рыхтаваліся зачараваць Машу.
     Вёрткая Сінічка і жвавы Верабей часта прыляталі ў двор, дзе жыла дзяўчынка. Птушачкі скакалі па садзе, разглядаючы ўсё навокал. Верабей цвыркаў, а Сінічка – звінела. Крылатыя сябры цешыліся Сонейку і добраму надвор'ю, ім падабаліся сумесныя шпацыры. І аднойчы ля Машынай хаты яны сустрэлі сям'ю чарнакрылых ластавак. Пералётныя птушкі нядаўна вярнуліся з поўдня і захацелі пасяліцца бліжэй да людзей. Хутка і спрытна яны ляпілі гняздзечка пад падстрэшкам адрыны ў двары.
     – Чык-чырык – падляцеў да іх Верабей. – Штосьці вы так позна прыляцелі? У шпакоў ужо падраслі птушаняты.
     – Нас не пускала непагадзь, – апраўдваліся ластаўкі. – Моцныя сіверы заміналі нам, марозілі крылцы і лапкі. Толькі калі яны зніклі з нашага шляху, мы змаглі дабрацца сюды.
     – Цяпер я разумею, – задуменна цвыркнуў Верабей, – чаму яшчэ не вярнуліся з поўдня стрыжы. Яны такія ж далікатныя, як і вы, баяцца халадоў. Мы ж з Сінічкай нічога не баімся.
     – Вы загартаваныя, – зразумелі ластаўкі. – Затое мы зараз хутка слепім гняздзечка, бо добрай гліны ля берага ляснога возера вельмі шмат. Да восеньскіх халадоў нам трэба паспець выгадаваць птушанят.
     Кусты бэзу, якія яшчэ не паспелі распусціцца, слухалі гэтую гутарку. Яны таксама чакалі, калі добра пацяплее. Кустам трэба было яшчэ больш сагрэцца, толькі тады яны змаглі бы вырашыцца і, нарэшце, выпусціць з пупышак чароўныя махровыя кветачкі, запаўняючы цудоўным водарам увесь сад каля Машынай хаты.
     Аднак замест гэтага падзьмулі прахалодныя вятры, Сонца зайшло за хмары і пайшоў дождж. "Нічога страшнага. Пацерпяць. Яшчэ заквітнеюць, – вырашыла чараўніца Вясна. – Дождж таксама патрэбен прыродзе. Палі і сенажаці засохлі, зямля ператвараецца ў пыл. Без вільгаці загінуць усходы на палях, і людзі ўвосень не збяруць добры ўраджай". І яна не стала праганяць з неба дажджавыя хмары.
     Кветкі на палянках, кусты і дрэвы ніколькі не пакрыўдзіліся такой змене надвор'я. Ім усім вільгаць патрэбна для жыцця. Толькі маленькія птушаняты ў гняздзечках сталі замярзаць. Але іх мамы хутка зразумелі гэта і паспрабавалі сагрэць сваіх дзетак, паўкрываўшы іх цёплымі крылцамі ад халодных дажджавых кропелек. У дуплах вавёрак, соў, лясных галубоў, дзятлаў і іншых кемлімых птушак зусім не здарылася ніякай нязручнасці, бо там цяпло захоўваюць тоўстыя ствалы дрэў.
     Але вясновыя дажджы не доўгія. Ужо праз некалькі дзён ізноў на неба вызірнула Сонца і лес ажыў. Калі аднойчы ў сонечную раніцу Маша выйшла з хаты, яна адчула далікатны тонкі водар.
     – Наш бэз заквітнеў! – зразумела дзяўчынка.
     Яе вочы не маглі наглядзецца на чароўную прыгажосць. Усе гронкі бэзу – блакітныя і фіялетавыя, ружовыя, бардовыя і белыя – заквітнелі за адну цёплую ноч пад прамяністымі позіркамі добрых нябесных зорачак.
     – Якія ж вы прыгожыя! – Маша абышла ўвесь бэзавы сад і ніяк не магла наглядзецца на яго. – Вы проста цуд! – захаплялася дзяўчынка.
     На голас дачкі з хаты выйшлі яе мама і тата. У гэты нядзельны дзень яны былі дома. Цудоўная вясновая раніца ўзняла настрой усёй сям'і. Нават Тарзан і маленькія кацяняты выбеглі ў сад, каб падзяліць нечаканае шчасце разам з усімі.
     Кветкі бэзу яшчэ доўга цешылі Машу. Яна аднесла букет у школу і паставіла ў класе вазу с кветкамі на акно. Далікатны бэзавы водар напоўніў пакой. На ўроку настаўніца, Святлана Ўладзіміраўна, гледзячы на кветкі, прапанавала дзецям пасадзіць кусты бэзу ў іх школьным садзе. Дзеці тут жа пагадзіліся.
     – Я паклічу тату, ён дапаможа ўсё пасадзіць, – прапанавала Маша.
     – І я паклічу, і я, і я, – адгукнуліся яе аднакласнікі.
     Гэта ідэя – пасадзіць і выгадаваць бэзавы сад побач з іх роднай школай – натхніла ўсіх дзяцей. А калі так, бэзавы сад абавязкова расквітнее, і іх мара спраўдзіцца.
     Па дарозе са школы Маша ўсё яшчэ думала пра гэта. "У нашым школьным двары кожны год будзе расквітаць бэзавы сад", – марыла дзяўчынка і ўяўляла пахкія гронкі бэзу пад вокнамі свайго класа. Яна не заўважыла, як падышла да хаты, і раптам інтуітыўна зірнула ўгару на неба, адкуль даносіўся нечы пранізлівы свіст.
     – Чы-ы-ы-ы! Чы-ы-ы-ы!
     "Дык гэта ж стрыжы вярнуліся", – зразумела Маша, разгледзеўшы побач з аблокамі цёмныя маленечкія фігуркі імклівых птушак. Яны кругамі ляталі над лесам і лавілі дробных мошак для сваіх нядаўна нарадзіўшыхся птушанят. Вось толькі гняздзечкі шустрых птушачак Маша не зможа ўбачыць. Яны дзесьці высока-высока на дрэвах у старых дуплах дзятлаў. Вельмі адважныя чарнакрылыя птушачкі любяць вышыню, яны ніколі не садзяцца на зямлю і заўсёды жывуць, так бы мовіць, высока пад аблокамі.
     
      Гэты аповед на рускай мове
25.04.19